Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам замежжа — ад “Бацькаўшчыны” і “Белфільму”


Алег Дашкевіч

Алег Дашкевіч

Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і Міжнародная незалежная асацыяцыя «Белфільм» распачалі прэзэнтацыю дакумэнтальнага кіно для беларусаў замежжа. Мэта праекту — папулярызаваць беларускае дакумэнтальнае кіно ў замежжы.


Пачаткам дабрачыннага супольнага праекту «Бацькаўшчыны» і «Белфільму» сталася прэзэнтацыя дакумэнтальнай стужкі рэжысэра Алега Дашкевіча «Варганы». У стужцы на прыкладзе жыхара вёскі з аднайменнай назвай паказаны лёс усяго беларускага народу ў пэрыяд сталінскага генацыду і гітлераўскай акупацыі. Дыскі зь фільмам «Варганы» «Бацькаўшчына» перадала ў 60 беларускіх суполак у розных краінах сьвету, паведаміла адна з кіраўніц згуртаваньня Ніна Шыдлоўская:

Ніна Шыдлоўская
«Стужкі «Белфільму» — гэта стужкі, зробленыя па-за цэнзурай. Фільм Алега Дашкевіча «Варганы — гэта фільм з шэрагу стужак, якія прэзэнтуюць новае беларускае кіно. Падобных рэчаў вельмі і вельмі не хапае. Бо беларусы ўмеюць добра працаваць, умеюць шмат рабіць і значнага, і карыснага, але ня ўмеюць пра гэта распавесьці іншым, а гэта вельмі важна. Такім чынам мэтай ёсьць папулярызацыя гэтай працы, перайманьне вопыту і дэманстрацыя таго, што пры любых абставінах нельга складаць рукі і варта дзейнічаць на агульную карысьць».

Ніна Шыдлоўская паведаміла, што ў «Бацькаўшчыну» ўжо прыходзяць водгукі ад беларусаў замежжа. Тыя станоўча выказваюцца пра ініцыятыву, а таксама прапаноўваюць зьняць фільмы пра гісторыю і дзейнасьць сваіх арганізацый.

Да прыкладу, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька паведаміў Свабодзе наступнае:

Хведар Нюнька
«Я лічу, што гэта вельмі добрая ідэя. Чым больш кантактаў — тым лепш. Да гэтых кінапраглядаў мы, да прыкладу, можам далучаць студэнтаў ЭГУ. Таму я стаўлюся вельмі пазытыўна: калі б дасылаліся такія фільмы, то мы з ахвотай дэманстравалі б нашым гледачам».

Менавіта ініцыятыва самога спадара Хведара Нюнькі, які ладзіць кінапрагляды і грамадзкія абмеркаваньні кінастужак у Вільні, натхніла распачаць прэзэнтацыю беларускіх дакумэнтальных стужак сярод беларусаў замежжа. У Беларусі такой магчымасьці зараз няма, паведаміў адзін удзельнікаў праекту, старшыня Міжнароднай незалежнай асацыяцыі «Белфільм» Алег Дашкевіч:

«Беларускае дакумэнтальнае кіно — клясны прадукт, пра які мала хто ведае, бо БТ беларускія дакумэнтальныя фільмы не паказвае. У якасьці рэклямы беларускага дакумэнтальнага кіно і беларускіх кінарэжысэраў сярод беларускай сусьветнай супольнасьці — гэта выдатная рэч. Калі гэты мэханізм запрацуе, то шмат што можа зьмяніцца і многія праблемы вырашыцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG