Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экс-сяброўка Мэла Гібсана і надалей будзе дапамагаць чарнобыльскім дзецям


Экс-сяброўка Мэла Гібсана, Аксана Грыгор’ева (Чарнуха), якая прыбыла ў Маскву з ЗША, каб даць тут дабрачынны канцэрт, заявіла журналістам, што і надалей будзе аказваць дапамогу хворым беларускім, украінскім і расейскім дзецям, народжаным у так званай чарнобыльскай зоне.

Цягам апошніх трох гадоў вядомая музыкантка і мадэлька актыўна ўдзельнічала ў міжнароднай праграме «Дзіцячае сэрца» і прафінансавала апэрацыі 50-ці хворым чарнобыльскім дзецям.

Мэта праграмы — фінансаваньне выратавальных кардыялягічных апэрацыяў ахвярам Чарнобылю, найперш зь Беларусі і Ўкраіны.

У Беларусі дабрачынны мэдычны праект «Дзіцячае сэрца» ажыцьцяўляецца на базе дзіцячага кардыяцэнтру РНПЦ «Кардыялёгія». Ад 2000 году гэты цэнтар штогод наведваюць вядучыя дзіцячыя кардыяхірургі, якія разам са сваімі беларускімі калегамі робяць найскладанейшыя апэрацыі маленькім пацыентам з прыроджанай паталёгіяй сардэчна-сасудзістай сыстэмы.

«Дзіцячы боль — самы балючы боль для мяне», — сказала Грыгор’ева падчас прэсавай канфэрэнцыі. — «Мне заўсёды хацелася дапамагчы дзецям праз музыку».

Вядома, што сродкі ад канцэрту, зь якім выступіць музыкантка, пойдуць на далейшае фінансаваньне лекаваньня дзяцей зь Беларусі, Украіны і Расеі.

39-гадовая Аксана Грыгор’ева нарадзілася ў расейскім Саранску. Сваё сапраўднае прозьвішча — Чарнуха — атрымала ад бацькі, чый род паходзіць зь Беларусі. Пасьля сканчэньня Казанскай кансэрваторыі па спэцыяльнасьці фартэпіяна пераехала ў Вялікабрытанію, дзе пачала займацца мадэльным бізнэсам. Тады дзеля гучнасьці ўзяла сабе ў якасьці псэўданіму матчына прозьвішча Грыгор’ева.
XS
SM
MD
LG