Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: “Я ня думаю, што ў Крамлі так лёгка праглынуць тое, што было агучана Лукашэнкам”


Пасланьне Аляксандра Лукашэнкі ўтрымлівае шмат нечаканых і часам парадаксальных пасажаў. Некаторыя зь іх пракамэнтавалі вядомыя беларускія палітолягі, эканамісты, палітыкі.


Сёньня Аляксандар Лукашэнка ўсё ж прызнаўся, што зрынуты прэзыдэнт Кіргізіі Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі. Як гэта паўплывае на беларуска-расейскія стасункі? Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаў такое меркаваньне:

Анатоль Лябедзька
«Гэта ўжо стала „сакрэтам полішынэля“. І Лукашэнка моцна напіраў, што Расея ўжо дайшла да таго, што праслухоўвае яго тэлефоны і зьлівае інфармацыю ў прэсу. Я думаю, што і адказ на пытаньне быў такой „хатняй нарыхтоўкай“. Ну што ж, павінна быць салідарнасьць ня толькі сярод тых, хто хоча будаваць дэмакратыю, а і сярод тых, хто схільны да аўтарытарных мэханізмаў кіраваньня краінай. Тут Лукашэнка пасьлядоўны.

А што тычыцца расейскага фактару, то гэта больш шматслойная праблема. Калі меркаваць па сёньняшнім пасланьні, калі складаць нейкую „шкалу“ зьнешніх ворагаў, то Расея тут фігуруе пад нумарам 1. Я думаю, нам трэба чакаць, што на бліжэйшую пэрспэктыву стасункі паміж Масквой і Менскам застануцца як мінімум напружаныя, а так мы можам стаць сьведкамі нейкіх новых „войнаў“. На гэтым сытуацыя не замарозіцца і ня спыніцца. Я ня думаю, што ў Крамлі зараз так лёгка „праглынуць“ тое, што было агучана Лукашэнкам. Таму што гэта ўжо па-за межамі дыпляматыі».

Лукашэнка абвінавачвае Расею ў прагматычным падыходзе да стасункаў: «Уведзена мыта на нафту. Усё гэта падрывае падмуркі саюзнай дзяржавы. Нас выдушвалі з расійскага рынку». Чаму Лукашэнка даволі рэзка выказваецца пра Расею? Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа:

Андрэй Фёдараў
«Мне падаецца, тут дзьве прычыны. Першая — супярэчнасьці вялікія ў эканамічным супрацоўніцтве. Перш за ўсё, у Мытным саюзе — гэта ўвядзеньне мыта на нафту і нафтапрадукты з боку Расеі. Гэта, безумоўна, істотна падарвала эканоміку нашай краіны. І абяцае падрываць і надалей. А напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў трэба выконваць абяцаньні, дадзеныя раней. Гэта становіцца больш цяжка. І другое — гэта кіргізскія падзеі. Я згодны, што ў Беларусі гэтага ня будзе, проста людзі на гэта ня пойдуць, умовы не насьпелі. Але, мне здаецца, яго бянтэжыць рэакцыя Масквы на гэтыя падзеі кіргізскія. Тое, што яна вельмі хутка прызнала новы ўрад. Ня выключана, што пры тых асабістых адносінах, якія ён сам назваў ня вельмі добрымі, Масква ня будзе нейкім чынам спрыяць каляровай рэвалюцыі, але ёсьць апасеньні, што яна можа не прызнаць вынікі гэтых выбараў».

Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна ацаніў выказваньні экспэртаў на пачатку эканамічнага крызісу з прагнозамі разьвіцьця сытуацыі. Даслоўна ён сказаў так: «Колькі шкоды нанесьлі гэтыя так званыя „вякалы-эканамісты“, апазыцыянэры!»

Гэты пасаж Аляксандра Лукашэнкі эканаміст Леанід Злотнікаў пракамэнтаваў так:

Леанід Злотнікаў
«Эканамісты мелі рацыю. Таму што на самой справе дэвальвацыя ж была! Хаця абяцаў і сам прэзыдэнт, і іншыя афіцыйныя дзяржаўныя асобы, што ня будзе. А потым раптоўна, з 1 студзеня 2009 году быў павышаны курс даляра. Ну што тут сказаць? Калі ня слухаць гэтых „эканамістаў-вякалаў“, будзе яшчэ горш. Гэтыя „вякалы“ хоць даюць факты і аналітыку дзяржаўным эканамістам. І, я думаю, гэта ім дапамагае. Яны чытаюць, ведаюць — значыць, сапраўды дапамагае».

Лукашэнка загадаў дамагчыся ўваходжаньня Беларусі ў трыццатку найлепшых краін сьвету паводле ўмоваў для вядзеньня бізнэсу, выказаўся за спрашчэньне падатковай сыстэмы і нормаў бухгальтарскага ўліку. Ён нават абурыўся, што Беларусь займае апошняе, 183-е месца ў рэйтынгу Сусьветнага банку адносна лёгкасьці сплаты падаткаў: на афармленьне падаткаў у Беларусі трэба 900 гадзін. «Прадпрымальнікі літаральна стогнуць — высокія памеры падаткаў і штрафаў сталі непасільнымі».

Сяргей Балыкін
Камэнтар эканаміста Сяргея Балыкіна:

«Я цалкам згодны са словамі прэзыдэнта і вельмі рады, што ён зьвярнуў на гэта ўвагу. Але ж цікава: хто вінаваты ў такой сытуацыі? Таму што тая палітыка, якую цягам 16 гадоў, з 1994 году, праводзілі Аляксандар Лукашэнка і ягоныя паплечнікі, якраз і прывяла да такога становішча, што наша падатковая сыстэма — самая складаная, самая заблытаная, а гаспадарчае заканадаўства — вельмі супярэчлівае і вельмі недасканалае. Таму і стогнуць прадпрымальнікі, стогнуць і больш буйныя суб’екты гаспадараньня, стогнуць дзяржаўныя прадпрыемствы, стогнуць іх кіраўнікі, стогнуць усе. Толькі Лукашэнка крычыць».
XS
SM
MD
LG