Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальным гістарычным музэі адбылася выстава славутага журналіста, пісьменьніка і фатографа Рышарда Капусьцінскага. Ён нарадзіўся ў Пінску ў 1932 годзе, але ў 1941 годзе сям’я пераехала ў Польшчу. Усё сваё жыцьцё вядомы публіцыст называў сваёй радзімай Беларусь.


На выставе прысутнічалі ўдава Рышарда Капусьцінскага, прадстаўнікі Інстытуту польскага ў Беларусі, Міністэрства культуры, а таксама пісьменьнікі, журналісты і навукоўцы.

На сьценах выставачнай залі разьмясьціліся фотаздымкі Рышарда Капусьцінскага, якія ён рабіў у Азіі, Лацінскай Амэрыцы і Афрыцы.

Некалькі твораў вядомага польскага журналіста перакладзеныя на беларускую мову Алесем Пяткевічам і Аленай Пятровіч — гэта «Імпэратар» і выбраныя творы з кнігі «Падарожжы з Герадотам», «Шахіншах», надрукаваны ў «Дзеяслове». Наведвальнікам выставы прапанавалі вокладкі кніг пісьменьніка.

Удава Рышарда Капусьцінскага спадарыня Аліцыя прыгадала першую паездку мужа ў Пінск:

«Калі ён прыехаў у Пінск, была нядзеля. Ён прыехаў нефармальна, бо быў запрошаны на сустрэчу зь беларускімі журналістамі, і таму яго тут ніхто не чакаў. Ён стаў перад касьцёлам пасьля імшы, на якую прыходзяць палякі, і, калі людзі выходзілі з набажэнства, гучна паведаміў: „Мяне завуць Рышард Капусьцінскі. Хто з вас хадзіў школу, дзе настаўнікам быў мой бацька?“

Адразу сабралася больш за 10 асобаў. Ад тае пары мы маем сяброўскія адносіны, і я дагэтуль кантактую з тымі людзьмі».

Аліцыя Капусьцінская распавяла, што яе муж тады мала што пазнаваў са свайго дзяцінства, але пазнаў свой дом. На ім цяпер шыльда.

Намесьнік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі лічыць гэта адным з крокаў на шляху адкрыцьця імя славутага земляка для беларусаў:
Яго імя павінна стаць вядомым, бо ён адзін са славутых нашых суайчыньнікаў.

«Мы яго адкрылі, але вельмі нядаўна. Тое, што ў 2007 годзе ў Пінску на рашэньне Берасьцейскага аблвыканкаму адкрыта мэмарыяльная дошка, прысьвечаная Рышарду Капусьцінскаму, на доме, у якім ён нарадзіўся, гэта сьведчыць аб прызнаньні і ўшанаваньні гэтага чалавека. Але, сапраўды, ён у нас ня так вядомы, як у Польшчы.

Ён вядомы ня толькі як журналіст, пісьменьнік і фатограф, але й як палітык, бо ён удзельнічаў у „Салідарнасьці“, за што й пацярпеў у свой час і вымушаны быў друкавацца за мяжой. Але нам важна, што ён актыўна супрацоўнічаў з парыскім часопісам „Культура“, які ўзначальваў таксама наш зямляк Ежы Гедройц.

Яго імя павінна стаць вядомым, бо ён адзін са славутых нашых суайчыньнікаў».

Намесьнік дырэктара Інстытуту Польскага Веслаў Раманоўскі вучыўся на сацыялягічным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту, калі пазнаёміўся з творчасьцю Рышарда Капусьцінскага. Ён распавёў, што менавіта гэта падштурхнула яго заняцца журналістыкай:

«У 1985 годзе я запрасіў яго, і ён быў у мяне дома. Я ня ведаў, што ён зь Пінску. Ён пачаў размову з маёй мамай пра вайну і высьветлілася, што самыя яскравыя ўспаміны — гэта як яны хадзілі ў лапцях у школу. Ён спытаў: „А вы адкуль?“, а яна кажа: „Я нарадзілася ў Варчуках Стаўбцоўскага раёну“. „А я ў Пінску!“. Я тады першы раз пачуў пра гэта. Потым пачаў чытаць, што зь Пінску першы прэзыдэнт Ізраілю, шматлікія палкаводцы... Пінск як кузьня кадраў.

Чаму Капусьцінскага ня ведаюць у Беларусі? Праблема ў свабодзе слова. Калі стане магчымым нармальны дыялёг паміж Беларусьсю і Эўропай, калі людзі змогуць абменьвацца думкамі і выказвацца, мець сустрэчы і нармальныя дыскусіі, то стане вядома ня толькі імя Капусьцінскага, але й выхадцы зь Беларусі стануць вядомыя. Трэба толькі адкрыць межы і пачаць па-чалавечы размаўляць са сьветам».

Адзін з наведвальнікаў Анатоль Вялікі падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

«Для мяне гэтае імя было невядомае. Нашы суайчыньнікі зьехалі. Можа й добра, што зьехаў. Ён вядомы паляк, але на сваёй малой радзіме ён беларус. Добра, што імёны вяртаюцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG