Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст КХП БНФ Сярей Каваленка, якога 20 красавіка будуць судзіць за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы, зьвярнуўся да відавочцаў падзей 7 студзеня.

Ён зьвярнуўся да жыхароў дома № 8 па Маскоўскім праспэкце, насупраць якога была ўсталявана ёлка, каб яны прыйшлі заўтра ў 10.30 у Кастрычніцкі раённы суд, дзе мае распачацца працэс.

Спадар Каваленка мае намер з дапамогай шараговых жыхароў Віцебску абвергнуць абвінавачаньні ў злосным хуліганстве і супраціве міліцыянтам.

Апазыцыянэр настойвае, што ня меў на мэце зьдзейсьніць хуліганскі ўчынак — што не зьбіраўся нанесьці шкоды ні ўпрыгожаньням на ёлцы, ні сваім землякам, якія сабраліся ў той дзень на калядны канцэрт мастацкай самадзейнасьці. Сяргей Каваленка цьвердзіць, што праводзіў палітычную акцыю, калі вывешваў сьцяг, і што гэта нельга расцэньваць як злоснае хуліганства.

Каваленка таксама зьбіраецца аспрэчваць сьведчаньні міліцыянтаў — падпалкоўніка Андрэя Іванова, малодшага сяржанта Максіма Максімава і старшага сяржанта Васіля Палітыкі — пра тое, што ён аказваў ім супраціў падчас затрыманьня. Сяргей Каваленка спадзяецца, што могуць знайсьціся ахвотныя засьведчыць, што ён не абражаў супрацоўнікаў міліцыі, затое яны гвалтам цягнулі яго ў машыну, зьбіваючы па дарозе.

Нагадаем, што Сяргей Каваленка двойчы зьвяртаўся ў Кастрычніцкі райсуд, каб распачаць справу супраць міліцыянтаў, якія нанесьлі яму цялесныя пашкоджаньні. І двойчы суд у гэтым адмовіў.

Пазоў міліцыянтаў, якія патрабуюць ад апазыцыянэра матэрыяльнай кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў кожнаму, таксама будзе разглядацца заўтра.

Паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і супраціве работнікам міліцыі Сяргею Каваленку пагражае да 6 год абмежаваньня волі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG