Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы дарма ходзіце і агітуеце — даўно ўсё вырашана”


Сёньня Цэнтравыбаркам Беларусі праводзіў так званую генэральную рэпэтыцыю датэрміновага галасаваньня. Участковыя камісіі атрымалі бюлетэні, праверылі лініі сувязі, вывесілі абвесткі, што заўтра доступ да скрыняў галасаваньня будзе дазволены з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзіны.


Тым часам кандыдаты ў дэпутаты працягваюць агітацыйную кампанію. Пра тое, як праходзіць яна ў рэгіёнах, паведамляюць карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Франка Вячорку віталі выбарцы ў Мазыры

Напярэдадні Франак Вячорка прыехаў зь Менску ў Мазыр на сустрэчу з выбарцамі разам зь беларускімі бардамі — Тацьцянай Беланогай, Алесем Чумаковым і Зьмітром Бартосікам.

Кандыдат Вячорка зьвярнуўся да людзей, што прыйшлі на сход:

«Вітаю вас, дарагія жыхары станцыі Мазыр! Гэты канцэрт, я спадзяюся, гэта толькі пачатак. Гэта пачатак пераўтварэньня станцыі Мазыр у найлепшы раён горада Мазыра. Сёньня ніхто ня лічыцца з тым, што тут таксама жывуць людзі. Станцыя Мазыр як бы на ўскраіне, як бы яе й няма».

Па словах кандыдата, мясцовыя ўлады будуюць лядовы палац, забыўшыся на такія мікрараёны, як станцыя Мазыр. Франак выступае за добраўпарадкаваньне мікрараёну, за годныя заробкі й пэнсіі, за вяртаньне чарнобыльскіх ільготаў.

Вячорка: «Я хачу, каб мы ўсе з вамі прыклалі да гэтага намаганьне. Безумоўна, ня факт, што нашы галасы на выбарах падлічаць. Але я ўсё-ткі спадзяюся, што калі мы ўсе разам з вамі прыйдзем 25 красавіка — не 24, не 22 на датэрміновае галасаваньне, — а менавіта 25, і прагаласуем тут за Францішка Вячорку ў раённы савет і Ўладзімера Целепуна ў Гомельскі абласны савет, то так яно й будзе».

«Наша чыноўніцтва не зацікаўлена ў гэтых кандыдатах»

На сустрэчы выступіў са сваёй праграмай і кандыдат у дэпутаты аблсавету ў Палескай выбарчай акрузе № 43, інжынэр-тэхноляг Уладзімер Целяпун.

Падзеі ля ДК здымалі на відэа людзі ў цывільным. Міліцыянты назіралі за мітынгам зводдаль, але з машыны не выходзілі.

Некаторыя асобы «з народу» прабіраліся да мікрафона: відаць, каб унесьці нейкую сумятню ў добра арганізаваную імпрэзу.

Прапаршчык з вайсковай часткі, дзе служыў Франак Вячорка, спрабаваў нават задаць нейкае пытаньне, але толкам ня здолеў. Спытаў толькі: чаму хлопца звольнілі з войска?

Мазырскі пэнсіянэр спадар Уладзімер, які прысутнічаў на сустрэчы, падзяліўся сваімі назіраньнямі:

«Чыноўніцтва не зацікаўлена ў гэтым кандыдаце. Я чытаў праграму Вячоркі, вывешаную ля моста. Яе потым сарвалі, залілі партрэт гэтага Вячоркі. Чынавенства не зацікаўлена — яно больш у сваіх людзях зацікаўлена».

Выступае кандыдат Вячорка
Пэнсіянэр-мазырчук Уладзімер гутарыць з Франкам
Франак Вячорка
Сьпявае Тацяна Беланогая
Мазырчыкі на плошчы
Уладзімер Целяпун і Франак Вячорка

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Лідэр абласной арганізацыі руху «БНФ «Адраджэньне» сыходзіць з выбараў

Зьміцер Салаўёў
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі руху «БНФ «Адраджэньне» Зьміцер Салаўёў спыніў сваю перадвыбарчую кампанію. Зрабіў ён гэта на знак пратэсту супраць выгнаньня арганізацыі з арандаванай сядзібы. Астатнія шасьцёра фронтаўскіх вылучэнцаў працягваюць барацьбу за дэпутацкія месцы.

Адпаведную заяву Зьміцер Салаўёў ужо перадаў у гарадзкую выбарчую камісію. У ёй ён назваў прычыны свайго дэмаршу:

«Арганізацыю руху «БНФ „Адраджэньне“ незаконна пазбавілі офісу, а ён — адзін з асноўных інструмэнтаў кампаніі, бо ў гэтым месцы праводзіліся сходы, плянаваліся стратэгіі. Гэта ёсьць форма ціску на людзей, якія ўдзельнічаюць у выбарах».

Сярод прычынаў актывіст называе таксама адсутнасьць магчымасьці ў апазыцыйных вылучэнцаў зьмяшчаць у гарадзкіх газэтах свае перадвыбарчыя праграмы. Згадвае ён і адсутнасьць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазыцыі.

Сьледам за лідэрам, аднак, не пасыходзілі з выбараў шараговыя вылучэнцы ад Фронту. Яны заяўляюць, што маюць абавязкі перад выбарцамі, якія аддалі ў іх падтрымку свае галасы:

«Я не магу сысьці з дыстанцыі й ня даць бою. Кажу так, як ёсьць. 22 красавіка я буду праводзіць сустрэчу з выбарцамі. А гэта для мяне дужа важна», — зазначае фронтаўскі вылучэнец з Хоцімску Валерый Каранкевіч.

Тацьцяна Анісімава заяўляе пра пагрозы ціску

Тацяна Анісімава
Такой жа пазыцыі трымаецца й фронтаўка з Магілёва Тацяна Анісімава.

«Гэта ягонае рашэньне й ягоны выбар. Я яго падтрымліваю, аднак я буду ўдзельнічаць, нягледзячы на пагрозы. Пайду да канца».

Як сьцьвярджае спадарыня Анісімава, на выходных невядомыя ёй пагражалі праз тэлефон. Абяцалі зь ёй разабрацца, калі яна ня сыдзе з выбараў. Паводле фронтаўкі, сярод жыхароў суседняга дома ёсьць незычліўцы, якім не падабаецца яе актыўнасьць ва ўпарадкаваньні дваровай тэрыторыі.

Сойм грамадзкага аб’яднаньня «БНФ «Адраджэньне», які адбыўся ў нядзелю, на той факт, што абласную структуру фронту пазбавілі сядзібы, адрэагаваў заявай. У ёй фронтаўцы запатрабавалі ад абласнога гаспадарчага суду адмяніць пастанову аб прымусовым высяленьні. Пастанова расцэньваецца як ціск на арганізацыю.

Магілёўскую абласную арганізацыю БНФ «Адраджэньне» прымусова выселілі з арандаванага офісу 15 красавіка. На высяленьні арганізацыі настаяла жыльлёва-камунальнае ўпраўленьне Ленінскага раёну Магілёва.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Выбарчых участкаў — 30, а месцаў для агітацыі толькі 20

У Горадні апазыцыйным кандыдатам забаранілі пікеты, а праўладныя кандыдаты праводзяць агітацыю сярод выбарцаў на працоўным месцы ў працоўны час.

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін кажа, што сёньня яны атрымалі адмову на заяву аб правядзеньні агітацыйных пікетаў.

Істомін: «Адмовілі на той падставе, што ёсьць месцы, выдзеленыя гарвыканкамам для сустрэч з выбарцамі ў заяўным парадку. І, маўляў, у дазваляльным парадку вам сустрэчы забараняем».

Спадар Істомін, аднак, кажа, што ў горадзе ўсяго толькі каля 20 месцаў, дзе можна праводзіць пікеты ў заяўным парадку, а выбарчых участкаў — 30. Таму ён лічыць, што адмова гарвыканкаму незаконная.

За кандыдата ад улады агітуюць падначаленыя

Яшчэ адну скаргу, са слоў спадара Істоміна, яны вымушаны падаць у выбарчую камісію на свайго канкурэнта, загадчыцу паліклінікі.

Істомін: «Ва ўсіх амбуляторыях на акрузе, а таксама ў паліклініцы лекары падчас прыёму пацыентаў вядуць агітацыю за спадарыню Назарачкіну. Мне патэлефанавалі і сказалі пра гэта ўжо чатыры чалавекі. Людзей абурае, што яны вядуць агітацыю на працоўным месцы і ў працоўны час».

У Слоніме кандыдаты ад БХД правялі сустрэчу з выбарцамі ў мясцовым кінатэатры. Барыс Кучынскі, які балятуецца ў раённы і абласны Саветы, граў нават для выбарцаў на саксафоне.

А падчас пікетаў яны зьбіралі подпісы да ўладаў з тым, каб добраўпарадкаваўся горад. Міліцыя, са слоў актывіста Івана Бедкі, спрабавала перашкодзіць гэтаму, сьцьвярджаючы, што гэта робіцца незаконна.

Падводзячы вынікі сваёй працы, Іван Бедка кажа:

Бедка: «Высновы ў мяне такія, як і ў народу: выбараў сапраўдных у нас няма. Усе, хто аддаваў нам свае подпісы, сумняваюцца ў тым, што гэта будуць выбары. Кажуць, што даўно ўжо ўсё прызначана, вы дарма ходзіце, зьбіраеце подпісы, бо ў іх даўно ўсё вырашана».

Арганізаваныя сустрэчы толькі для кандыдата-начальніка

У Астравецкім раёне кандыдат у абласны Савет Мікола Ўласевіч кажа, што, напэўна, сканчае выбарчую агітацыю, бо раздаў усе надрукаваныя ўлёткі. Ніводнай сустрэчы з выбарцамі наладзіць не ўдалося. У выбарчай камісіі, зь яго слоў, сказалі, што гэта ня іх справа.

Тым часам праўладны кандыдат, са слоў Уласевіча, езьдзіць па раёнах і праводзіць арганізаваныя сустрэчы.

ВІЦЕБШЧЫНА


Кандыдатка Вольга Карач атрымала два папярэджаньні

Старшыня абласной арганізацыі АГП Вольга Карач, якая балятуецца ў Віцебскія абласны і гарадзкі саветы, атрымала папярэджаньні ад адпаведных акруговай і тэрытарыяльнай камісіяў.

Першае папярэджаньне кандыдатцы было за тое, што заплянаваная за тры дні сустрэча з выбарцамі раптам супала па месцы і часе правядзеньня з сустрэча й іншага кандыдата, рэктара тэхналягічнага ўнівэрсытэту Валера Башметава. Пра гэта спадарыня Карач даведалася роўна за гадзіну да пачатку, хаця зранку тэлефанавала свайму суперніку, запрашала на сваю сустрэчу і прэтэнзій ад яго не пачула.

Калі кандыдатка прыйшла на агітацыйную пляцоўку ў двары па вуліцы «Праўды», там праходзіў канцэрт студэнцкай самадзейнасьці. Праўладны кандыдат Валер Башметаў выступаць перад выбарцамі ня стаў, і прысутныя чыноўнікі Кастрычніцкай раённай адміністрацыі заявілі, што вінаватая ў тым незалежная кандыдатка:

«Камісія зачытала мне нейкі артыкул пра тое, што я шляхам пагроз, гвалту ды іншых супрацьпраўных дзеяньняў не дала яму выступаць. Але я магу сказаць, што нікому не пагражала і за рукі не хапала. Былі нават нейкія людзі, якія казалі: «Дык выступайце! І вы выступайце, і Карач няхай выступае, у чым праблема?» Але ён паўтараў усё адну фразу: «Я нікому не абавязаны адказваць, і калі мне трэба будзе, то і выступлю».

Другое папярэджаньне кандыдатка атрымала «за подкуп выбарцаў». Так была кваліфікавана раздача жыхарам Віцебску балёнікаў зь лягатыпам кампаніі «Наш дом», якою кіруе Вольга Карач.

Алена Шабуня вымушана агітаваць «чужых» выбарцаў

Алена Шабуня
На сцэне — сябры Алены Шабуні, якія падрыхтавалі пастаноўку
Незалежныя кандыдаты маюць праблемы з агітацыяй: месцы, вызначаныя для сустрэчаў з выбарцамі, не ўваходзяць у іхныя акругі. Актывістка стваранай партыі БХД Алена Шабуня зладзіла канцэрт і выступіла перад гледачамі ў культурна-дзелавым цэнтры «Першамайскі». І хаця ён месьціцца за межамі яе выбарчай акругі, туды прыйшлі прадстаўнікі вэтэранскай ды іншых праўладных арганізацый ды пачалі задаваць кандыдатцы непрыемныя пытаньні:

«Чаго вось я, маці траіх дзетак, іду ў дэпутаты. Не, нават не іду — чаго я лезу ў дэпутаты. Што, маўляў, я змагу там рашаць і калі я дзяцей выхоўваць буду... Ну, я і адказала, што лепей за ўсё дзяцей выхоўваць на ўласным прыкладзе».

Тыя, хто спрабаваў сарваць сустрэчу з кандыдаткай у Віцебскія гарадзкі і абласны саветы Аленай Шабуняй, на спэктакль не засталіся. Яны сышлі, а астатнія выбарцы, хай сабе і «чужыя», засталіся глядзець пастаноўку пра тое, якімі рознымі шляхамі людзі прыходзяць да Бога. Актывістка стваранай БХД лічыць, што спэктакль карысны ў выхаваўчым сэнсе любому сучаснаму чалавеку, незалежна ад таго, у якой выбарчай акрузе ён жыве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG