Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка чакае Бакіева зь сям'ёю


"Калі Курманбек Бакіеў пачуе мяне і пажадае прыляцець да нас хоць сёньня, хоць заўтра, ён будзе тут як самы дарагі на сёньняшні дзень госьць, як мой калега, як прэзыдэнт Кіргізстану”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Гэтыя словы Лукашэнка вымавіў пасьля таго, як наведаў памінальную імшу па прэзыдэнту Польшчы Леху Качыньскім і яго жонцы Марыі ў менскім Архікатэдральным касьцёле Панны Марыі.

“Калі прэзыдэнту Кіргізстану ў гэтую цяжкую хвіліну для яго сям'і патрэбныя будуць падтрымка і дапамога, то яна будзе аказаная ў Беларусі. Гэта маё асабістае рашэньне як кіраўніка дзяржавы”, – сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў, што Бакіеў застаецца для яго кіраўніком Кіргізстану:

“Ня варта давяраць тым подпісам пад заявай аб адстаўцы, якія сёньня дэманструюцца ў СМІ”.

Паводле Лукашэнкі, Курманбек Бакіеў цяпер знаходзіцца на поўдні Казахстану разам са сваёй сям'ёй: жонкай, пяцігадовым сынам і дзевяцігадовай дачкой. Пра пяцігадовага сына Бакіева Лукашэнка эмацыйна згадаў некалькі разоў. У Лукашэнкі ў самога гадуецца 6-гадовы сын Мікалай.

Лукашэнка таксама заявіў, што часовы ўрад Кіргізстану, Расея і Казахстан вядуць гульню вакол адстаўкі Бакіева:

“І падазраю, што і ЗША да гэтага прышпілілі. Думаю, у мяне будзе магчымасьць абмеркаваць усе гэтыя пытаньні з самім прэзыдэнтам Кіргізстану. Маім калегам у Казахстане і, напэўна, у Расеі ня вельмі хочацца, каб зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану дзесьці ў іх знаходзіўся, таму што супраць яго заведзена крымінальная справа”.

Учора раніцай зьявілася інфармацыя "Інтэрфаксу", што Бакіеў выляцеў у Менск, якая пазьней была зьняпраўджаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG