Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У нядзелю А. Лукашэнка выступіў з падтрымкай зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева і запрасіў яго зь сям'ёю прыехаць у Менск. Лукашэнка назваў падзеі ў Кіргізстане дзяржаўным пераваротам, заявіў, што ў гэтым зацікаўленыя Расея і ЗША, назваў Бакіева сваім калегам, дзейным прэзыдэнтам краіны.


Выказваньні Лукашэнкі ацэньваюць назіральнікі ў Бішкеку, Менску і Маскве.

Кіргіскі журналіст Айданбек Ташкенбаеў не выключае, што Курманбек Бакіеў урэшце выедзе ў Менск да Аляксандра Лукашэнкі. Але пры гэтым у Кіргізстане застаюцца пакрыўджаныя браты і іншыя родзічы Бакіева, якія імкнуцца ўплываць на сытуацыю:
у Кіргізстане застаюцца пакрыўджаныя браты і іншыя родзічы Бакіева ...

"Бакіеў, напэўна, у Казахстане не застанецца. Відаць, ён паедзе куды-небудзь далей. Але тут знаходзяцца ягоныя браты, сваякі, празь іх ён будзе імкнуцца ўзяць рэванш. Вось цяпер у Джэлялабадзе ідзе мітынг ягоных прыхільнікаў. Не даюць яны працаваць новай уладзе".

Айданбек Ташкенбаеў адзначае, што шырокай вядомасьці падтрымка Лукашэнкам Бакіева сярод насельніцтва Кіргізстану не атрымала:

"Некаторыя інтэрнэт-сайты гэтую інфармацыю паставілі, але па тэлебачаньні не прайшло. Таму заявы гэтыя амаль невядомыя. Але на сайтах чытачы выказваюць свае меркаваньні, і частка зь іх зазначае, што, маўляў, Лукашэнка правільна сказаў".

Часовы ўрад Кіргізстану днямі перасьцярог афіцыйны Менск ад наданьня прытулку Бакіеву, заявіўшы, што гэта пагоршыць двухбаковыя адносіны. А. Лукашэнка адказаў, што не пераймаецца такімі пагрозамі, бо Бішкек ня мае рычагоў узьдзеяньня на Беларусь. Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць такую пазыцыю непрадуманай:

Аляксандар Класкоўскі
"Падтэкст тут такі: ну, што можа нам зрабіць малая і бедная Кіргізія? Але ж ёсьць міжнароднае права, ёсьць дамовы аб экстрадыцыі людзей, якія абвінавачваюцца ў дзяржаўных злачынствах. Па-другое, гэта будзе поўны развал СНД, АДКБ… Гэта ў любым выпадку будзе ўскладняць дачыненьні ня толькі зь Бішкекам, але і з Масквою".

На думку спадара Класкоўскага, заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт Бакіева можна трактаваць як умяшаньне ў справы Кіргізстану, правакаваньне там далейшага супрацьстаяньня.

Тое ж, што А. Лукашэнка ў прынцыпе выступіў у падтрымку Бакіева — гэта ня толькі праява так званай "салідарнасьці дыктатараў", але і рэакцыя Менску на паводзіны Масквы, якая падтрымала не былога прэзыдэнта Бакіева, а арганізатараў перавароту:

"Я думаю, што беларускі кіраўнік, у якога зараз напружаныя адносіны з Масквою, няпростыя адносіны з Вашынгтонам, — ён так ці іначай у думках праецыруе розныя варыянты на сябе. Вось адсюль такая эмацыйная рэакцыя на гэтыя падзеі".

Маскоўскі спэцыяліст у галіне міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш мяркуе, што Расею ня будзе асабліва турбаваць, калі Бакіеў знойдзе прытулак у Беларусі. Маскву будзе непакоіць, калі Менск разам з Бакіевым пачне разыгрываць нейкую кіргіскую карту, падтрымліваць вяртаньне ў Бішкек ранейшай улады:

"Гэта ўжо стаіць на мяжы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, і гэта ўжо можа ўскладніць становішча ў рэгіёне, які зьяўляецца ключавым і для Расеі, і для ЗША. Ні Расеі, ні ЗША не патрэбная нестабільнасьць у гэтым рэгіёне. Імкнуцца зрабіць сваю гульню на тым, каб ускладніць жыцьцё Маскве і Вашынгтону ў Сярэднеазіяцкім рэгіёне, — гэта даволі рызыкоўна. Такая гульня можа выклікаць адпаведную рэакцыю з Масквы і Вашынгтону, і такая рэакцыя можа быць кансалідаванай".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG