Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нарвэскі аўтар: "Беларусь была для мяне вельмі таямнічай краінай"


Пэр Андэш Тудаль

Пэр Андэш Тудаль

Напрыканцы мінулага году ў Нарвэгіі выйшла кніжка пад назвай "Fanden på flat mark" ("Праклён над раўнінным краем"), якая зьяўляецца зборнікам эсэ пра Беларусь, гістарычную і сучасную. Зь яе аўтарам, Пэрам Андэшам Тудалем (Per Anders Todal), пагутарыў Ян Максімюк.

Максімюк: Як вам прыйшла ў галаву ідэя напісаць кніжку пра Беларусь?

Тудаль: Хутчэй за ўсё — ад цікаўнасьці. Калі я пачаў працаваць над гэтым праектам, я ня ведаў зашмат пра Беларусь. Беларусь была для мяне вельмі таямнічай краінай, таму што яна паводзіла сябе вельмі адрозна ад іншых усходнеэўрапейскіх краінаў, часта працягваючы камуністычныя падыходы савецкага часу. Таму я вырашыў дасьледаваць гэтую краіну, каб наталіць маю ўласную цікаўнасьць. Мне таксама захацелася данесьці крыху інфармацыі пра гэту малавядомую краіну маім нарвэскім суродзічам.

Максімюк: Як даўно прыйшла вам у галаву гэтая ідэя?

Тудаль: Упершыню ідэя прыйшла мне ў галаву ў 2005 годзе. Тады я пачаў чытаць пра Беларусь. У мяне быў адзін вялікі клопат — я ня ведаю расейскай мовы, а таму я меў праблемы з крыніцамі. Ёсьць некалькі кніжак на швэдзкай мове, Дэйвід Марплз напісаў дзьве кніжкі пра Беларусь па-ангельску, але наогул няма зашмат рэчаў пра Беларусь на заходнеэўрапейскіх мовах. У рамках майго дасьледніцкага праекту я паехаў у Менск, каб падвучыцца расейскай мовы, але я падвучыўся яе не да такой ступені, каб яна стала маёй рабочай мовай. Таму я абапіраўся перад усім на заходнія крыніцы.

Максімюк: Колькі разоў вы былі ў Беларусі?

Тудаль: Тры разы. Два месяцы я вучыўся мовы ў Дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце ў Менску. А потым я быў у Беларусі яшчэ два разы па месяцы часу, падарожнічаючы па краіне.

Максімюк: Ці можаце назваць некалькі канкрэтных тэмаў, якія закранаюцца ў вашай кніжцы?

Тудаль: Мая кніжка — гэта зборнік эсэ. Я закранаў тэмы з гісторыі, палітыкі, культуры, пісаў нават пра прыроду. Бо беларуская прырода — гэта і замкнутая чарнобыльская зона, і першабытны лес Белавескай пушчы, якога няма ні ў якім іншым месцы кантынэнту.

Максімюк: А што з гістарычных тэмаў вы закраналі?

Тудаль: Тэма, якая цікавіла мяне найбольш — гэта наогул вельмі слабая нацыянальная сьвядомасьць беларусаў. Калі мы паглядзім на іншыя краіны ў Эўропе, дык убачым, што там нацыянальная ідэя рэалізавалася даволі пасьпяхова. І гэта падаецца нам нечым натуральным. А ў Беларусі нацыянальная ідэя амаль заўсёды была вельмі слабая. Для мяне было надзвычай павучальна прыгледзецца да чыньнікаў, якія беларускую нацыянальную ідэю рабілі бясьсільнай.

Максімюк: Што, па-вашаму, было галоўнай прычынай таго, што беларуская нацыянальная ідэя была заўсёды такая слабая і бездапаможная? Гэта суседзі вінаватыя, ці нешта іншае?

Тудаль: Я думаю, што адна з самых істотных праблемаў — адсутнасьць выразна асобнай мовы... Гэта значыць, беларуская мова зьяўляецца асобнай мовай, але па-мойму — яна занадта блізкая да расейскай, каб паслужыць сапраўднай пазнакай нацыянальнай ідэнтычнасьці, калі параўнаць беларускую мову, напрыклад, зь літоўскай. Літоўская — зусім непадобная на расейскую. Калі мова сапраўды адрозная, лягчэй адасобіцца ад суседзяў, у гэтым выпадку — ад расейскай звышдзяржавы.

Максімюк: Гэта цікавая заўвага. А як тады вы вытлумачыце сытуацыю, у якой адна з нацыянальных моваў Нарвэгіі — bokmal, або дацка-нарвэская — вельмі-вельмі падобная на дацкую, але самі нарвэжцы ні ў якім разе не адчуваюць сябе датчанамі, а маюць выразна акрэсьленую нарвэскую нацыянальную ідэнтычнасьць?

Тудаль: Людзі з Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, зь якімі я гаварыў у Беларусі, таксама закраналі гэтае моўнае пытаньне, якое вы згадалі, і рабілі параўнаньні паміж дацка-нарвэскай і беларуска-расейскай моўнымі сытуацыямі. Я скажу тут, што Нарвэгія ў гісторыі была незалежным дзяржаўным утварэньнем значна даўжэйшы час, чым Беларусь. Беларусі так не пашанцавала — яна ўвесь час была часткай нейкай значна большай дзяржаўнай структуры. Беларусь ніколі не была самастойнай ажно да 1991 году, калі не лічыць кароткага пэрыяду пасьля Першай сусьветнай вайны.

Максімюк: "Праклён над раўнінным краем", відаць, першая кніжка пра Беларусь, якую напісаў нарвэскі аўтар і якую выдалі ў Нарвэгіі. Як яе ўспрынялі чытачы і аглядальнікі? Ці былі нейкія рэцэнзіі на яе? І якія — прыхільныя ці не?

Тудаль: Я быў вельмі прыемна зьдзіўлены цікаўнасьцю, якую мая кніжка выклікала ў нарвэскіх СМІ. Да гэтай пары ёй было прысьвечана 12 рэцэнзій і аглядаў, а мяне ўжо некалькі разоў запрашалі на нацыянальнае радыё, дзе я распавядаў пра кніжку. Рэцэнзіі былі надзвычай прыхільныя, з чаго я вельмі цешуся.

Максімюк: Я не магу паўстрымацца, каб не задаць вам вось яшчэ такое пытаньне. Вы напісалі сваю кніжку на нованарвэскай мове (nynorsk), якой, скажам так, людзі ў Нарвэгіі карыстаюцца ня вельмі каб ахвотна. Ці ня думаеце, што гэткім чынам вы абмежавалі патэнцыйнае кола чытачоў кніжкі ў параўнаньні з сытуацыяй, калі б кніжка выйшла на дацка-нарвэскай мове? Інакш кажучы, ці нарвэжцы ахвотна чытаюць па-нованарвэску?

Тудаль: Я сказаў бы, што адукаваныя людзі ў Нарвэгіі ня маюць ніякіх праблемаў з чытаньнем па-нованарвэску. Абедзьве нарвэскія мовы — bokmal i nynorsk — вельмі падобныя адна да адной. Прадузятасьць да нованарвэскай мовы існуе перш за ўсё сярод людзей, якія наогул не чытаюць ніякіх кніжак. Так што нованарвэская мова — гэта не замінка для адукаваных чытачоў. А да таго, з увагі на тэму, мая кніжка і так ня мела ніякіх шанцаў стаць масавым бэстсэлерам.

Максімюк: Дзякую за размову.

***

З рэцэнзіі на кніжку "Праклён над раўнінным краем":

Аўтар Пэр Андэш Тудаль працуе журналістам у тыднёвіку "Dag og Tid" з 1997 году; раней ён працаваў рэдактарам у кніжных выдавецтвах. Кніжка "Праклён над раўнінным краем — Гісторыі зь Беларусі" зьяўляецца ягоным дэбютам у ролі пісьменьніка-дакумэнталіста. Дэбют атрымаўся бліскучы.

Аўтар пачынае свой расповед пра Беларусь зь лютага 2007. Ён прыяжджае ў Менск на два месяцы. Але яму спатрэбіцца дзеля гэтага больш чым адзін побыт і больш чым два месяцы. Выразна адчуваецца, што Тудаль прыехаў у гэтую краіну, каб добра спазнаць яе людзей, культуру, гісторыю. І яму ўдаецца захапіць чытача падарожжам празь сёньняшні дзень і недалёкае мінулае гэтай краіны. Праз свае вандроўкі, сустрэчы і роздумы Тудаль паказвае гісторыю краіны непасрэдна і жыва. (...)

Кніга складаецца з 26 разьдзелаў, якія датычаць розных тэмаў. Але ў кніжцы ўсё зьвязана з усёй плыньню апавяданьня. Аўтар піша пра свае сустрэчы зь мясцовай бюракратыяй, з замежнымі альфонсамі і мясцовымі аматарамі прозы Гамсуна. Ён апісвае моўныя праблемы, якія існуюць на сутыку расейскай і беларускай моваў. І ён апісвае краіну, у якой большасьць маладых людзей жадае выехаць за мяжу. Ды піша таксама пра маладых людзей, якія хочуць застацца і вераць ў будучыню сваёй краіны.

Tудаль дае чытачу ўяўленьне пра архітэктуру краіны, яе помнікі і гераізм падчас вайны. Tудаль наведвае лясныя масівы, у якіх Сталін забіў тысячы беларусаў, а нацысты зьнішчылі тысячы габрэяў. Ён распавядае пра беларусаў, якія працавалі на нацысцкую Нямеччыну падчас вайны, а пасьля вайны пазьбеглі крымінальнага перасьледу, пайшоўшы працаваць на заходнія выведкі. Ён таксама распавядае пра Беларусь, якая была амаль зусім разбураная падчас Другой сусьветнай вайны і страціла амаль траціну свайго насельніцтва. (...)

Тар’ей Шырбэк (Tarjei Skirbekk)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG