Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Георгія Станкевіча аштрафавалі на 700 тысяч за “Крывінку”


Георгі Станкевіч

Георгі Станкевіч

Самвыдатаўскую газэту «Крывінка» актывіст зь Бешанковіцкага раёну выдае ўжо 5 гадоў. І толькі напярэдадні гэтых выбараў, калі вясковы настаўнік Георгі Станкевіч выказаў жаданьне балятавацца ў райсавет, да яго зьявіліся прэтэнзіі як да распаўсюдніка выданьня.


Судзьдзя Бешанковіцкага райсуду Вольга Белавус прызнала віну спадара Станкевіча, пагадзіўшыся зь міліцэйскім пратаколам, складзеным на яго 8 красавіка.

Тады супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго дахаты і заявілі, што ён ня мае права распаўсюджваць самвыдатаўскую газэту паводле апошніх паправак, унесеных у Закон «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі».

Судзьдзя прызнала Георгія Станкевіча вінаватым згодна з артыкулам 22.9 гэтага закону. Артыкул тычыцца парушэньняў як у распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, так і ў выданьні друкаваных СМІ. Актывіст настойваў, што ў міліцэйскім пратаколе не зафіксавана парушэньняў што да выдавецкай дзейнасьці, і таму лічыць яго вінаватым паводле артыкулу, які рэглямэнтуе сукупнасьць дзеяньняў, немэтазгодна.

У сваім выступе перад судзьдзёй Вольгай Белавус і аднадумцамі, што прыехалі яго падтрымаць зь Віцебску, Георгі Станкевіч казаў так:

«Я прыняў рашэньне быць распаўсюднікам газэты, і маю на тое законныя падставы. Калі закон аб СМІ некарэктны, неадназначны, то гэта праблема яго складальнікаў. Пры магчымасьці разумець норму закону неадназначна, я лічу, што карыстацца ім трэба на карысьць грамадзяніна.
Калі закон аб СМІ некарэктны, неадназначны, то гэта праблема яго складальнікаў.
І ня трэба ствараць прэцэдэнтаў для купкі ўладаў, якая пажадала пакараць Георгія Станкевіча. Такое пакараньне толькі зьнізіць рэйтынг Беларусі ў сьвеце, бо будзе пярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі ў забесьпячэньні палітычных правоў — правоў на свабоду слова. І будзе пярэчыць нормам Канстытуцыі, якія гарантуюць мне, грамадзяніну Беларусі, магчымасьць атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю».

Судзьдзя аргумэнты Георгія Станкевіча да ўвагі не прыняла і пастанавіла пакараць яго штрафам у 20 базавых велічынь. Гэта мінімальны штраф, прадугледжаны згаданым артыкулам. Але 700 тысяч — гэта занадта вялікія грошы да вясковага настаўніка, які да свайго асноўнага працоўнага занятку яшчэ вымушаны трымаць трох кароў, каб утрымліваць сям’ю.

Георгі Станкевіч на ганку суду

Пра тое, як яму даводзіцца выжываць на мяжы галечы, а таксама пра тое, што мясцовых выбараў у Беларусі, па сутнасьці, няма, бо 31 з 34 акругаў у Бешанковіцкім раёне — безальтэрнатыўная, Георгі Станкевіч зьбіраўся сказаць і ў сваім радыёвыступе перад выбарцамі.

Хто — на аўто, а Станкевіч ездзіць на ровары. І патрабуе, каб «раёнка» надрукавала зьвесткі пра прыбыткі праўладных кандыдатаў

Аднак 2 красавіка ён атрымаў папярэджаньне ад раённай выбарчай камісіі за нібыта некарэктныя выказваньні на адрас дзейных дэпутатаў райсавету.Выступ трансьляваць не дазволілі. Спроба аспрэчыць папярэджаньне станоўчага выніку не прынесла: абласная выбарчая камісія таксама прызнала папярэджаньне слушным, нягледзячы на тое, што кандыдата зь Бешанковічаў спрабаваў бараніць прадстаўнік партыі «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка.

Настаўнік нямецкай мовы, незалежны кандыдат Георгі Станкевіч лічыць, што ціск перад выбарамі на яго аказваюць адмыслова, але «здымацца» зь іх не зьбіраецца:

У «Крывінцы» незалежны кандыдат надрукаваў і сваю праграму.
«Людзі ж пойдуць за мяне галасаваць, яны ж ведаюць, што я вылучаюся. Людзям трэба даць магчымасьць выбару, каб той выбар быў. Многія сказалі, што гатовыя за мяне галасаваць, бо добра ведаюць мяне».

Судовую пастанову, вынесеную сёньня ў Бешанковіцкім раённым судзе, Георгі Станкевіч мае намер абскарджваць у абласным судзе Віцебску. Хаця і з гэтым ён прадбачыць пэўныя праблемы: толькі пад пагрозай напісаць скаргу старшыні райсуду судзьдзя Вольга Белавус пагадзілася выдаць яму пастанову ў пісьмовым выглядзе заўтра. Спачатку яна заявіла, што зробіць гэта толькі ў пятніцу, калі на абскарджаньне замест 10 дзён, прадугледжаных па законе, засталося б усяго 6, і зь іх — два выходныя.
XS
SM
MD
LG