Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вульканічнага воблака над Беларусьсю няма


Нацыянальны аэрапорт «Менск».

Нацыянальны аэрапорт «Менск».

Нацыянальны аэрапорт «Менск» і аэрапорт «Менск-1» аднавілі бальшыню авіярэйсаў у краіны Цэнтральнай, Заходняй і Ўсходняй Эўропы, а таксама па іншых кірунках. Няма натоўпаў пасажыраў і на Беларускай чыгунцы. Адмыслоўцы заяўляюць, што вульканічнае воблака над Беларусьсю зараз не вісіць.


На пачатку дня 20 красавіка ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» было адменена тры з дваццаці плянаваных авіярэйсаў у краны Захаду. У параўнаньні з папярэднім днём — на шэсьць менш, паведаміла кіраўніца службы даведак:

«Адправіліся рэйсы: Вена, Масква, Парыж, Стамбул, Кіеў, Тбілісі. Адмененыя рэйсы на Бэрлін, Варшаву і Франкфурт. Гэта самалёты нямецкай, польскай і беларускай авіякампаній. Наступны рэйс таксама плянуецца на Маскву, затым Рыга і Прага — рэгістрацыя яшчэ не пачалася, бо рана. У нас таксама ёсьць рэйс з Абу-Дабі, таксама будзе дадатковы рэйс са Стамбулу — працуем у звычайным рэжыме».

У даведачнай службе Беларускай чыгункі паведамілі, што надзвычайнай сытуацыі ў міжнародных пасажырскіх перавозках таксама няма. Хоць рост попыту на квіткі ў цягнікі заходняга кірунку апошнімі днямі ўсё ж быў, кажа супрацоўніца службы даведкі БЧ:

Ахвочыя ехаць у любым кірунку — усе едуць.
«У нас заўсёды аднолькавы, нібыта, пасажырапаток, але ўсё ж адчуваўся падвышаны попыт на міжнародныя кірункі. Да прыкладу, у Польшчу. Але такога тут няма, каб суткамі стаялі ці што: ахвочыя ехаць у любым кірунку — усе едуць».

У Міністэрстве надзвычайных сытуацый і Беларускім гідрамэтэацэнтры паведамілі, што ніякіх кліматычных зьменаў у навакольлі Беларусі ў зьвязку з вывяржэньнем вулькана ў Ісьляндыі не адбылося. А ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольля паведамілі, што сёньня вульканічнага воблака над Беларусьсю няма. Аднак сытуацыю бліжэйшых дзён таксама прагназаваць цяжка, паведаміла спэцыялістка цэнтру Багдана Казярук:

«Зараз вульканічнага воблака над Беларусьсю няма. Што тычыцца прагнозаў, то траекторыю яго руху разьлічваем ня мы, а такая інфармацыя паступае з адзінага Лёнданскага кансультатыўна-разьліковага цэнтру. Мы спасылаліся на ягоныя разьлікі, а таксама на працу навукоўцаў Інстытуту фізыкі. Мы таксама замяраем канцэнтрацыю мікрачасьцінак на ўзроўні дыханьня чалавека. Пакуль яна не выклікае непакою, бо гэта звычайныя красавіцкія перавышэньні. Яны былі і летась, і сёлета да вывяржэньня. Мы ў горадзе зараз не заўважаем істотнага росту, і ў Бярэзінскім заказьніку таксама, дзе няма ні машын, ні прадпрыемстваў. Ёсьць розныя варыянты разьвіцьця гэтай сытуацыі. Нібыта магутнасьць вулькану аслабла, але хто яго ведае, якая ягоная актыўнасьць і які сюрпрыз нам яшчэ падрыхтуе. Цяжка спрагназаваць».
XS
SM
MD
LG