Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў загінулага прэзыдэнта Польшчы ў катастрофе пад Смаленскам? Што вынікае з ацэнак беларускім прэзыдэнтам кіргіскіх падзеяў? Ці пачаў кіраўнік Беларусі змагацца з “расейскай змовай”? Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў, філёзаф Уладзімер Мацкевіч, расейскі і беларускі журналіст Павал Шарамет.


СЛУХАЦЬ:

Дракахруст: У сваёй прамове падчас паездкі на Гомельшчыну Аляксандар Лукашэнка выказаўся па надзвычай шырокім коле пытаньняў – ад вытворчасьці сыроў да праблемаў ядзернай бясьпекі. Я прапаную спыніцца на тых выказваньнях кіраўніка дзяржавы, якія тычацца бягучых праблемаў міжнароднай палітыкі і месца Беларусі ў сьвеце.


З прычыны гібелі прэзыдэнта Польшчы і дзясяткаў прадстаўнікоў польскай эліты шмат краін сьвету абвясьцілі жалобу. Але ў гэтым сьпісе не аказалася бліжэйшай суседкі Польшчы, краіны, зьвязанай з Польшчай стагодзьдзямі супольнай гісторыі – Беларусі.


Пры гэтым варта адзначыць, што адразу пасьля самай трагедыі беларускія ўлады апэратыўна арганізавалі транспартны і візавы транзыт сваякоў загінулых праз Віцебскі аэрапорт. Аляксандар Лукашэнка накіраваў у Польшчу спачуваньні.
Але ў прамове на Гомель ён не абмежаваўся спачуваньнямі:

"Мы вельмі шкадуем. Гэта трагедыя. Загінуў ня толькі прэзыдэнт, амаль 100 чалавек, у тым ліку кіраўнікі – гэта кіраўнікі дружалюбнага, вельмі блізкага нам народу. Вядома, гэта трагедыя не магла не адгукнуцца ў нашых сэрцах. Паслухаем, што скажа камісія, і вы ўбачыце, што ўсё было нармальна з тэхнікай. Тут было няправільнае рашэньне галоўнага чалавека. Зразумела, хто нясе за гэта адказнасьць. Вінаваты, не вінаваты, ты першы чалавек, ты нясеш за гэта адказнасьць. І мы, прэзыдэнты, павінны разумець і тое, што ў самалёце сядзіць яшчэ сотня чалавек, у якіх ёсьць сем'і".

Якая была патрэба рабіць такія заявы, навошта агучваць свае высновы да таго, як ня скончыла працу тая самая камісія, калі яшчэ не пахаваныя целы загінулых? Што азначаюць гэтыя заявы, якія прагучалі з вуснаў не экспэрта, не журналіста ці блогера, а кіраўніка дзяржавы? Валер, які ваш адказ?

Булгакаў: З аднаго боку, Лукашэнка несьвядома параўноўвае сябе з польскім прэзыдэнтам. З другога боку, ён дэманструе надзвычайную кампэтэнтнасьць у сваім разуменьні, гэта значыць, яшчэ да заключэньня экспэртаў ён ужо валодае адзіна правільным адказам на пытаньні, якія цяпер бударажаць увесь сьвет. Па-трэцяе, тут Лукашэнка робіць перанос сваіх уяўленьняў пра месца прэзыдэнта ў грамадзтве і на борце самалёта на польскі грунт.

Гэта ўсё выглядае вельмі безадказна, і можа ўспрымацца толькі зыходзячы з гісторыі найноўшага беларускага аўтарытарызму.

Дракахруст: Павал, вы зараз знаходзіцеся ў Варшаве ў эпіцэнтры гэтай жалобы. Як бы вы патлумачылі гэтыя заявы Аляксандра Лукашэнкі? І як на іх адрэагавалі ў Польшчы?

Шарамет: Палякі вельмі ўважліва сочаць за тым, як у розных краінах рэагуюць на іх боль, на іх жахлівую катастрофу. Я бачыў, як па польскім тэлебачаньні далі водпаведзь прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі толькі за тое, што ён на суткі пазьней за кіраўнікоў іншых краінаў выказаў свае спачуваньні. У Польшчы пачулі словы Лукашэнкі і гэта вельмі актыўна камэнтуецца. Польшча шакаваная такімі неадэкватнымі сытуацыі словамі.

Моцным бокам Лукашэнкі заўсёды была інтуіцыя, жывёльная інтуіцыя, якая адрозьнівала яго ад кіраўнікоў суседніх дзяржаваў і ад лідэраў беларускай апазыцыі. Сытуацыя з польскай трагедыяй паказала, што моцная інтуіцыя – гэта ўжо ня козыр Лукашэнкі, ён ужо

Сытуацыя з польскай трагедыяй паказала, што моцная інтуіцыя – гэта ўжо ня козыр Лукашэнкі.

губляе адэкватны погляд, ён ужо не адчувае грамадзкіх настрояў ня толькі ў суседзяў, але і ў беларускім грамадзтве. Гэтая гібель 97 прадстаўнікоў польскай эліты адгукнулася сумам у сэрцах многіх беларусаў і расейцаў. І тое, што Лукашэнка гэтага не разумее, кажа пра тое, што яго турбуюць нейкія іншыя праблемы, чым тыя, якія сёньня турбуюць грамадзтвы Польшчы, Расеі і Беларусі.

Дракахруст: Уладзімер, вось Павал мяркуе, што прэзыдэнту інтуіцыя здрадзіла. Але гэта здаецца канон паводзінаў падчас пахаваньня, ён існуе і ў хрысьціянскай, і ў любой іншай чалавечай культуры. Над яшчэ адкрытай магілай не прынята гаварыць пра віну таго чалавека, якога зараз туды пакладуць. А тут чамусьці гэты канон парушаецца і, паўтараю, не прыватным назіральнікам, не блогерам, а прэзыдэнтам краіны.

Мацкевіч: Па-першае, наш прэзыдэнт ніколі ня быў арыстакратам. І таму яго словы зусім не адпавядаюць таму статусу, які зараз займае гэты чалавек. Ва ўсіх культурах, нават у традыцыйных грамадзтвах, заўсёды знаходзіліся людзі, якія гатовыя былі патанчыць на могілках. У гэтым сэнсе я думаю, што рэакцыя беларускага грамадзтва на гэтую катастрофу не патрабуе афіцыйнага дазволу. Беларусы адрэагавалі на гэтую трагедыю цалкам адэкватна, а што тычыцца кіраўніка дзяржавы, то варта сказаць, што і з фактычнага боку ён пасьпяшаўся са сваёй заяваю – расшыфроўка размоваў з «чорных скрыняў» самалёта паказвае, што прэзыдэнт Польшчы ня ўмешваўся ў рашэньні экіпажу. І таму на гэтыя гіпотэзы і здагадкі, якія маюць права рабіць прыватныя асобы, ня мае права афіцыйны кіраўнік дзяржавы.

Гэтая трагедыя высьвяціла вельмі складаныя адносіны паміж Беларусьсю, Расеяй і Польшчай. І няўдзел Беларусі ў жалобных

Наш прэзыдэнт ніколі ня быў арыстакратам.

цырымоніях у Катыні, дзе загінула нямала беларусаў паводле паходжаньня – афіцэраў Войска Польскага, і такое стаўленьне да жалобы па загінулых у сёлетняй катастрофе – усё гэта сьведчыць пра плябейскі стан нашай дзяржаўнасьці пры цяперашнім рэжыме.

Дракахруст: Другі надзвычай цікавы сюжэт – гэта ацэнкі кіргіскіх падзеяў. Паводле Лукашэнкі «антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот».

"Я лічу, што палітыка, па-першае, амэрыканцаў, а па-другое, расейцаў у дачыненьні да гэтых падзей вельмі дрэнная і недальнабачная. Яны павінны былі заявіць аб непрымальнасьці такіх дзеяньняў кіргіскай апазыцыі".

Лукашэнка прымерыў кіргіскі досьвед да Беларусі:

"Калі б такое адбывалася ў маёй краіне і нехта павёў бы людзей пад кулі – мала нікому не здалося б. І няма чаго папракаць Бакіева за тое, што ўлада ўжыла сілу, абараняючы сябе. Бо калі ўлада ня можа абараніць сябе і свой народ, то што гэта за ўлада?.."

І яшчэ адно выказваньне кіраўніка Беларусі:

"Што тычыцца пытаньня, хто за гэтым стаіць, то каб адказаць на яго, трэба ведаць. У мяне няма пакуль такой дакладнай інфармацыі, але яна з цягам часу выплыве"

Дарэчы, на наступны дзень пасьля прамовы стала вядома, што афіцыйны Менск прапанаваў Курманбэку Бакіеву палітычны прытулак, ад якога той, праўда, адмовіўся.


Ізноў жа – што азначаюць гэтыя заявы, зацятая абарона скінутага рэжыму, гэтым разам ужо не разам з Расеяй, а насуперак Расеі. Чаму Лукашэнка гэтак падкрэсьлівае, што ў антырэвалюцыйным Сьвяшчэнным саюзе Беларусь застаецца хіба не самотнай. На каго гэтыя намёкі – маўляў, мы даведаемся, хто за гэтым стаіць? Уладзімер

Мацкевіч: Тое, што расейскія кіраўнікі – Мядзьведзеў і Пуцін – адразу пасьпяшаліся абвясьціць, што Расея ня мае дачыненьня да падзеяў у Кіргізстане, ні пра што ня сьведчыць, але наводзіць на пэўныя дымкі. І ў гэтым сэнсе Лукашэнка, які, як Павал падкрэсьліў, інтуітыўна адчувае хаду думкі, агучвае падсьвядомыя матывы кіроўных элітаў краін СНД. Ні адзін з рэжымаў краін Садружнасьці не зацікаўлены ў тым, каб улада мянялася такім чынам, як гэта рабілася два апошніх разы ў Кіргізстане. І ў гэтым сэнсе Лукашэнка выказваецца ад імя калектыўнага падсьвядомага СНДэшных дыктатараў.

Лукашэнка выказваецца ад імя калектыўнага падсьвядомага СНДэшных дыктатараў.


Тое, што гэтым разам гэта адбываецца насуперак Расеі, сьведчыць пра тое, што Лукашэнка пачынае новую гульню з Расеяй, бо няма прамых падстаў абвінавачваць у кіргіскіх падзеях каго-небудзь з-за межаў Кіргізстану.

Дракахруст: Уладзімер сказаў, што вонкавыя чыньнікі ў кіргіскіх падзеях можа наўпрост і не праглядаюцца. Але прыгадваецца гісторыя сталінскіх часоў, як Ганна Ахматава зьявілася на нейкім сходзе, і заля ўстала на знак павагі да яе таленту. Калі пра гэта далажылі Сталіну, ён задаў адно пытаньне: «Хто арганізаваў уставаньне?» Для людзей з пэўным палітычным мысьленьнем «уставаньне» заўсёды кімсьці арганізаванае. Валер, на ваш погляд, што выклікала большую занепакоенасьць Лукашэнкі – прыклад імгненнага і крывавага абрынаньня рэжыму, які здаваўся даволі моцным і ўстойлівым, ці тое, што нехта, і магчыма нехта блізкі Беларусі гэтае «ўставаньне» арганізаваў?

Булгакаў: Асноўны мэсыдж гэтага выказваньня ў тым, што Лукашэнка гатовы пусьціць кроў дэманстрантам у выпадку падобных забурэньняў у Беларусі. І я б гэта ня зьвязваў з калектыўным падсьвядомым прэзыдэнтаў краін СНД, а хутчэй да бягучага

Адбываецца далейшая дэманізацыя Расеі ў сьвядомасьці Лукашэнкі.

беларускага палітычнага цыклю, які завершыцца выбарамі прэзыдэнта ў наступным годзе. Фрустрацыя Лукашэнкі больш зьвязаная зь ягоным пераабраньнем у досыць складанай палітычнай і эканамічнай сытуацыі, чым з абстрактным клопатам пра яго калегаў у Цэнтральнай Азіі.

Лукашэнка абяцае пусьціць кроў у выпадку народных хваляваньняў нават нягледзячы на пазыцыю асноўных геапалітычных гульцоў, такіх як Расея і ЗША. Асноўны папрок да расейцаў палягае ў тым, што, на думку Лукашэнкі, Крэмль мусіў асудзіць гэты пераварот і ні ў якім разе не дапамагаць новаму ўраду ў ажыцьцяўленьні яго дзейнасьці. Дапамога, адразу ж аказаная ўрадам Пуціна новым кіргіскім уладам, відаць, наштурхнула Лукашэнку на думку, што хваляваньні ўзьніклі не на пустым месцы, а былі інсьпіраваныя звонку, ён толькі пакуль ня можа вызначыць, адкуль дакладна. Адбываецца далейшая дэманізацыя Расеі ў сьвядомасьці Лукашэнкі, ён выражае свой страх перад маючымі адбыцца выбарамі, бо не перакананы і ня можа быць перакананы ў такой сытуацыі ў адназначнай расейскай падтрымцы яго кандыдатуры. Гэтае выказваньне мае кампэнсаторны псыхалягічны зьмест.

Я б хацеў не пагадзіцца з ацэнкай спадара Шарамета наконт неадэкватнасьці Лукашэнкі ў яго камэнтарах з нагоды гібелі польскай палітычнай эліты пад Смаленскам. Ён тут сапраўды танчыць на касьцях, але ён супрацьпастаўляе сябе, добрага і пухнатага, не да канца адэкватнаму, як вынікае зь яго выказваньня, загінуламу прэзыдэнту Польшчы. Падтэкст яго выказваньня палягае ў тым, што ён, як мудры і дасьведчаны прэзыдэнт стабільнай краіны, ня ўмешваўся б у дзейнасьць пілётаў.

Дракахруст: Ну, гэта не зусім так. Ён там як раз распавядаў, што і яму давялося рызыкаваць, калі ён ляцеў у Белград падчас вайны, і натаўцы вывялі яго самалёт з паветранага калідору.

Булгакаў: Ну тут быў яшчэ адзін дэман у выглядзе NATO, калі ён сказаў, што з аўтамата маглі зьбіць ягоны самалёт. Але ён, як чалавек мужны і адважны прабіўся ў абложаны Белград. Але мне здаецца, што кантэкст там быў усё ж такі: супрацьпастаўленьне мужнага, сьмелага і ненавязьлівага беларускага прэзыдэнта і кіраўніку больш анархічнай дзяржавы, які ўмешваўся ў прыняцьцё глябальных рашэньняў. Выглядае гэта абсурдна і нелягічна, але для прапаганды абсурднасьць і нелягічнасьць ня ёсьць сур'ёзнай праблемай.

Шарамет: Развагі Лукашэнкі пра кіргіскую рэвалюцыю – гэта агаворка па Фройду, гэта прарыў жахаў падсьвядомага. Папулярная ідэя аб тым, што Расея калі ня ўдзельнічала ў арганізацыі гэтага перавароту, то не асудзіла і адразу падтрымала яго. Але тут ёсьць і іншы вельмі важны момант. Катастрофа пад Смаленскам рэзка зьмяніла фон расейска-польскіх адносінаў, усе гавораць пра тое, што ў бліжэйшыя некалькі месяцаў Польшча і Расея зробяць вялікія крокі насустрач адна адной. Галоўная ахвяра гэтага руху насустрач – гэта Лукашэнка, бо чым лепш будуць адносіны паміж Масквой і Варшавай, тым горш будзе для яго. Таму, назіраючы за тым, што адбылося ў Кіргізстане, разумеючы, што для яго наступаюць цяжкія часы, бо ён за апошнія месяцы зрабіў усё, каб сапсаваць адносіны з Масквой, Лукашэнка перасьцерагаецца, што кіргіскі варыянт можа паўтарыцца і ў Беларусі. Дарэчы, зараз палітолягі,

Галоўная ахвяра гэтага руху насустрач – гэта Лукашэнка, бо чым лепш будуць адносіны паміж Масквой і Варшавай, тым горш будзе для яго.

журналісты, звычайныя людзі абмяркоўваюць такі варыянт не як фантастыку, а ў рэалістычных катэгорыях – калі, як, пры якіх умовах. Гэта вельмі кепскі сыгнал для Лукашэнкі. Яго ж пагрозы, што ён будзе страляць, ня варта ўспрымаць усур'ёз. Ён увесь час пагражае, страх – гэта адзін з галоўных інструмэнтаў кіраваньня беларускім грамадзтвам. Усё будзе залежыць ад таго, наколькі масавымі будуць пратэсты беларусаў пасьля выбараў. Выйдуць дзясяткі тысячаў – і ня зможа беларуская ўлада страляць у свой народ, таму што кішка тонкая, таму што ў сутнасьці сваёй гэта баязьлівая ўлада.

Дракахруст: Мы ўжо закранулі тэму Расеі. У гомельскай прамове Лукашэнкі ёй дасталося хіба ня больш за астатніх: і цісьне на Беларусь яна разам з Амэрыкай, і непрыстойна прызнала новыя кіргіскія ўлады, ізноў жа разам з Амэрыкай, і спрабуе забраць у Беларусі яе запасы ўзбагачанага ўрану, і мыта на нафту, і абмежаваньні ў допуску на расейскі рынак – ну гэта ўжо дзяжурнае. Таксама была выказаная вялікая крыўда, што Беларусь не запрасілі на саміт па нераспаўсюду ядзернай зброі ў ЗША. Крыўда і на Захад – « ні амэрыканцам, ні ў цэлым Захаду давяраць нельга”, і на Расею – “калі б Расія, Казахстан і іншыя дзяржавы СНД былі сапраўды надзейнымі сябрамі, яны б жорстка паставілі пытаньне: Беларусь – гэта наша і яна павінна быць на саміце, і нікуды б амэрыканцы не дзеліся".

Нядаўнія ператрусы ў кватэрах незалежных журналістаў таксама арганічна ўпісаліся ў карціну крэпасьці-Беларусі, аточанай ворагамі з Усходу і Захаду. 2 красавіка было сказана пра “апазыцыйныя кляны, цэнтры якіх знаходзяцца ў Расеі”. Ну а 14 красавіка выкрываліся зладзействы чальцоў гэтых клянаў: “Усе гэтыя журналісты заходняй арыентацыі, усе яны жывуць і працуюць на гранты Захаду, але працуюць, у тым ліку, і на Расею. Яны сёньня гавораць і раяць расейскаму кіраўніцтву: патрабуйце ад Лукашэнкі, каб ён сышоў з "Усходняга партнэрства. Як толькі ён дасьць гэтыя абяцаньні, то толькі тады і пачынайце з ім размаўляць. Вось сутнасьць гэтых людзей, яны рэкамэндуюць Расеі, як зьнішчыць заходні вэктар нашай зьнешняй палітыкі ».

Гэта пачатак змаганьня з расейскай змовай, прадухіленьне кіргіскага сцэнару, якім ён малюецца кіраўніку Беларусі? Спадар Шарамет, да вас пытаньне, як у фільме «Ад'ютант яго правасхадзіцельства»: «Павал, вы шпіён?»

Шарамет: Гэта сапраўды нешта новае ў лукашэнкаўскай карціне сьвету. Раней мы ўсе, незалежныя журналісты, былі агентамі ЦРУ, зараз робімся агентамі ФСБ, гэта прыемна, што нас лічаць агентамі ўсіх вядучых сусьветных спэцслужбаў. Калі сур'ёзна

Гэта прыемна, што нас лічаць агентамі ўсіх вядучых сусьветных спэцслужбаў.

камэнтаваць выказваньні Лукашэнкі, то можна звар'яцець ад такіх шызафрэнічных тэорый. Але тое, што ворагі зьявіліся ня толькі на Захадзе, але і на Ўсходзе, падкрэсьлівае, што прэзыдэнт Беларусі нярвуецца, што прэзыдэнт Беларусі страціў арыентацыю. Масавыя арышты, ператрусы, канфіскацыі кампутараў, пікеты каля рэдакцый незалежных газэт – гэта пачатак маштабнай кампаніі супраць незалежных СМІ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Чамусьці так рана пачынаюць беларускія ўлады, калі выбары прызначаныя на студзень. І чамусьці так дзёрзка, неадэкватна той небясьпецы, якую ўяўляюць гэтыя СМІ для прэзыдэнта Лукашэнкі. Але гэта толькі падкрэсьлівае псыхалягічную неадэкватнасьць беларускага кіраўніцтва, ці то з-за папсаваных стасункаў з Масквой, ці з-за крытычнай сытуацыі ў эканоміцы краіны, ці ад адчуваньня, што простыя беларусы ўжо стаміліся ад гэтай 15-гадовай шызафрэніі.

Дракахруст: Валер, мне здаецца, што тут ёсьць больш шырокае пытаньне, вакол якога ідуць спрэчкі ўжо гадоў 15. Гэта дылема: зьмены ў Беларусі пры дапамозе расейскіх братоў, якія пры гэтых зьменах і пры гэтым уплыве свае інтарэсы ніколі не забудуць, ці працяг сувэрэннага існаваньня ў тым стане, які ёсьць. Можа, Лукашэнка пры ўсіх сваіх асаблівасьцях (Павал лічыць, што пры нават неадэкватнасьці) менавіта ў гэтых сваіх памкненьнях прадухіліць, элімінаваць расейскі ўплыў робіць для Беларусі добрую справу ў гістарычнай пэрспэктыве ?

Булгакаў: Я б не апэраваў такімі глябальнымі паняцьцямі. Мне здаецца, што перш за ўсё гэта пахвала працы Паўла Шарамета і яго каманды. Няшмат можна назваць сродкаў масавай інфармацыі, на якія абрынуўся прэзыдэнт Лукашэнка ў сваёй гомельскай прамове. З кантэксту вынікае, што тут меўся на ўвазе вэб-рэсурс «Беларускі партызан» і гэта яшчэ адно сьведчаньне надзвычайнай папулярнасьці і ўплывовасьці гэтай крыніцы інфармацыі ў беларускім грамадзтве.

Па-мойму, ёсьць псыхалягічны кантэкст, зьвязаны з адарванымі ад сьвету ўяўленьнямі пра братэрства, саюзную дзяржаву і вечнае

У Лукашэнкі робіцца ўсё больш падставаў абвінавачваць Расею ў пэўным здрадніцтве, ў адыходзе ад ідэалаў, якія ён меў наконт Расеі, расейскай культуры і палітыкі.

сяброўства беларускага і расейскага народаў. Цяпер, асабліва ў сьвятле кіргіскіх падзеяў, вечных жорсткіх і агрэсіўных эканамічных спрэчак, якія даходзяць ледзь не да мардабою, у Лукашэнкі робіцца ўсё больш падстаў абвінавачваць Расею ў пэўным здрадніцтве, ў адыходзе ад ідэалаў, якія ён меў наконт Расеі, расейскай культуры і палітыкі. У ягоную карціну сьвету не ўкладаецца, як можа папулярны апазыцыйны яму, празаходні інфармацыйны рэсурс існаваць з апірышчам на нейкі горад у Расеі. На яго думку, і магчыма ён яе і агучваў у перамовах з расейскімі палітыкамі, Расея павінна выступаць адзіным палітычным і інфармацыйным фронтам з Беларусьсю.

Мацкевіч: Расейскі інфармацыйны фактар заўсёды быў вельмі значным у Беларусі. Вывад Беларусі з расейскай інфармацыйнай прасторы для Лукашэнкі быў заўсёды балючым. З аднаго боку, дэклярацыі сяброўства з Расеяй, а з другога боку – абмежаваньні вяшчаньня тэлеканалаў. Любы дыктатар у краіне павінен кантраляваць сваю інфармацыйную прастору цалкам.

Дракахруст: Уладзімер, я вас перапыню. Казаць, які Лукашэнка кепскі – гэта добра, але вы бачыце тут дылему, магчыма цяжкую: ці добрая Расея, якая аднак праводзіць у Беларусі свае інтарэсы, ці кепская, але беларуская Беларусь? З тварам Лукашэнкі.

Мацкевіч: Сапраўды, такая дылема існуе. І ў кожным прыватным выпадку трэба разьбірацца, што на карысьць і што не на карысьць нацыянальным інтарэсам. Але хто мае права, хто мае такую магчымасьць агучваць ад свайго асабістага імя гэтыя самыя нацыянальныя інтарэсы? Лукашэнка бярэ на сябе такую адказнасьць і гэтая адказнасьць заўсёды зьяўляецца прадметам іроніі і кпінаў.

Калі гэта тычыцца «наезду» на журналістаў, на тых чатырох паважаных мной людзей, то я б сказаў, што журналіст, нягледзячы на сваю працу і прафэсійны статус – гэта прыватная асоба. Правы журналіста зьвязаныя яшчэ і з правам грамадзтва на атрыманьне інфармацыі. І я бы ня блытаў гістарычныя і геапалітычныя адносіны Беларусі з Расеяй і Польшчай і справы супраць журналістаў. Мы можам па-рознаму ставіцца да дылемы, якую вы ўзьнімаеце, і я таксама лічу, што вывад Беларусі з-пад расейскага ўплыву – гэта добра, але прыватныя справы – гэта зусім іншая рэч.

Шарамет: Беларусь з тварам Лукашэнкі – гэта не Беларусь. Гэта прынцыповая памылка беларускіх нацыяналістаў, якія кажуць, што хай лепш застанецца ва ўладзе дыктатар, але ён захавае дзяржаўную незалежнасьць краіны. Я заўсёды казаў, што як толькі Лукашэнка загаворыць па-беларуску, ён выб'е глебу з-пад ног нацыяналістычнай апазыцыі. Пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, ў Беларусі няма пэрспэктываў як у моцнай, незалежнай, менавіта беларускай дзяржавы. У любы момант лёс краіны і народу можа быць

Пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, ў Беларусі няма пэрспэктываў як у моцнай, незалежнай, менавіта беларускай дзяржавы.

кінуты на алтар асабістых інтарэсаў прэзыдэнта Лукашэнкі. Калі заўтра Лукашэнка адчуе небясьпеку, прыедзе ў Крэмль і прадасьць нашу краіну з вантробамі, ніхто – ні лідэры Беларускага Народнага Фронту, ні розныя балбатуны і летуценьнікі, ня змогуць уратаваць нашу Беларусь ад зьнішчэньня. Таму ніякай дылемы няма.

Дракахруст: Павал, а калі гэта зробяць яго апанэнты? Яны ня ўмеюць гэтага рабіць?

Шарамет: Я ня бачу сёньня ніякіх апанэнтаў у беларускай улады. Зараз улада – гэта чалавек, які зьнішчыў дэмакратычныя традыцыі ў краіне, які зьнішчыў сваіх палітычных апанэнтаў, які заціснуў лепшых прадстаўнікоў беларускай палітычнай эліты і інтэлігенцыі. Зараз уся ўлада знаходзіцца ў руках Лукашэнкі. І калі заўтра ён вырашыць разьмяняць Беларусь на сваю бясьпеку, ніхто

Толькі свабода і дэмакратыя могуць захаваць Беларусь на мапе Эўропы.

ня зможа ёй дапамагчы. Таму беларускім нацыяналістам і рознага кшталту інтэлектуалам, якія будуюць паветраныя замкі, я б хацеў нагадаць аб адказнасьці перад беларускім грамадзтвам. Толькі свабода і дэмакратыя могуць захаваць Беларусь на мапе Эўропы. Ніякі дыктатар ня зможа гэта зрабіць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG