Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крэмль мяняе тактыку ў дачыненьні да былых савецкіх рэспублік”


Аналізуючы апошнія падзеі ў Кіргізстане, амэрыканская New York Times піша, што Масква засвоіла ўрокі "каляровых рэвалюцыяў", у часе якіх Захад адкрыта падтрымліваў апазыцыйныя элітарныя групы і свабодную прэсу. Цяпер Крэмль вырашыў павесьці з былымі савецкімі рэспублікамі новую гульню, а таму ідзе на разьвіцьцё адносін з апазыцыйнымі сіламі гэтых краін, у тым ліку Грузіі і Беларусі”, — зазначае аўтар артыкула.

Паводле выданьня, незадоўга да пачатку паўстаньня ў Кіргізстане на інфармацыйных інтэрнэт-сайтах зьявілася сэрыя выкрывальных матэрыялаў, у якіх сваякі Бакіева абвінавачваліся ў выкраданьні грошай зь дзяржаўнай казны. “Гэтыя сьцьвярджэньні глыбока кранулі балючую для жабрацкай краіны тэму і падштурхнулі апазыцыю”.

Аднак калі ўлады заблякавалі доступ да гэтых сайтаў, з пратэстамі выступілі ня толькі арганізацыі кшталту Freedom House, але і такі “нечаканы барацьбіт за свабоду СМІ ў інтэрнэце”, як МЗС Расеі.

Як лічыць амэрыканскі журналіст, новыя падыходы Расеі зусім ня сьведчаць пра зьмены ў такім пытаньні, як “свабода прэсы”, бо ў самой Расеі яна насамрэч знаходзіцца пад ціскам. Гэта, хутчэй за ўсё, новая тактыка Крамля, адзін з элемэнтаў вялікай закуліснай гульні, якая пасьля кіргіскага паўстаньня дапаможа Расеі заваяваць уплыў на новы ўрад краіны.

Як выказаўся ў размове з выданьнем адзін неназваны амэрыканскі дыплямат, у Кіргізстане Расея “зрабіла нейкую каляровую рэвалюцыю свайго ўласнага колеру”. У любым выпадку, кіргіскае паўстаньне ажыцьцяўлялася не без уплыву расейскай “мяккай сілы”. Расейскі ўплыў, хутчэй за ўсё, адаб’ецца на выбарах сталага кіргіскага ўраду.

Паводле New York Times, падобная сытуацыя можа паўтарыцца і ў іншых краінах былога савецкага рэгіёну. Невыпадкова, напрыклад, “Масква разьвівае свае сувязі і з апазыцыйнымі дзеячамі Грузіі і Беларусі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG