Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў зьнік


20 красавіка прадстаўнік МЗС Казахстану паведаміў, што К.Бакіеў пакінуў тэрыторыю гэтай краіны. Паводле паведамленьняў некаторых кіргіскіх СМІ, Бакіеў выляцеў з Казахстану яшчэ ў ноч з суботы на нядзелю. Дзе ён знаходзіцца зараз невядома.

Кіраўнік прэсавай службы МЗС Казахстану сказаў Радыё Свабода, што сам Бакіеў папрасіў не паведамляць, куды ён накіраваўся.

Інтэрфакс са спасылкай на пляменьніка Бакіева Замірбека Нуруева паведаміў 19 красавіка, што Бакіеў у хуткім часе будзе ў Кіргізстане, ў горадзе Джалал-Абад, які кантраляююць яго прыхільнікі. Аднак малодшы брат Бакіева Каныбек заявіў РІА-Новости, што “прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў ні сёньня ні заўтра ў рэспубліку не прыедзе”.

Хадзілі чуткі, што Бакіеў накіраваўся ў Дубай. Аднак афіцыйны прадстаўнік ўраду Дубаю заявіў: “У мяне няма такой інфармацыі. Мы ня можам яе ні спраўдзіць ні абвергнуць”

Сёньня амбасадар Беларусі ў Кіргізстане Віктар Дзенісенка сказаў удзельнікам пратэсту перад беларускай амбасадай у Бішкеку, што былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева ў Беларусі няма.

Дзясяткі пікетоўцаў сабраліся перад будынкам амбасады, пратэстуючы супраць нядзельнай заявы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, калі ён выказаў гатовасьць даць Бакіеву зь сям'ёй палітычны прытулак у Беларусі.

Пратэст арганізаваны рухам “7 красавіка”. Лідэр руху Андуруш Тактанасыраў сказаў Радыё Свабода, што ўдзельнікі пікету патрабуюць ад часовага ўраду Кіргізстану падаць афіцыйны пратэст супраць Лукашэнкавай заявы.

Раней сёньня афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстану Аскар Абдрахманаў заявіў: былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў пакінуў тэрыторыю Казахстану.

Прадстаўнік дзяржаўнай казахскай авіякампаніі "Беркут" у Беларусі адмовіўся ад камэнтароў з нагоды вылету з Казахстану самалёта з былым прэзыдэнтам Кіргізстану на борце і маршруту самалёта.

Абдрахманаў не ўдакладніў, калі Бакіеў пакінуў Казахстан і куды ён накіраваўся.

Тым часам прыхільнікі Бакіева паведамілі агенцтву Інтэрфакс, што Бакіеў не складаў паўнамоцтваў і вяртаецца ў Кіргізстан>.

На мінулым тыдні Бакіеў напісаў заяву пра сваю адстаўку з пасады прэзыдэнта Кіргізстану.

У СМІ зьяўлялася супярэчлівая інфармацыя пра тое, дзе знаходзіцца Бакіеў. У розны час паведамлялася, што Бакіеў у Алматы, а таксама пра тое, што ён вылецеў з Казахстану ў Турцыю, Беларусь, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

З Турцыі і Беларусі паступілі паведамленьні са спасылкай на афіцыйныя крыніцы, што Бакіева ў гэтых краінах няма, перадае Інтэрфакс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG