Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пройдуць ідэалягічныя дэбаты вакол гамафобіі


Трэці год запар з 17 красавіка па 17 траўня ў Беларусі праводзіцца праваабарончая кампанія "Месяц супраць гамафобіі". Сёлета яе арганізатарамі выступаюць Беларуская ініцыятыва за сэксуальную і гендэрную роўнасьць і грамадзкае аб'яднаньне "Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая грамада" пры падтрымцы беларускага ЛГБТ парталу Gay.by.

Асноўная мэта месячніка – правядзеньне шырокай інфармацыйнай кампаніі. Каардынатар Беларускай ініцыятывы за сэксуальную і гендэрную роўнасьць Аляксандар Палуян распавёў:

"Як і ў мінулыя гады, мы спрабуем прыцягнуць увагу да дыскрымінацыі і стыгмы ў адносінах да сэкс-меншасьцяў Беларусі. На жаль, з году ў год практыка паказвае, што сытуацыя зьмяняецца, але нязначна. І шмат арганізацый, шмат людзей становяцца ўсё больш гамафобнымі, больш агрэсіўнымі да гомасэксуалаў, таму сёлета мы паспрабуем накіраваць інфармацыю ў прававым аспэкце, у аспэкце адвакацыі правоў чалавека".
Шмат арганізацый, шмат людзей становяцца ўсё больш гамафобнымі,

Сёлета акрамя традыцыйных кінапраглядаў, сэмінараў, флэш-мобаў пройдуць дэбаты і ток-шоў пад умоўным назовам "Як процістаяць гамафобіі ў арганізацыях левага накірунку". Адмыслоўца ў пытаньнях гендэрных праблем, асьпірантка ЭГУ Юлія Міцкевіч кажа:

"Гэты месячнік супраць гамафобіі ладзіцца дзеля таго, каб высьвятляць усе гэтыя праблемы, як з прававога пункту гледжаньня, так і з палітычнага. Упершыню мы будзем рабіць ідэалягічныя дэбаты, на якія запрашаем прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных партыяў, якіх у Беларусі пяць ці шэсьць, а таксама арганізацыю, якую я ўзначальваю – "Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада". Нават сярод сацыял-дэмакратаў, я ведаю, ёсьць людзі, якія гамафобна настроеныя, нягледзячы на тое, што адным з асноўных прынцыпаў эўрапейскай сацыял-дэмакратыі зьяўляецца барацьба за правы меншасьцяў, у тым ліку, і сэксуальных".
Упершыню мы будзем рабіць ідэалягічныя дэбаты, на якія запрашаем прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных партыяў

У Беларусі пры канцы 1990-х існавала грамадзкае аб'яднаньне сэксуальных меншасьцяў "Лямбда", выходзілі часопісы, альманахі, быў нават клюб, але апошнія гадоў 10 гадоў сэксуальныя меншасьці знаходзяцца, так бы мовіць, у падпольлі.

Каардынатар Беларускай ініцыятывы за сэксуальную і гендэрную роўнасьць Аляксандар Палуян распавёў, што да так званых ЛГТБ стаўленьне ў грамадзтве часьцяком пагардлівае:

"У адным з гарадоў Беларусі міліцыянты арыштавалі двух хлопцаў толькі за тое, што яны трымалі друг друга за руку. Іх пратрымалі двое сутак без абвінавачваньня, а потым сказалі, што тыя вялі сябе вульгарна, былі п'яныя. Другі выпадак – беларускія ўлады з году ў год не даюць дазвол на правядзеньне гомасэксуаламі мірных інфармацыйных акцыяў, Напрыклад, хутка праваабарончы праект "Gay Беларуь" ладзіць "Славянскі гэй-прайд", і улады яшчэ не далі дазволу на яго правядзеньне"

Завершыцца кампанія 17 траўня, ў Міжнародны дзень процідзеяньня гамафобіі, традыцыйнай акцыяй ў памяць людзей, якія сталі ахвярамі нацысцкага рэжыму. Дарэчы, сёлета 17 траўня спаўняецца 20 гадоў, як дыягназ "гомасэксуалізм" быў выключаны Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя са сьпісу псыхічных захворваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG