Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіялініі патрабуюць скасаваць забарону на палёты


“Эўрапейская асацыяцыя аэрапортаў (ACI Europe) і Асацыяцыя эўрапейскіх авіякампаній (AEA) заклікалі адмяніць беспрэцэдэнтныя абмежаваньні паветранага руху ў Эўропе, уведзеныя з-за зьяўленьня воблака попелу, якое ўзьнікла пры вывяржэньні вулькана ў Ісьляндыі. Шэраг авіяперавозчыкаў, зьдзейсьніўшы выпрабавальныя палёты, заявілі, што ніякай небясьпекі няма.

Сябра Эўракамісіі, які курыруе пытаньні транспарту, Сіім Калас выказаў надзею, што ўжо сёньня палова эўрапейскай паветранай прасторы будзе прызнана бясьпечнай. Ён паведаміў, што сытуацыю сёньня абмяркуюць міністры транспарту краінаў Эўразьвязу.

Каля 20 краінаў Эўропы закрылі сваю паветраную прастору. Адкладзеныя дзясяткі тысячаў рэйсаў. Ня могуць вылецець сотні тысячаў пасажыраў. Авіякампаніі нясуць мільярдныя страты.

Прадстаўнікі арганізацыі Eurocontrol паведамілі, што каля 80 адсоткаў эўрапейскай паветранай прасторы было закрыта ў нядзелю. Адбылося толькі 5000 рэйсаў у параўнаньні з 24 000 заплянаванымі.

Асноўныя авіякампаніі - у тым ліку Брытанскай Airways, Air France, KLM Royal і Lufthansa – кажуць, што правялі лётныя выпрабаваньні ў апошнія дні, і не выявілі ніякіх бачных перашкодаў ад воблака попелу. Экспэрты папярэджваюць, што попел -- сумесь са шкла і часьціцы пароды, -- патэнцыйна можа прывесьці да сур'ёзных пашкоджаньняў рухавіка і іншых частак самалёта.
XS
SM
MD
LG