Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асацыяцыя паветранага транспарту заклікае аднавіць авіярэйсы


Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту заявіла, што эўрапейскія ўрады выявілі непрафэсійны падыход у адносінах да сытуацыі, якая ўзьнікла ў выніку вывяржэньня вулькана ў Ісьляндыі. Маюцца на ўвазе скасаваньні авіярэйсаў у большасьці эўрапейскіх краінаў.

Паводле кіраўніка Асацыяцыі Джавані Бэсіньняні, не ацэньвалася адэкватна рызыка пры ажыцьцяўленьні палётаў, не каардынаваліся сумесныя дзеяньні. Ён заявіў, што адкрыцьцё паветранай прасторы павінна адбыцца як хутчэй.

Тым часам, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн заявіў:

“Бясьпека пасажыраў – наш найважнейшы клопат. Сёньня мы будзем вывучаць вынікі тэставых палётаў, якія праводзіліся ўчора і сёньня. Мы таксама возьмем пад увагу меркаваньні вытворцаў самалётаў”.

Сёньня Гішпанія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, праводзіць відэаканфэрэнцыю міністраў транспарту. Паветраная прастора над Нямеччынай застаецца зачыненай як найменш да 18 гадзіны мясцовага часу, не працуюць аэрапорты Лёндану, Брусэлю, Парыжу і шэрагу іншых эўрапейскіх гарадоў.
XS
SM
MD
LG