Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень таму зь менскага аэрапорту фактычна зусім не выляталі самалёты ў Цэнтральную і Заходнюю Эўропу. Ці зьмянілася сытуацыя 19 красавіка? Што цяпер адбываецца ў менскім аэрапорце? Ці стала чыгунка заменай авіяцыйнаму транспарту?


У панядзелак 19 красавіка, нягледзячы на працяг вывяржэньня вулькана ў Ісьляндыі, колькасьць авіярэйсаў у паўднёвай частцы Эўропы павялічылася, хоць і нязначна. У прыватнасьці, часьцей сталі ўзьлятаць самалёты ў Гішпаніі, Грэцыі, у балканскіх краінах. Нагадаю, у нядзелю было адменена больш за 60 тысяч авіярэйсаў. Якая сытуацыя ў Беларусі?

18 красавіка з нацыянальнага аэрапорту "Менск" былі адмененыя 12 рэйсаў розных авіякампаній, у тым ліку нацыянальнага перавозчыка "Белавія". Пра сытуацыю на сярэдзіну дня 19 красавіка "Свабодзе" распавёў намесьнік кіраўніка кампаніі "Белавія" Ігар Чаргінец:

"Больш ці менш сытуацыя стала лепшай. Да нас праляцелі самалёты з Тбілісі, Ерэвану і Тэль-Авіву, з Масквы з "Шарамецьева" і "Ўнукава". Зь Менску ўжо вылецелі самалёты ў "Дамадзедава" і ў Кіеў, у Варшаву і Санкт-Пецярбург. Плянуюць без затрымкі дзённы рэйс у Маскву ў "Шарамецьева" і вечаровыя рэйсы ў "Дамадзедава","Шарамецьева" і "Ўнукава" ў Маскву, у Калінінград і Тбілісі. Яшчэ пад пытаньнем дзённыя рэйсы ў Амстэрдам і Рым. Рэйсы не адмененыя, у нас захоўваецца надзея на іх выкананьне да канца дня".

У Эўропе адмена авіярэйсаў спаралізавала 313 аэрапортаў. Паводле зьвестак, зь Менску сёньня быў адменены рэйс на Рыгу кампаніі AirBaltic і на Варшаву — кампаніі LOT. Як гэта адбілася на сытуацыі ў Нацыянальным аэрапорце "Менск", спытаўся я ў Ігара Чаргінца. Паводле прадстаўніка "Белавія", пасажырам своечасова даводзяць інфармацыю, каб яны не прыяжджалі ў аэрапорт, калі іх рэйс адкладзены:
Абвесткі ідуць на 7 замежных мовах ...

"У нас створаная служба падтрымкі пасажыраў, якая працуе ўвесь дзень. Абвесткі ідуць на 7 замежных мовах. На ўсякі выпадак даем нумары тэлефона падтрымкі 216 21 01 альбо даведкі 106, дзе можна даведацца ўсё пра рэйс. Такім чынам мы не дапускаем, каб людзі дарма прыяжджалі ў аэрапорт, трацілі свае нэрвы і грошы. Таму і зграмаджэньня пасажыраў у нас няма".

Некаторыя пасажыры, у тым ліку транзытныя, якія ня могуць своечасова вылецець зь Менску, вырашылі скарыстаць чыгунку. Ці ўсім хапае квіткоў? Званю ў даведку чыгуначнага вакзалу:

Карэспандэнт: "Сёньня хачу выехаць да Варшавы".

Даведка: "На сёньня квіткі ёсьць".

Карэспандэнт: "А на заўтра?"

Даведка: "Таксама".

Ці гатовая беларуская чыгунка да абслугоўваньня пасажыраў у надзвычайных абставінах? Пасажыры, якія ў нядзелю бралі квіткі на цягнікі ў эўрапейскія краіны, распавядаюць пра ўмовы ў міжнародных касах на Менскім вакзале. Апоўдні 18 красавіка там з 14 білетных "акенцаў" працавалі толькі тры, у залі няма ніякіх умоў, каб прысесьці і адпачыць, між тым чаканьне ў чэргах займала больш за 2 гадзіны. Таксама наведнікі касаў адзначылі, што прадаўцы квіткоў не валодаюць замежнымі мовамі, каб адказваць на ўсе пытаньні пасажыраў-замежнікаў.
XS
SM
MD
LG