Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такое пытаньне ставіць у сваёй сёньняшняй публікацыі інтэрнэт-партал Польскага радыё Polskieradio.pl.

Размова ідзе пра некаторыя акалічнасьці падарожжа Яраслава Качыньскага зь Віцебску да месца катастрофы 10 красавіка.

У сваім твітэры сябра Эўрапарлямэнту Адам Белян, адзін з тых, хто разам зь Яраславам Качыньскім ехаў 10 красавіка ў адным аўтобусе ад Віцебску да месца крушэньня прэзыдэнцкага самалёта, піша пра некаторыя акалічнасьці таго падарожжа.

Паводле Адама Беляна, у той час як шлях па Беларусі да расейскай мяжы быў хуткім, то ўжо ад мяжы па расейскай тэрыторыі ён атрымаўся надзвычай марудным. Агулам 100-кілямэтровая дарога ад Віцебску да Смаленску заняла 3 гадзіны.

Паводле эўрадэпутата, іх самалёт прызямліўся ў Віцебску каля 18-й гадзіны паводле польскага часу. Аўтобус, у якім ехалі Яраслаў Качыньскі, Адам Белян, а таксама польскія палітыкі Павал Коваль і Адам Ліпіньскі, суправаджалі мясцовыя міліцыянты.

"Мы вельмі хутка прыбылі на беларуска-расейскую мяжу ў суправаджэньні беларускага канвою”, — піша ў сваім блогу Адам Белян. — “Практычна на кожным скрыжаваньні стаяў беларускі міліцыянт і аддаваў нам пашану”.

Складанасьці пачаліся ўжо на беларуска-расейскай мяжы.

“Праверка нашых дакумэнтаў памежнікамі заняла 40 хвілінаў. Гэта нягледзячы на тое, што ўсе мы мелі дыпляматычныя пашпарты”, — паведаміў ананімна адзін з удзельнікаў польскай дэлегацыі. — “Да Смаленску ў суправаджэньні расейскіх міліцыянтаў мы рухаліся вельмі павольна з хуткасьцю каля 25—30 км у гадзіну”. Для ўдзельнікаў паездкі ўсё гэта было надзвычай непрыемна. На пытаньне да міліцыянтаў, чаму так адбываецца, яны пачулі адказ: такі загад.

Дзесьці за 20 км ад Смаленску аўтобус быў абагнаны эскортам, які суправаджаў польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска. Яго самалёт прыбыў у Віцебск амаль на гадзіну пазьней, чым самалёт зь Яраславам Качыньскім.

А 20:40 Белян пісаў: “Мы апынуліся ў Смаленску. Страшна баюся таго, што мы пабачым”. Пазней аўтобус каля паўгадзіны кружыў па горадзе, перш чым даехаў да месца катастрофы.

Тым часам Туск правёў перамовы з Пуціным, абодва ўсклалі кветкі на месцы трагедыі.

Словы Адама Білана парталу polskieradio.pl пацьвердзіў дэпутат сэйму Адам Ліпіньскі. Камэнтаваць іх ён, аднак, адмовіўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG