Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновае галасаваньне – па старых правілах


20 красавіка ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах. Яно будзе цягнуцца пяць дзён, аж да 25 красавіка, апошняга дня выбараў. Прычым галасаваць можна будзе нават ня маючы пашпарту.

Датэрміновае галасаваньне пройдзе гэтаксама, як і на папярэдніх мясцовых выбарах. Зьмены ў выбарчым заканадаўстве гэты разьдзел нават не кранулі. Хаця апазыцыя прапаноўвала яго альбо скасаваць цалкам, альбо дазваляць галасаваць толькі тым, хто мае для гэтага дакумэнтальна зафіксаваную падставу, альбо скараціць тэрмін папярэдняга галасаваньня да трох дзён.

"Чаму ўлады ня хочуць нічога мяняць?" – з гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да экспэрта ў галіне выбараў Сяргея Альфэра:

"Датэрміновае галасаваньне можа выкарыстоўвацца для гарантаванай перамогі аднаго выбранага кандыдата ў дэпутаты, зь ліку тых, хто балятуюцца ў канкрэтнай выбарчай акрузе. На мінулых мясцовых выбарах сярэдняя колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі заўчасна, склала каля 25%. І калі ў скрынях замяніць гэтыя бюлетэні на карысьць пэўнага кандыдата, а яўка складзе палову ад агульнай колькасьці выбарцаў у акрузе, то атрымліваецца, што гэты кандыдат ужо перамог. І ня мае ніякага значэньня, як галасавалі людзі непасрэдна ў дзень выбараў".
На мінулых мясцовых выбарах датэрмінова прагаласавалі каля 25 % выбарцаў.

Цэнтравыбаркам прыняў на мінулым тыдні пастанову, паводле якой на мясцовых выбарах могуць прагаласаваць і грамадзяне, якія ня маюць пашпарту. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік падчас пасяджэньня сказаў, што дакумэнтамі, якія могуць замяніць пашпарт, стануць:

"Вайсковы білет, службовае пасьведчаньне дзяржслужачага, пэнсійнае пасьведчаньне, студэнцкі білет, даведка органаў унутраных спраў, якая выдаецца пры страце пашпарту, а таксама від на жыхарства для грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, якія стала пражываюць на тэрыторыі Беларусі".

Сяргей Альфэр лічыць: такі пашыраны сьпіс робіцца зь дзьвюма мэтамі – вывесьці на выбары, як мага больш людзей, і каб было болей магчымасьцяў для злоўжываньняў:

"Насамрэч трэба было б зьмяніць закон і ўвесьці пасьведчаньне выбарцы. Альбо дазволіць галасаваць толькі па трох дакумэнтах: пашпарту, вайсковаму білету альбо даведцы пра тое, што пашпарту няма. І тады можна было б закрыць увесь сумнеў адносна пытаньня: будуць ці ня будуць злоўжываньні."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG