Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаўрацыя з пэрспэктывай на бяспамяцтва


18 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцінаў. Для Беларусі гэты дзень актуальны ўжо таму, што працэс аднаўленьня помнікаў пераўтварыўся ў руйнаваньне старадаўніх пабудоваў з наступным узьвядзеньнем на вызваленым месцы муляжоў, якія ня маюць нічога агульнага зь гістарычнай спадчынай, мяркуюць адмыслоўцы. Якія пэрспэктывы ў захаваньні яшчэ ацалелых сьведчаньняў беларускай гісторыі?

Да Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясьцінаў Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала адмысловы зварот, у якім, у прыватнасьці, адзначаецца: сёньня ў Беларусі адначасова адбываюцца два супрацьлеглыя па сваёй сутнасьці працэсы – пошук рашэньняў для захаваньня гісторыка-культурных нерухомых матэрыяльных помнікаў, а зь іншага боку, працэс хаатычнага засваеньня гісторыка-культурных каштоўнасьцей, адвольныя зьмяненьні статусу помнікаў, злачыннае стаўленьне да ўтрыманьня гісторыка-культурнай спадчыны. Гаворыць старшыня таварыства Антон Астаповіч:
Антон Астаповіч

"Мы ўжо ня можам кідацца з боку ў бок, бо чакаем комплекснага вырашэньня гэтай праблемы. У мяне , шчыра кажучы, зноўку, як пайшоў працэс тармажэньня па разгляду ўсіх гэтых пытаньняў, адмоўны прагноз на станоўчае вырашэньне праблемы. Таму мы вызначаемся, што таварыству далей рабіць, якую тактыку прымаць. І калі я не дамагуся сустрэчы ў Камітэце дзяржкантролю, каб чарговым разам акрэсьліць праблему, мы будзем спрабаваць зрабіць тое, што магчыма ў рамках існуючай нарматыўна-прававой базы. Будзем спрабаваць запісацца на асабісты прыём да прэзыдэнта. Калі нічога з гэтага не атрымаецца, то прынамсі будзе паказчык таго, што ў рэчышчы існуючага заканадаўства ўлада праблему вырашаць ня хоча. Сама ўлада ігнаруе заканадаўства, у сувязі з чым праблема аховы гісторыка-культурнай спадчыны можа вырашацца ў пэўным палітычным рэчышчы, і ніяк ня болей. Афіцыйныя намаганьні хоць даюць пэўныя пазытыўныя моманты, але ж у комплексе праблема не вырашаецца".

Найбольш ад імпэту сучасных рэстаўратараў пакутуе гістарычны цэнтар Менску. Практычна зьнішчаныя аўтэнтычныя пабудовы на вуліцы Гандлёвай, Кірыла і Мятода, Рэвалюцыйнай, Камсамольскай. Некалі некранутая выспа старадаўніх пабудоваў на вуліцы Гандлёвай цяпер выглядае як катэджавы пасёлак – з сучаснай чарапіцай на дахах і дамамі, абшытымі плястыкавымі панэлямі. Гісторык Уладзімер Дзянісаў адзначае, што ў працэсе "рэстаўрацыі" ня зьведалі шкадаваньня нават дамы XVII-XVIІI стагодзьдзяў:
Праблема аховы гісторыка-культурнай спадчыны можа вырашацца ў пэўным палітычным рэчышчы

"Спачатку там былі падмуркі XVII стагодзьдзя, цагляныя скляпеньні, якія захаваліся. А потым ужо надбудоўваліся верхнія паверхі. Былі ў тым ліку драўляныя перакрыцьці, бо такая наша традыцыя: спачатку робяцца падмуркі, цокальныя паверхі, перакрытыя скляпеньні. Дарэчы, у нас вельмі распаўсюджаныя былі зьмешаныя будынкі дзе, прыкладам, першы паверх быў мураваны, а другі – драўляны. Былі войны, былі розныя гістарычныя падзеі, пажары. Але ўжо ў XVIII стагодзьдзі будынкі тут былі цалкам драўляныя, і ў нашым сьпісе гісторыка-культурнай каштоўнасьці яны запісаныя менавіта як аб'екты XVII стагодзьдзя".

Генэральны падрадчык перабудовы практычна ўсяго Верхняга горада – прадпрыемства "Менская спадчына". Стыль працы "рэстаўратараў" абурае адмыслоўцаў, паколькі заснаваны пераважна на руйнаваньні старых пабудоваў і ўзьвядзеньні на вакантных месцах навабудаў. Аднак адказныя за працэс чыноўнікі ня бачаць асаблівай бяды ў татальнай рэканструкцыі на новы лад. Вось, прыкладам, як адрэагаваў начальнік ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі на разбурэньне аднаго з дамоў на вуліцы Рэвалюцыйнай:
Ня трэба, каб эмоцыі перамагалі здаровы сэнс

"Яго трэба разабраць, бо ён пакрыты страшнай іржавай бляхай. Дык што з гэтай бляхай рабіць – маліцца на яе? Ці вокны, дзе сталярка абсалютна не апавядала характару і стылю будынка, – ну што зь ёй рабіць? Тым больш, гэта вельмі старая сталярка, якая ўжо ад часу згніла. Ну якія яшчэ падыходы можна ўжыць да гэтага будынка? Толькі такія. І ня трэба, каб эмоцыі перамагалі здаровы сэнс".

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў зьвязку з прыкладамі масавага зьнішчэньня матэрыяльных сьведчаньняў беларускай гісторыі друкуе адкрыты зварот: "Калі ўзяць прыклады зьнішчэньня помнікаў, незваротныя зьмены іх адметных архітэктурных, мастацкіх, гістарычных вартасьцяў і поўную пасіўнасьць пры гэтым праваахоўных органаў у дачыненьні да гэтых нэгатыўных праяваў, то можна сьмела казаць пра адсутнасьць праваўжываньня юрыдычных нормаў у дачыненьні да злачынцаў, якія забіваюць нашу нацыянальную памяць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG