Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП паспрабуе скарэктаваць Эўрапейскую стратэгію да Беларусі


Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук мяркуюць сёньня наведаць Страcбур, дзе правядуць шэраг сустрэчаў у Эўрапарлямэнце.

Падчас візыту чакаюцца сустрэчы з прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам, кіраўніком дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Эўранэсьце Крыстыянам Вігеніным, а таксама з прадстаўнікамі фракцыі кансэрватараў і польскай дэлегацыяй. Будуць абмяркоўвацца пытаньні ўдзелу Беларусі ў Эўранэсьце і магчымасьць карэкцыі эўрапейскай стратэгіі адносна Беларусі. Анатоль Лябедзька патлумачыў:

"Па Эўранэсту ў нас ёсьць мяжа, за якую мы ня можам выходзіць:гэта формула "пяць плюс пяць". Хацелі б як мага больш прывесьці аргумэнтаў, чаму гэта апошняя мяжа як для прыхільнікаў пераменаў унутры Беларусі, так і для Эўрапарлямэнту. І тое, што патрэбна карэкцыя стратэгіі, тут у нас таксама ёсьць свая пазыцыя, чаму яе трэба карэктаваць і ў які бок".
Анатоль Лябедзька

А.Лябедзька нагадаў, што ён перадаў зварот аб'яднаных дэмсілаў сьпікерам Грузіі і Малдовы, сустрэўся са старшынём камітэту па справах эўраінтэграцыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны Барысам Тарасюком. Спадар Тарасюк паабяцаў, што калі будзе галасаваньне па ўдзелу Беларусі, то пяць зь дзесяці ўкраінскіх дэпутатаў прагаласуе за формулу "пяць плюс пяць".

"Што тычыцца пазыцый Малдовы і Грузіі, мы ведаем, дзе там слабыя моманты і таксама спрабуем працаваць, каб іх умацаваць".

Плянаваная у сакавіку інаўгурацыя Эўранэсту (Парлямэнцкай асамблеі „Ўсходняга партнэрства“) была адкладзеная, бо Эўразьвяз і афіцыйны Менск не змаглі дамовіцца пра склад беларускай дэлегацыі. Эўрапарлямэнт хоча бачыць у дэлегацыі прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, бо прызнае Нацыянальны сход Беларусі нелегітымным. Беларускія ўлады не пагаджаюцца на кампраміс "пяць плюс пяць" і лічаць, што Беларусь павінны прадстаўляць толькі сябры Нацыянальнага сходу. Сьпікеры пяці краінаў-удзельніцаў «Усходняга партнэрства» — Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Украіны — падпісалі адмысловы зварот у падтрымку пазыцыі афіцыйнага Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG