Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гібель прэзыдэнта Качыньскага, рэха кіргіскіх падзеяў і ціхія выбары


Загадкі прамовы Аляксандра Лукашэнкі на Гомельшчыне. -Гібель прэзыдэнта Качыньскага: чаму ў Беларусі не была абвешчаная жалоба? - Беларускае рэха кіргіскіх падзеяў: ці варта ўладзе баяцца расейскай змовы? - Ціхія выбары: за два тыдні да галасаваньня.



Ціхановіч: Ізноў Катынь стала месцам жахлівай польскай трагедыі. У авіякатастрофе загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і 96 іншых высокіх прадстаўнікоў Польшчы, ваенныя кіраўнікі, біскупы, парлямэнтары, грамадзкія дзеячы.

Змрочныя сымбалі польскай гісторыі – польскі прэзыдэнт загінуў, калі ляцеў ушанаваць памяць польскіх афіцэраў, расстраляных на загад Сталіна ў Катынскім лесе.

Дарэчы, у 1943 годзе, неўзабаве пасьля таго, як сьвет даведаўся пра Катынскі расстрэл, кіраўнік польскага ўраду ў выгнаньні Ўладзіслаў Сікорскі загінуў таксама ў авіякатастрофе.

Польшча ў смутку і жалобе. Смуткуе і Беларусь. Зь першых жа гадзінаў, як стала вядома пра трагедыю пад Смаленскам, да польскай амбасады ў Менску і кансуляту ў Горадні пайшлі дзясяткі беларусаў – з кветкамі, зьнічамі, словамі спачуваньня.

З прычыны гібелі прэзыдэнта Польшчы і дзясяткаў прадстаўнікоў нацыянальнай эліты шмат краін сьвету абвясьцілі жалобу: установы Эўразьвязу ў Брусэлі, Расея, на тэрыторыі якой здарылася гэтая трагедыя, суседнія з Польшчай Літва і Ўкраіна, нават далёкая Бразылія. Але ў гэтым сьпісе не аказалася адзінай бліжэйшай суседкі Польшчы, краіны, зьвязанай з Польшчай стагодзьдзямі супольнай гісторыі – Беларусі.

Пры гэтым варта адзначыць, што адразу пасьля самой трагедыі беларускія ўлады апэратыўна арганізавалі транспартны і візавы транзыт сваякоў загіблых праз Віцебскі аэрапорт. Аляксандар Лукашэнка накіраваў у Польшчу спачуваньні. Але жалоба абвешчаная не была, прынамсі, не была абвешчаная адразу, калі яе абвясьцілі іншыя краіны. Чаму? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да аглядальніка нашага радыё Валера Карбалевіча.

Карбалевіч: Тут ёсьць некалькі прычынаў. Адна з іх на паверхні: беларуска-польскія дачыненьні апошнім часам сапсаваныя, канфлікт вакол Саюзу палякаў, польскія мэдыі, польскія палітыкі вельмі крытычна камэнтавалі сытуацыю ў Беларусі. Польскія палітыкі зьвярнуліся да Эўразьвязу. Зразумела, што гэта выклікала вялікае незадавальненьне ў Беларусі. Беларускія дзяржаўныя мэдыі ўзгадалі ўсе былыя гістарычныя крыўды палякаў супраць беларусаў. Але мне падаецца, што гэта прычына павярхоўная. Ёсьць больш глыбокія прычыны, якія прывялі да такой сытуацыі.

Хачу зьвярнуць увагу, што падобным чынам паводзілі сябе беларускія ўлады і калі адбыліся жахлівыя падзеі ў ЗША 11 верасьня 2001 году. І на расійскія тэракты і жалобу Беларусь практычна ніяк не рэагуе. Гэта нейкім чынам дэманстрацыя беларускай незалежнасьці.
Беларуская эліта застаецца правінцыйнай.
Мы, маўляў, незалежныя і ад Расеі, і ад Захаду. І гэтая дэманстрацыя часта адбываецца ў эпатажным выглядзе, што было ўжо ня раз. Затым гэта ёсьць выражэньнем беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі. Беларуская дзяржаўная ідэалёгія заснаваная на тым самым ідэалягічным фундамэнце, як і Савецкі Саюз, фундамэнце сацыяльнага аптымізму. То бок беларускія дзяржаўныя мэдыі ўвесь час даводзяць, што ва ўсім сьвеце адбываюцца нейкія катастрофы, землятрусы, тэхнагенныя аварыі, страйкі, дэманстрацыі, а ў Беларусі цішыня і спакой. І абвяшчэньне жалобы ў Беларусі ў зьвязку з гібельлю прэзыдэнта суседняй дзяржавы неяк ня ўпісваецца ў гэтую ідэалягічную канцэпцыю.

Выглядае гэта як самая звычайная самаізаляцыя ад тых тэндэнцый, якія ідуць у сьвеце. Гэта такая дзяржаўная філязофія, якая ня ўпісваецца ў філязофію XXI стагодзьдзя, якая заснавана на тым, што гістарычныя лёсы глябальнага сьвету супадаюць, што чужога гора не бывае. Гэтая спроба самаізаляцыі, спроба заявіць, што мая хата з краю, выпадае з агульнага эўрапейскага кантэксту, з кантэксту агульнаэўрапейскай цывілізацыі, мэнтальнасьці, сьветапогляду. Гэта спроба стварэньня закрытага грамадзтва: закрыцца ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў сьвеце. І хаця дзяржаўныя асобы заўжды заяўляюць, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, яе ізаляваць немагчыма, але фактычна мы назіраем у зьвязку з гэтымі падзеямі самаізаляцыю, найперш маральную. Гэта такі местачковы погляд на сьвет, гэты беларускі правінцыйны погляд дэманструе, што беларуская эліта застаецца правінцыйнай.

Ціхановіч: Падчас візыту ў Гомельскую вобласьць кіраўнік Беларусі ўзгадаў тэму гібелі прэзыдэнта Польшчы наступным чынам:

"Мы вельмі шкадуем. Гэта трагедыя. Загінуў ня толькі прэзыдэнт, амаль 100 чалавек, у тым ліку кіраўнікі - гэта кіраўнікі прыязнага, вельмі блізкага нам народу. Вядома, гэта трагедыя не магла не адгукнуцца ў нашых сэрцах. Паслухаем, што скажа камісія, і вы ўбачыце, што ўсё было нармальна з тэхнікай. Тут было няправільнае рашэньне галоўнага чалавека. Зразумела, хто нясе за гэта адказнасьць. Вінаваты, не вінаваты, ты першы чалавек, ты нясеш за гэта адказнасьць. І мы, прэзыдэнты, павінны разумець і тое, што ў самалёце сядзіць яшчэ сотня чалавек, у якіх ёсьць сем'і".

Юры, на ваш погляд, у чым была прычына, ў чым сэнс такіх высноваў?

Дракахруст: Ну гэта той выпадак, калі чалавек не скарыстаў выдатную магчымасьць прамаўчаць. Ну не хацелася абвяшчаць жалобу, не хацелася ехаць на пахаваньне, туды, дарэчы, едуць і прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, і прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, а ад Беларусі – старшыня Савету Рэспублікі Барыс Батура. Ну дык калі Беларусі гэтая справа зусім ня тычыцца, такая для яе далёкая, ну дык і можна было абмежавацца словамі спачуваньня.
Лукашэнка не скарыстаў выдатную магчымасьць прамаўчаць.
І пачаў жа – паслухаем, што скажа камісія... І што перашкаджала паставіць тут кропку? І сапраўды дачакацца высноваў. Але панесла. Гэта ж выдатны экспэрт, трэба ж было падзяліцца досьведам, прыгадаць свой гераічны палёт у Белград. Ну расейскія кіраўнікі, хаця безумоўна маюць больш інфармацыі пра абставіны трагедыі, ды і вэрсіі ўсялякія лунаюць, але ж неяк устрымліваюцца ад таго, каб вінаваціць у трагедыі загіблага прэзыдэнта. Дарэчы, нават калі Лукашэнка фактычна і мае рацыю: ёсьць час, калі цела таго, каго ён абвінавачвае, яшчэ не пахавалі, і ёсьць пасада таго, хто гэта гаворыць – не экспэрт, не журналіст, а кіраўнік суседняй дзяржавы.

Тут пяройдзеныя межы ня толькі дзяржаўнага, прэзыдэнцкага этыкету, але і простай чалавечай прыстойнасьці.

Ціхановіч: Ян, а як у Польшчы ўспрымаюць і тое, што Беларусь – адзіная з суседзяў Польшчы, якая не абвясьціла жалобу, і так бы мовіць «экспэртныя» заключэньні Аляксандра Лукашэнкі наконт абставінаў трагедыі, агучаныя ў сераду на Гомельшчыне? Як гэта можа адбіцца на двухбаковых адносінах?

Максімюк: Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што адказным за катастрофу пад Смаленскам зьяўляецца польскі прэзыдэнт, было адзначанае польскімі СМІ. Гэта адна, так бы мовіць, з вэрсій, якія актыўна абмяркоўваюцца ў польскім інтэрнэце на розных інфармацыйных форумах, дзе зьяўляецца інфармацыя пра абставіны гэтай трагічнай катастрофы, а яна зьяўляецца практычна паўсюды. Польскія афіцыйныя асобы ды экспэрты ўстрымоўваюцца ад выказваньня меркаваньняў наконт прычынаў няшчасьця, і гэта зразумела. У краіне – 12-дзённая нацыянальная жалоба, і ідуць падрыхтаваньні да пахаваньня ахвяраў катастрофы. І ўсе чакаюць заключэньня экспэртнай камісіі ў справе катастрофы.

Што тычыцца рэакцыі звычайных беларусаў на катастрофу, дык у Польшчы было заўважана і адзначана, што беларусы прыйшлі тлумна пад польскую амбасаду ў Менску і кансулят у Горадні з кветкамі і словамі спачуваньня польскаму народу. На гэтым тле, зразумела, было таксама заўважана, што Беларусь зьяўляецца адзінай суседкай Польшчы, якая не абвясьціла жалобу з нагоды вялікай трагедыі польскага народу. Але, што таксама зразумела, ніхто з афіцыйных асобаў гэтага не камэнтуе. Разумееце, гэта ня ўпісваецца ні ў польскую, ні ў якую-небудзь іншую мэнтальнасьць — папракаць кагосьці за тое, што ён не аказвае нам спачуваньня або аказвае яго не такім чынам, як нам хацелася б.

Ціхановіч: На ваш погляд, ці адбудуцца зьмены ў польскай палітыцы адносна Беларусі ў сувязі з гібельлю прэзыдэнта Качыньскага? Ён вызначаўся даволі жорсткай, бескампраміснай пазыцыяй адносна беларускай улады, публічна жорстка крытыкаваў яе, варта прыгадаць, што за час усяго кіраваньня Леха Качыньскага не адбылося яго сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам, беларускі кіраўнік ня быў запрошаны ў Польшчу. У той жа час падчас выбарчай кампаніі 2006 году польскі прэзыдэнт быў хіба не адзіным кіраўніком замежнай дзяржавы, які публічна пажадаў перамогі Аляксандру Мілінкевічу. Ці зьменіцца сытуацыя, ці зьменяцца двухбаковыя стасункі зараз?

Максімюк: Я рызыкну сказаць, што істотных зьменаў у польска-беларускіх дачыненьнях ня варта чакаць у гэтым годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, якія, хутчэй за ўсё, адбудуцца 20 чэрвеня. Магчыма, зьмены будуць у наступным годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, у залежнасьці ад таго, якім чынам пройдуць гэтыя выбары.

Але з нагоды гэтай польскай трагедыі нельга не адзначыць, што яна, у сэнсе пацяпленьня афіцыйных польска-беларускіх адносінаў, была недаравальна змарнаваная. Адносіны польска-расейскія нашмат больш напружаныя, чым польска-беларускія, але гэтая трагедыя пад Смаленскам дала Варшаве і Маскве магчымасьць зрабіць істотныя крокі насустрач, і некаторыя камэнтатары ў Польшчы выказваюць надзею, што вось гэтыя сьмерці ў катастрофе могуць азначаць пералом у стасунках Расеі з Польшчай.

А вось Аляксандра Лукашэнкі ня будзе на пахаваньні прэзыдэнта Леха Качыньскага. Беларусь на момант, калі мы запісваем гэтую праграму, не абвясьціла афіцыйнай жалобы. Я лічу, што гэта яшчэ адзін змарнаваны шанец для Беларусі паказаць сваю, так бы мовіць, прыналежнасьць да эўрапейскага кантэксту і наогул да эўрапейскай палітычнай культуры.

Дракахруст: Мне здаецца, што да прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, якія могуць прайсьці і датэрмінова – летам, а ня восеньню, ніякіх зьменаў у стасунках не адбудзецца. Пасьля – у пэўнай ступені залежыць ад таго, хто стане новым прэзыдэнтам Польшчы.
Паводзіны афіцыйнага Менску выглядаюць дзіка.
Хаця ў пэўнай ступені і не залежыць. Справа саюзу палякаў на чале з Борыс – непад’ёмны камень для Варшавы для паляпшэньня адносінаў з Менскам. Цяперашняе нежаданьне абвяшчаць жалобу, «экспэртныя» шчыраваньні на Гомельшчыне – таксама дэманстрацыя стаўленьня беларускіх уладаў і не да польскіх правых, і не да памяці загіблага прэзыдэнта нават, а да Польшчы як такой. Да таго ж цяпер наагул стасункі Беларусі з Эўразьвязам перажываюць не найлепшы пэрыяд. У Польшчы няма ніякіх рэзонаў бегчы наперадзе эўрапейскага цягніка ў пытаньні пацяпленьня стасункаў з афіцыйным Менскам.

Мне здаецца, што больш важным чыньнікам можа стаць пацяпленьне стасункаў паміж Масквой і Варшавай. Паказьнікам гэтага стала і ўшанаваньне памяці забітых у Катыні прэм'ерамі Расеі і Польшчы Пуціным і Тускам, дэманстрацыя фільма “Катынь” па расейскім тэлебачаньні. Нарэшце, і візыт прэзыдэнта Польшчы, які скончыўся гэтак трагічна, таксама палягаў у рэчышчы паляпшэньня двухбаковых адносінаў. Можа гэта гучыць і не зусім дарэчна, але мяркую, што гэтаму паляпшэньню будуць спрыяць і годныя паводзіны Расеі пасьля гібелі прэзыдэнта Качыньскага, на тле якіх паводзіны афіцыйнага Менску выглядаюць асабліва дзіка. А добрыя адносіны паміж двума вялікімі суседзямі, і вялікімі мэнтальнымі магнітамі Беларусі – Польшчай і Расеяй – гэта кепская навіна для афіцыйнага Менску, які так любіў гуляць на іх супярэчнасьцях і фобіях.



Ціхановіч: Якім будзе беларускае рэха кіргіскіх падзеяў?

Падчас той самай паездкі на Гомельшчыну Аляксандар Лукашэнка заявіў, што тыя падзеі - «антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот».

"Я лічу, што палітыка, па-першае, амэрыканцаў, а па-другое, расейцаў у дачыненьні да гэтых падзей вельмі дрэнная і недальнабачная. Яны павінны былі заявіць аб непрымальнасьці такіх дзеяньняў кіргіскай апазыцыі".

Лукашэнка прымерыў кіргіскі досьвед да Беларусі:

"Калі б такое адбывалася ў маёй краіне і нехта павёў бы людзей пад кулі - мала нікому не здалося б. І няма чаго папракаць Бакіева за тое, што ўлада ўжыла сілу, абараняючы сябе. Бо калі ўлада ня можа абараніць сябе і свой народ, то што гэта за ўлада?.."

І яшчэ адно выказваньне кіраўніка Беларусі:

"Што датычыцца пытаньня, хто за гэтым стаіць, то каб адказаць на яго, трэба ведаць. У мяне няма пакуль такой дакладнай інфармацыі, але яна з цягам часу выплыве"

Дзіўна, што Аляксандар Лукашэнка чагосьці ня ведае. Але варта адзначыць, што існуе даволі распаўсюджаная вэрсія, што Масква ня толькі падтрымала выгадны ёй паварот, але і прыклала сваю руку да гэтага павароту. Наколькі гэта адпавядае рэальнасьці? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да аглядальніка расейскай службы нашага радыё Андрэя Шарага.

Шары: Большасьць сур'ёзных назіральнікаў у Маскве ня лічаць такія страхі абгрунтаванымі. Як лічаць незалежныя экспэрты, Масква ў апошнія гады навучаная тым, што было падчас "аранжавай рэвалюцыі " ва Ўкраіне, зрабіўшы высновы са сваіх адносінаў з Грузіяй, перагледзела сваю палітыку ў тым, што тычыцца рэспублік былога СССР.
Ня думаю, што магчымае зьяўленьне батальёнаў расейскага спэцназу пад Горадняй ці Менскам.
Ня думаю, што апошнія падзеі ў Бішкеку ў нейкай ступені інсьпіраваныя Крамлём. Прэзыдэнт Бакіеў не зусім задавальняў расейскае кіраўніцтва. Пра гэта сьведчыць тое, што новыя ўлады былі адразу прынятыя і прызнаныя Масквой. Але справа ў тым, што Кіргізстану і Бішкеку патрэбныя Расея і Масква ў значна большай ступені, чым Крамлю патрэбны Бішкек. У Расеі цяпер, у апошнія месяцы дзякуючы прэзыдэнту Мядзьведзеву крыху іншы імідж – імідж краіны, якая імкнецца засноўваць сваю палітыку на больш тонкім уліку сытуацыі ў суседніх краінах. Кіргіская ўлада аказалася слабой, і каб яна абрынулася, не было патрэбнае зьнешняе ўзьдзеяньне. Кіргізстан цікавы Расеі і ў той сувязі, што там знаходзіцца амэрыканская ваенная база, ёсьць там і расейская база. Гэта краіна, якая адыгрывае ролю балянсіра ў Цэнтральнай Азіі.

Што да сцэнару непасрэднага ўмяшаньня Масквы ў беларускія справы, то падаецца, што гэтыя заявы служаць для таго, каб там "напагатове" былі тыя, хто адказвае за нацыянальную бясьпеку Беларусі. У Масквы дастаткова вагароў, каб ускосна ўплываць на сытуацыю ў суседніх краінах. Сытуацыя ва Ўкраіне пацьвердзіла, што Расея гэтыя вагары ўмее выкарыстоўваць. Таму я ня думаю, што магчымае зьяўленьне батальёнаў расейскага спэцназу пад Горадняй ці Менскам.

Ціхановіч: І ўсё ж пытаньне застаецца: як можа паўплываць кіргіскі пераварот ці кіргіская рэвалюцыя на палітычны працэс ў Беларусі, якія высновы могуць зрабіць і зробяць з гэтага ўлады і апазыцыя, асабліва ў год прэзыдэнцкіх выбараў?

Максімюк: Улада, гэта значыць Аляксандар Лукашэнка, ужо зрабіла свае высновы. Так сказаць, ня суйцеся на вуліцу, бо мала не падасца. Паказальна менавіта, што якраз з кіргіскіх падзеяў, а ня з польскіх, беларускі прэзыдэнт зрабіў імгненныя высновы, ацэньваючы іх інакш чым Масква і, як здаецца, адчуваючы ў іх магчымасьць сцэнару, які можа ў будучыні датычыць і Беларусі, і яго асабіста. А таму ён выдаў завуаляванае папярэджаньне для ўсіх — мы таксама страляць умеем.

Тое, што можа турбаваць беларускага прэзыдэнта наймацней, гэта факт, што па сутнасьці ў Кіргізстане на вуліцу выйшаў сам народ, без апазыцыі, бо тая ўся сядзела ў турмах. І галоўная прычына гэтага стыхійнага пратэсту, як падаецца, была эканамічная, а не палітычная.

Ціхановіч: Падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пэўным ідэйным фонам ці ўзорам былі нядаўнія ад іх “каляровыя рэвалюцыі”: у 2006 годзе – украінская “аранжавая” рэвалюцыя, у 2001 годзе – сэрбская рэвалюцыя 2000 году. Ці адыграе на выбарах 2011 году такую самую ролю кіргіская рэвалюцыя – ці як узор, ці як вобраз пагрозы?

Дракахруст: Ня думаю, што кіргіскі досьвед будзе натхняльным для беларускай апазыцыі. Па-першае, усё ж вялікая культурная дыстанцыя – іншы сьвет.
“Калі ўлада слабая – кроў, пагромы, забурэньні...”
Па-другое, досьвед занадта ўжо крывавы, неяк не выпадае такім натхняцца. Не выключаю, што хутчэй улада будзе скарыстоўваць прыклад другой кіргіскай рэвалюцыі ў якасьці кіраўніцтва да дзеяньняў сілавым структурам: дасі слабіну, дазволіш хоць нехта, будзе як у Бішкеку. Гэта вельмі арганічна ўпісваецца ў паводзіны беларускіх уладаў у апошнія месяцы. Ну а для народу будзе карцінка: вось што здараецца, калі ўлада слабая – кроў, пагромы, забурэньні. Нарэшце, пытаньне пра ролю Масквы ў кіргіскіх падзеях даволі складанае. Аб’ектыўна. Але суб’ектыўна трэба ўлічваць палітычную філязофію кіраўніка Беларусі. Вы, Алена, цытавалі яго словы – пакуль невядома, хто за гэтым стаіць, але гэта выплыве. Таму не выключаю, што зараз мы будзем назіраць патаемны ці нават адкрыты пошук “агентаў Масквы” ў Беларусі. Ужо, дарэчы, парачку знайшлі – ў той самай прамове Лукашэнка распавёў, што незалежныя журналісты, у якіх нядаўна рабіліся ператрусы, працавалі ня толькі на Захад, але і на Расею.

Ціхановіч: Ну, здаецца, падчас выступу ў Гомельскай вобласьці Лукашэнка шмат разоў згадваў Расею.

Дракахруст: Так, прычым «добрым ціхім словам»: цісьне на Беларусь, разам з Амэрыкай, непрыстойна прызнала новыя кіргіскія ўлады, ізноў жа разам з Амэрыкай, спрабуе забраць у Беларусі яе запасы ўзбагачанага ўрану, ну і мыта на нафту, абмежаваньні ў допуску на расейскі рынак – ну гэта ўжо дзяжурнае. Таксама была выказаная вялікая крыўда, што Беларусь не запрасілі на саміт па нераспаўсюдзе ядзернай зброі ў ЗША. Крыўда і на Захад “ні амэрыканцам, ні ў цэлым Захаду давяраць нельга”, і на Расею “калі б Расея, Казахстан і іншыя дзяржавы СНД былі сапраўды надзейнымі сябрамі, яны б жорстка паставілі пытаньне: Беларусь – гэта наша і яна павінна быць на саміце, і нікуды б амэрыканцы ня дзеліся" .



Ціхановіч: Да выбараў застаўся ўсяго адзін тыдзень. 20 красавіка, ў аўторак ужо пачнецца датэрміновае галасаваньне.

Нагадаю, што на 21 тысячу дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць прыблізна 25 тысяч кандыдатаў, зь іх прыкладна 400 чалавек – ад апазыцыі.

На мінулым тыдні 13 апазыцыйных партый, сярод якіх БНФ, АГП, “Справядлівы сьвет” прынялі супольную заяву, у якой гаворыцца:

"Выбараў у Рэспубліцы Беларусь па-ранейшаму няма. І, значыць, няма падставаў для прызнаньня цяперашняй выбарчай кампаніі адпаведнай стандартам свабодных і справядлівых выбараў. Вынікі, якія ўлада абвесьціць пасьля дня выбараў 25 красавіка 2010 году, ня могуць лічыцца адлюстраваньнем волі беларускіх выбарцаў".

Партыі аргумэнтуюць гэта тым, што апазыцыя амаль не прадстаўленая ў выбарчых камісіях, а таксама кампаніяй запалохваньня і шантажу кандыдатаў і чальцоў іх камандаў.

Якое палітычнае значэньне мае гэтыя заявы, якія палітычныя наступствы можа мець?

Максімюк: Ведаеце, большасьць з таго, што адбываецца ў цяперашняй выбарчай кампаніі, паказвае, што гэтая заява можа аказацца зусім праўдзівай, то бок, што ніякіх справядлівых выбараў не адбудзецца, а будзе тое, што было раней.
Мець рацыю не азначае аўтаматычна мець уладу.
Але нам зь Юрам ужо ня раз прыходзілася пры нагодзе выбараў у Беларусі пытацца — ну і што з таго, што апазыцыя мае рацыю? Мець рацыю не азначае аўтаматычна мець уладу. Выбары — адзін з тых момантаў, дзе палітык кантактуе непасрэдна з выбаршчыкам. Іншых такіх магчымасьцяў у Беларусі няма. А таму — удзел у выбарах, нават безвыніковых у сэнсе мандатаў у мясцовых саветах, дае пэўны палітычны капітал апазыцыі сярод выбаршчыкаў, якога не дае байкот.

Да таго не забывайма, што большасьць зарэгістраваных апазыцыйных кандыдатаў усё ж працягвае выбарчае змаганьне ці як там гэта назваць.

Ціхановіч: Зь якімі перашкодамі ў вядзеньні кампаніі сустракаюцца кандыдаты ад апазыцыі? Юры

Дракахруст: Хіба не галоўнай падзеяй гэтага тыдня, што да ўдзелу апазыцыі ў выбарах, стала рашэньне Гомельскай абласной філіі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў аб спыненьні ўдзелу ў выбарах. Выйшлі з кампаніі кандыдаты як ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая на сваім зьездзе абвясьціла байкот выбарам, так і ад “Справядлівага сьвету”, які не прымаў такога рашэньня – агулам 92 чалавекі, прыкладна чвэрць усіх зарэгістраваных кандыдатаў ад апазыцыі.

Матывы – тыя, якія выкладзеныя ў заяве 13 партыяў, якую вы, Алена, цытавалі: недэмакратычны характар выбараў, адсутнасьць апазыцыі ў выбарчых камісіях, ціск на кандыдатаў і сябраў іх камандаў. Раней спынілі ўдзел у кампаніі 4 кандыдаткі ад “Справядлівага сьвету” у Віцебску.

На маштабы зьняцьця кандыдатур апазыцыянэрамі адрэагаваў і кіраўнік дзяржавы. Ён заявіў, што “апазыцыя адмаўляецца ад удзелу ў выбарах, бо прадбачыць сваю поўную паразу”.

"Яны выдатна разумеюць, што на выбарах іх ніхто не падтрымае. А хоць неяк хочацца захаваць твар – вось і пачынае лапатаць пра тое, што выбары ў нас, нібыта, недэмакратычныя, зьмены ў выбарчым заканадаўстве – дэкаратыўныя і таму падобнае".

Ну тры чвэрці апазыцыйных кандыдатаў ўсё ж працягваюць перадвыбарчую барацьбу. Але нягледзячы на прагнозы прэзыдэнта, улада чамусьці ўсяляк перашкаджае іх кампаніям. Цэнзуруюцца выступы па тэлебачаньні, практыкуюцца забароны на сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі, працягваюцца пагрозы звальненьня з працы ў выпадку працягу ўдзелу ў выбарах. Некаторым кандыдатам адмаўляюцца друкаваць іх афіцыйныя ўлёткі. Дзейнічаюць і праз падатковую – напрыклад, у сваякоў аднаго з моладзевых лідэраў Артура Фінькевіча праверылі даходы ажно з 1967 году.

А актывістку Насту Азарку проста зьнялі з выбарчай кампані , як было афіцыйна абвешчана – за ўдзел у сьвяткаваньні 25 сакавіка ў Менску.
Так што ўмовы кампаніі, мякка кажучы, неспрыяльныя.

Ціхановіч: А пра што вядзецца выбарчая кампанія – ці ў кожным рэгіёне свае тэмы, свае праблемы, ці ёсьць нейкая скразная тэма? Чым настроі, чаканьні выбаршчыкаў адрозьніваюцца ад тых, што яны мелі падчас папярэдніх кампаніяў? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да каардынатара выбарчай кампаніі руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча.

Губарэвіч: Падчас кампаніі на мясцовыя выбары цяжка казаць пра значную палітызацыю грамадзтва. Натуральна, людзей хвалююць іх надзённыя праблемы. І менавіта з гэтымі пытаньнямі ідуць кандыдаты руху "За свабоду" да сваіх выбарцаў.
Сёньня ў грамадзтве настрой больш радыкальны.
Перадусім мы рабілі стаўку на тых кандыдатаў, якія не адзін год працавалі ў сваіх акругах: яны там пражываюць, яны ведаюць тыя пытаньні, якія хвалююць іхніх выбарцаў, таму яны могуць разьлічваць на падтрымку. Канешне, сярод выбарцаў ёсьць розныя часткі, трапляюцца людзі, якія даўно расчараваныя як ва ўладзе, так і ў апазыцыі і не жадаюць удзельнічаць у выбарчых працэсах. Ёсьць тыя, хто расчараваны дзеяньнямі ўлады, але хоча пачуць нейкія новыя прапановы. Менавіта на гэтую частку выбарцаў мы арыентуемся ў сваёй дзейнасьці. Тут вельмі важна прыходзіць з тымі словамі, з тымі прапановамі, якія будуць цікавыя выбарцу, каб прымусіць яго аддаць свой голас, аказаць падтрымку нашаму кандыдату.

Звычайныя мясцовыя праблемы: недапрацоўкі мясцовай улады, пытаньні, зьвязаныя з ЖКГ, мэдыцынай, адукацыяй, банальнымі рамонтамі пад'ездаў, двароў. Як паказала практыка, менавіта пра гэтыя праблемы хочуць размаўляць выбарцы. І калі кандыдаты прыходзяць да іх з нейкімі агульнапалітычнымі рэчамі, гэта як правіла не сустракае паразуменьня з боку людзей. Выбары мясцовыя, і так мала гэтая ўлада вырашае, але калі і вырашае, то менавіта такое кола пытаньняў. І немагчыма ў мясцовых саветах займацца тымі справамі, якімі мусіць займацца ўлада заканадаўчая альбо выканаўчая ўлада Беларусі.

Калі параўнаць бягучыя выбары зь мінулымі выбарчымі кампаніямі, перадусім мясцовымі 2007 альбо 2003 году, то іх адрозьнівае большае расчараваньне людзей у дзеяньнях улады. Як вядома, у тыя гады ў Беларусі была адносная эканамічная стабільнасьць, у людзей былі больш-менш прымальныя даходы, і таму менш прычын, якія б прымушалі людзей галасаваць за апазыцыю. Сёньня настрой больш радыкальны, людзі прыслухоўваюцца да тых кандыдатаў, якія гавораць, што праблемы ёсьць, і трэба іх вырашаць. Таму ў нейкай ступені стала працаваць лягчэй. Але карэнных зьменаў у часе гэтай выбарчай кампаніі не назіраецца.

Ціхановіч: Юры, на гэтым тыдні былі абнародаваныя лічбы сацыялягічнага апытаньня, частка якога была прысьвечаная якраз выбарам? Якое стаўленьне да выбараў выявілася падчас гэтага дасьледаваньня?

Дракахруст: Вынікі сапраўды цікавыя і ў чымсьці парадаксальныя. Паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў амаль палова – 46% апытаных мяркуюць, што мясцовыя саветы абсалютна не ўплываюць на іх жыцьцё. Амаль 60% нават ня лічаць, што іх паўнамоцтвы варта неяк пашырыць. Прыкладна дзьве траціны апытаных ня ведаюць, хто зьяўляецца цяперашнім дэпутатам па іх акрузе.
Байкот выбараў апазыцыяй быў бы на руку ўладзе.
Але разам з тым у сакавіку, калі праводзілася апытаньне, гэта значыць, за месяц да выбараў, 63% заявілі, што маюць намер ісьці галасаваць. Настроі дзіўнаватыя: саветы ні на што не ўплываюць, але галасаваць пойдзем, але мяркую, што тут меў рацыю Ян, які ў адной з нашых перадачаў казаў, што для многіх людзей выбары – гэта своеасаблівая прысяга на вернасьць сваёй нацыі і сваёй дзяржаве. Гэтыя лічбы – і прагноз эфэктыўнасьці любых байкотаў.

Ціхановіч: Ці будуць мець вынікі мясцовых выбараў, ацэнка іх апазыцыяй значэньне для дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўропай? Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сказала, што мясцовыя выбары стануць рэпэтыцыяй прэзыдэнцкіх. Рэакцыя Эўропы таксама будзе рэпэтыцыяй рэакцыі на прэзыдэнцкія выбары?

Максімюк: Беларускія мясцовыя выбары знаходзяцца ў полі зроку Брусэлю. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан заявіла нядаўна, што, "для ЭЗ вельмі важна, каб гэтыя выбары прайшлі добра".

Прыгадаем таксама, што на гэтыя выбары улады не плянуюць запрашаць ніякіх міжнародных назіральнікаў. Але ў якасьці назіральнікаў, паводле папярэдніх заяваў, мае быць акрэдытаваная група заходніх дыпляматаў у Беларусі.

Таму мне здаецца, што поўны байкот выбараў апазыцыяй, калі б ён меў месца, быў бы на руку ўладзе. Няма ўдзелу апазыцыі, няма ніякага клопату з выбарчай кампаніяй. А так – уладзе трэба памучыцца, каб павыкідваць усіх нежаданых кандыдатаў са сьпісаў або парабіць ім нейкія іншыя сьвінствы ў кампаніі. У гэтым сэнсе — нават мясцовыя выбары ў Беларусі, якія не вырашаюць палітычны расклад сілаў у краіне, маюць значэньне для беларуска-эўрапейскага дыялёгу. Гэта несумненна.

Ну а што тычыцца рэакцыі на выбары, дык трэба яшчэ пачакаць. Уражаньне ў мяне такое, што Эўразьвяз вітаў бы нават найменшы прагрэс у выбарчым працэсе ў Беларусі, калі б ён наступіў. Так што я не лічу, што Брусэль падыходзіць да ўсіх беларускіх выбараў зь нейкім загадзя адрэпэтаваным шаблёнам.
XS
SM
MD
LG