Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцягі з-над Нёману


Бел-чырвона-белы сьцяг з жалобнай стужкай каля Прэзыдэнцкага палаца ў Варшаве

Бел-чырвона-белы сьцяг з жалобнай стужкай каля Прэзыдэнцкага палаца ў Варшаве

Прапануем вашай увазе пераклад артыкулу гданьскага журналіста Марка Вонса (Marek Wąs), які сёньня зьмясьціла польская "Газэта Выборча".

Дзякую за беларускія сьцягі на плошчы Пілсудзкага і перад Прэзыдэнцкім палацам.

Яны вылі выразна бачныя. Не рэжымныя, а гэтыя сапраўдныя, бел-чырвона-белыя. Паводле легенды, гэты сьцяг сымбалізуе скрываўленую павязку рыцара з-пад Грунвальду.

Уся мая сям’я з боку мамы адтуль. З Горадні, Ліды, Наваградку, Мастоў, Ваўкавыску, Шчучыну, Слоніму, Васілішак. У Катыні забілі сваяка маёй бабкі. Станіслаў Сьпевак быў дырэктарам пачатковай школы ў Мікелеўшчыне і афіцэрам запасу. Мікелеўшчына ляжыць між Мастамі і Каменкай. Позьняй восеньню 1939 году ён вярнуўся з вайны і сам зьявіўся перад савецкім "начальствам", бо такое было распараджэньне акупацыйнай улады. Перад тым, як загінуць, ён пасьпеў прыслаць дзьве запіскі зь няволі. Разам зь ім загінуў іншы настаўнік гэтай школы, ня наш сваяк, але якога ў нас заўсёды згадваюць, бо ён вучыў некаторых маіх цётак — Ян Бобэр.

Такіх сем’яў, як мая — на Памор’і сотні. Прозьвішчы маіх сваякоў: Даўгялевіч, Дзякевіч, Баўтрукевіч, Пяцэвіч... Прозьвішча маёй бабкі: Маскевіч.

У маёй сям’і ўсе выехалі на захад, ніхто не застаўся над Нёманам, няма каго там наведваць. Але дзякуючы ўспамінам ужо памерлай бабкі Ані, Беларусь для мяне — другая айчына. Я быў крануты, убачыўшы беларускія сьцягі на пахавальных урачыстасьцях.

Усе ў сям’і ведалі бабчына пачуцьцё гумару. Бабця, прабач, але я ўжо дарослы і ведаю, што ты не магла быць знаёмая з Алаізай Ажэшка. У тваім садзе не было магілы Яна і Цэцыліі (вядомых з раману А. Ажэшка "Над Нёмнам" -- Р.С.). Але гэта дзякуючы табе я ведаю, як выглядае беларускі сьцяг і герб — Пагоня. Дзякуючы табе я ведаю, што Горадня была найпрыгажэйшым горадам у сьвеце, бо ў ім было столькі касьцёлаў, колькі цэркваў і сынагогаў.

Год таму я пазнаёміўся з новым жыхаром Гданьска. Кірыл паходзіць з Гародні, яму 22 гады, мы некалькі разоў пайшлі на чарку. Кірыл — піяніст. Некалькі дзён таму ён заняў чацьвёртае месца ў прэстыжным конкурсе для піяністаў у Барсэлёне. Я вельмі ім ганаруся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG