Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Мы можам змагацца з Лукашэнкам, а вось з попелам не атрымліваецца


Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук не змаглі сёньня выляцець у Страсбур, дзе павінна пачацца веснавая сэсія Эўрапарлямэнту.

"Мы можам змагацца з Лукашэнкам, а вось з попелам не атрымліваецца", — сумна пажартаваў у размове са "Свабодай" лідэр АГП.

Ён сказаў, што ў Страсбуры былі заплянаваныя сустрэчы з кіраўніком Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам, выступ на паседжаньні найбуйнейшай фракцыі Эўрапарлямэнту — кансэрватараў, размова з дэлегацыяй Польшчы і шэрагам эўрапейскіх палітыкаў.

На сэсіі ў Страсбуры з-за закрыцьця паветранай прасторы, магчыма, ня будзе кворуму, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Эўрапарлямэнту Марджары ван дэн Брук. Вырашаць, што рабіць далей, будуць кіраўнікі парлямэнцкіх палітычных фракцыяў. Ня выключана, што дэбаты на сэсіі будуць праведзеныя, а галасаваньне адбудзецца пазьней.
XS
SM
MD
LG