Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд з-за шклянкі вады


Юры Дарашэнка
Юры Дарашэнка

Сёньня Магілёўскі абласны суд апраўдаў актывіста незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Юр’я Дарашэнку. Сакратарка Кіраўскага раённага суду Кацярына Дзегцярова намагалася прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасьці за нібыта абразьлівыя выказваньні на яе адрас.


16 сакавіка суд Бабруйску не знайшоў пацьверджаньня вінаватасьці Дарашэнкі. З такім рашэньнем не пагадзілася Дзегцярова й зьвярнулася з абскарджаньнем у абласны суд.

Канфлікт між Юр’ем Дарашэнкам і Кацярынай Дзегцяровай адбыўся ў Кіраўскім раённым судзе 21 студзеня. У гэты дзень актывіст бараніў інтарэсы хворай на цукровы дыябэт жанчыны. Падчас перапынку ёй стала кепска й яна папрасіла вады. Дарашэнка ў пошуках вады зайшоў у кабінэт да сакратаркі.

Як сьведчыла на судзе Кацярына Дзегцярова, зайшоў ён да яе бяз стуку. На ягоную просьбу яна адказала, што вады можна ўзяць у прыбіральні, там ёсьць умывальнік. Яго такі адказ не задаволіў. І ён пачаў ёй хаміць. Не дазваляў ёй выйсьці з кабінэту, пашкодзіў на ёй бэйдж. Са слоў іншых супрацоўніц суду, абражаў яе выказваньнямі «дзярэўня», «хамка», «чалавеканенавісьніца».

У сваю чаргу, Юры Дарашэнка заявіў суду, што не абражаў сакратаркі. У кнізе скаргаў і прапаноў ён выклаў сваё меркаваньне адносна паводзінаў супрацоўніцы суду. Там ёсьць выразы «хамскія паводзіны» й «чалавеканенавісьніца». Іншых слоў не казаў. Даводзіў суду Дарашэнка й тое, што пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня міліцыянты склалі з парушэньнямі.

Паводле актывіста, скаргу супраць яго загадала Кацярыне Дзегцяровай напісаць старшыня Кіраўскага суду Надзея Чмара:

«Яна разглядала грамадзянскую справу маёй падабароннай пэнсіянэркі Тацяны Сямёнавай супраць Клічаўскай раённай бальніцы. Справа разглядалася доўга. Гэтай судзьдзі мы неаднойчы выказвалі недавер. Яна не магла сфармуляваць сваю нязгоду з нашым недаверам і адхіляла яго альбо проста ігнаравала. Яна шмат дзе парушыла закон, і мы цяпер будзем яе перасьледаваць празь юстыцыю. Яна гэта ведае, таму перасьледуе мяне. Яна сфальшавала пратакол судовага працэсу. Наш пратэст дагэтуль без адказу. Вось цяпер помсьціць», — цьвердзіць Юры Дарашэнка.

Судзьдзя Мікалай Гладкі сёньня разглядаў скаргу Кацярыны Дзегцяровай каля дзьвюх гадзінаў і пастанавіў адміністрацыйную справу супраць Юр’я Дарашэнкі спыніць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG