Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Байсалаў: Добра, што нам не давядзецца шукаць Бакіева па лясах і пячорах


Кіраўнік апарату часовага ўраду Кіргізстану Эдзіль Байсалаў заявіў Радыё Свабода, што пасьля расьследаваньня новая кіргіская ўлада запатрабуе, каб Курманбека Бакіева прыцягнулі да адказнасьці "за злачынствы супраць кіргіскага народу".


Радыё Свабода: Алякснадар Лукашэнка, выступаючы сёньня ў Нацыянальным сходзе Беларусі, паведаміў, што Курманбек Бакіеў ад панядзелка знаходзіцца разам зь сям'ёй у Менску. Як вы ацэньваеце гэтую падзею?

Эдзіль Байсалаў: Гэта сувэрэннае права беларускай дзяржавы, народу Беларусі - распараджацца сваёй гасьціннасьцю. Мы зь вялікай
Гэта сувэрэннае права беларускай дзяржавы, народу Беларусі - распараджацца сваёй гасьціннасьцю.
павагай ставімся да братняга народу Беларусі, зь якім кіргіскі народ зьвязваюць тысячы і тысячы жывых сувязяў. Таму мы ўспрымаем рашэньне беларускага кіраўніцтва з разуменьнем.

Радыё Свабода: Ці будзе новая ўлада дамагацца выдачы спадара Бакіева Кіргізстану?

Эдзіль Байсалаў: Так. Рэч у тым, што неабходны пэўны час, каб прайшла нацыянальная працэдура правасудзьдзя, працэс разгляду абставінаў масавых забойстваў і праліцьця крыві на цэнтральнай плошчы Бішкеку, у выніку чаго загінулі 86 нашых грамадзянаў. Мы чакаем, што пройдзе такая нацыянальная працэдура ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Таксама, як вядома, новае кіраўніцтва запатрабавала правядзеньня аб'ектыўнага і бесстароньняга міжнароднага расьсьледаваньня.

Курманбек Бакіеў таксама заявіў пра тое, што ў тым выпадку, калі міжнародная камісія прызнае яго вінаватым, ён гатовы панесьці адказнасьць. Так што – так, настане пэўны момант, калі наша дзяржава зьвернецца да міжнароднай супольнасьці – у тым ліку да ААН і АБСЭ, пад чыёй эгідай былы прэзыдэнт быў вывезены з краіны – з патрабаваньнем, каб яго прыцягнулі да адказнасьці за шматлікія злачынствы супраць кіргіскага народу.


"людзей спэцыяльна, масава, мэтанакіравана вынішчалі"


Радыё Свабода:
Наконт вывазу – ці ня ведаеце Вы, чаму склалася такая сытуацыя, што ніводная з сумежных з Кіргізстанам дзяржаваў не падтрымала сп. Бакіева, не запрапанавала яму прытулку? У чым сэнс гэтага дзіўнага зыгзагу – палёту ў Казахстан, прыляцеў, пасьля адляцеў – чаму?

Эдзіль Байсалаў: Рэч у тым, што нашы найбліжэйшыя суседзі добра ведаюць сытуацыю ў Кіргізстане і яны цудоўна разумеюць боль кіргіскага народу, глыбокую агульнанацыянальную трагедыю, якую мы перажываем апошнімі днямі. У Кіргізстане няма ніводнай сям'і, якую напрасткі не закранула б гэтая гісторыя з праліцьцём крыві.

Тыя людзі, якія, магчыма, да апошняга часу заставаліся прыхільнікамі Курманбека Бакіева, ужо пасьля яго адлёту, калі змаглі азнаёміцца з
Мы прыедзем у цэнтар Эўропы, і дзяржава Беларусь як удзельнік ААН, АБСЭ, СНД, выканае свае абавязаньні ў рамках Менскай канвэнцыі аб выдачы асобаў, падазраваных у крымінальных злачынствах.
дакумэнтальнымі кадрамі, сьведчаньнямі асабістага ўдзелу Бакіева ў такім масавым расстрэле, жорсткім, на паражэньне, калі снайпэры адкрывалі агонь – ня проста, каб “зьбіць” нейкіх хуліганаў, узброеных людзей, якія ўяўлялі сабой пагрозу грамадзтву, яны маглі б страляць па каленях, каб іх спыніць – бальшыня забітых атрымалі раненьне ў галаву або ў сэрца. Іх спэцыяльна, масава, мэтанакіравана вынішчалі. І калі нам кажуць, што гэта была проста абарона Дому ўраду – гэта не зьмяшчаецца ні ў якія рамкі нармальнай цывілізаванай дзяржавы, нават калі ў якасьці прычыны будзе выстаўляцца абарона канстытуцыйнага ладу або асобы прэзыдэнта.

Таму міжнародная супольнасьць, нашы найбліжэйшыя суседзі, і вялікія дзяржавы – Расея, ЗША, Эўразьвяз, наш вялікі сусед Кітайская Народная Рэспубліка – усе тыя, хто прызнаў часовы ўрад – яны азнаёміліся з усімі абставінамі гэтай справы, і ў іх няма ніякіх сумневаў у тым, кім зьяўляецца Курманбек Бакіеў. Бакіеў – крывавы дыктатар, які ня толькі разрабаваў усю краіну, ня толькі піў кроў з і без таго беднага народу, але і спрычыніў масавую гібель людзей. Бо 85 чалавек загінула, а яшчэ тысячы атрымалі раненьні, сотні і сотні людзей дагэтуль ляжаць у шпіталях.

Радыё Свабода: Спадар Лукашэнка або ня мае такіх зьвестак, або прытрымліваецца зусім іншай трактоўкі – ён некалькі разоў паўтарыў, што спадар Бакіеў усё рабіў правільна, ужываючы сілу, маўляў “толькі тая ўлада нечага вартая, якая можа сябе абараніць”. Вы спадзеяцеся яго пераканаць у адваротным?

Эдзіль Байсалаў: Мы ня будзем спрачацца з Аляксандрам Рыгоравічам, мы зь вялікай павагай ставімся да кіраўніцтва братняй Беларусі. Магчыма ў Аляксандра Рыгоравіча не хапае інфармацыі. Але, тым ня менш, мы вельмі радыя, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў межах цывілізаванай эўрапейскай дзяржавы. Мы спадзяемся, што дзяржава Беларусь забясьпечыць Курманбеку Бакіеву ахову і бясьпеку, у тым ліку і з той мэтай, каб – калі настане той час, калі народ Кіргізстану зьвернецца да дзяржавы Беларусі з патрабаваньнем аддаць Бакіева ў рукі правасудзьдзя – нам не давядзецца яго шукаць па афрыканскіх лясах або азіяцкіх пячорах. Мы прыедзем у цэнтар Эўропы, і дзяржава Беларусь як удзельнік ААН, АБСЭ, СНД, выканае свае абавязаньні ў рамках Менскай канвэнцыі аб выдачы асобаў, падазраваных у крымінальных злачынствах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG