Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты просяць апраўдаць Мікалая Аўтуховіча і Міхаіла Казлова


На працэсе ў Вярхоўным судзе над гэтак званымі "тэрарыстамі" працягваюць выступаць адвакаты. Да перапынку выступілі адвакаты Сапелка і Ляскоўскі.


Абаронца Аўтуховіча Павал Сапелка папрасіў суд апраўдаць ягонага падабароннага па ўсім аб'ёме выстаўленага абвінавачаньня. Паводле Сапелкі, нібыта дзейнасьць Мікалая Аўтуховіча па арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі не даказаная, як і ягоная датычнасьць да зброі, якая фігуруе ў справе. "Павінен дзейнічаць асноўны прынцып права — прэзумпцыя невінаватасьці, паводле якога ўсе сумненьні трактуецца на карысьць абвінавачанага", — нагадаў суду адвакат Павал Сапелка.

Адвакат Барыс Ляскоўскі таксама папрасіў апраўдаць ягонага падабароннага, былога міліцыянта з Гародні Міхаіла Казлова, які, паводле сьледзтва, ведаў пра падрыхтоўку замаху групай Аўтуховіча, але не прадухіліў гэтае злачынства. Адвакат Ляскоўскі мяркуе, што віна ў гэтым Казлова не была даказаная.

Пасьля перапынку працягне выступаць адвакат Тамара Сідарэнка, якая абараняе былога супрацоўніка падатковай службы Ваўкавыску Ўладзімера Асіпенку.

Нагадаю, пракурор запатрабаваў для Мікалая Аўтуховіча 20 гадоў зьняволеньня, для Ўладзімера Асіпенкі і Аляксандра Ларына — па 11 гадоў, для Міхаіла Казлова — 3 гады зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG