Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР -- супраць будаўніцтва АЭС


B
B

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі.

“Гэта ўжо ня першая спроба пабудаваць АЭС на беларускай зямлі, -- адзначаецца ў заяве. -- У 1988 годзе Масква, са згоды тагачаснага камуністычнага кіраўніцтва, плянавала разьмясьціць атамную станцыю пад Віцебскам. Аднак тады актывісты толькі што ўтворанага БНФ арганізавалі акцыі пратэсту, дзесяткі тысяч віцяблян падпісаліся супраць будаўніцтва, і разьмяшчэньне АЭС удалося прадухіліць”.

Рада БНР зьвяртае ўвагу, што “мэтазгоднасьць разьвіцьця атамнай энэргетыкі дзесяцігодзьдзямі зьяўляецца прадметам дыскусіяў на Захадзе. Да гэтага часу ў сьвеце ня вырашаная праблема ўтылізацыі ядзерных адкідаў, спрэчным застаецца ўплыў АЭС на навакольнае асяродзьдзе, аварыі на атамных станцыях здараюцца кожны год. Няма ніякіх гарантыяў, што аднойчы такая аварыя ня набудзе маштабу чарнобыльскай.

Цяперашняе кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, безумоўна, павінна было ўзяць пад увагу гэтыя і іншыя нэгатыўныя аспэкты будаўніцтва АЭС, аднак яно прыняла рашэньне без шырокага грамадзкага абмеркаваньня і, як высьветлілася, без парадаў з неангажаванымі МАГАТЭ адмыслоўцамі”.

У заяве адзначаецца, што “апошняя інфармацыя, якую ўдалося здабыць грамадзтву, сьведчыць, што будаўніцтва АЭС будзе даручана расейскім кампаніям; пры гэтым Беларусь можа зрабіцца закладнікам экспэрымэнтаў маскоўскіх атамшчыкаў.

Паказальна, што на праведзеных уладамі так званых абмеркаваньнях будаўніцтва АЭС праціўнікі будаўніцтва звычайна не маглі атрымаць слова; пікеты і масавыя акцыі актывістаў экалягічнага руху забараняліся, іх удзельнікі затрымліваліся”.

Рада БНР перакананая, што “што свабоднае і адкрытае абмеркаваньне усіх аспэктаў будаўніцтва АЭС можа адбыцца толькі ў свабодным грамадзтве і пры ўладзе, якая выбіраецца народам і залежыць ад народа”.

У сваёй заяве Рада БНР пратэстуе супраць плянаў будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі і выказвае падтрымку грамадзянскай супольнасьці, якая імкнецца супрацьстаяць гэтаму праекту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG