Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалобныя разьвітаньні ў Варшаве


У суботу ў Варшаве адбылася цырымонія разьвітаньня з 96 ахвярамі катастрофы Ту-154 пад Смаленскам. На плошчы імя Пілсудзкага былі відаць некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў.

Дакладана а 8.56, у часе, калі тыдзень таму разьбіўся самалёт прэзыдэнта Польшчы, ува ўсёй краіне загучалі сырэны і званы.

Яшчэ з ночы на плошчы імя Юзафа Пілсудзкага пачалі зьбірацца людзі, каб быць як мага бліжэй да вялікай, адмыслова збудаванай канструкцыі, на якой разьмясьцілі партрэты трагічна загінулых у катастрофе пад Смаленскам.

“Пакуль чакаем, але, здаецца, замала ўзялі вады з сабой. Вось жонку выслалі, каб яшчэ набыла, а я зь дзецьмі тут, каб месца не згубіць. Гэта абавязак – тут быць, штодзённыя справы малаістотныя цяпер: што значыць праца, крамы, паркі і гэтак далей?”

Апоўдні на пляцы, у прысутнасьці сотняў тысяч чалавек з усіх рэгіёнаў Польшчы, з замежжа, у тым ліку і Беларусі, прагучалі імёны ўсіх ахвяраў катастрофы.

“Сьвет абрынуўся для нас другі раз. Праз 70 гадоў, на тым самым месцы”, – сказаў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта краіны Браніслаў Камароўскі.

Потым – стрэлы ў паветра ў памяць ахвяраў, імша і завяршэньне ўрачыстасьцяў.

Пахаваньні першых ахвяраў катастрофы пачаліся яшчэ да сёньняшняга дня, аднак з Расеі ў Польшчу дастаўленыя яшчэ ня ўсе целы – ідэнтыфікацыя парэшткаў мае скончыцца ў сераду.

Сёньня таксама апошні дзень, калі можна было разьвітацца зь Лехам і Марыяй Качыньскімі – іхныя целы будуць дастаўленыя ў Кракаў, дзе ў нядзелю прэзыдэнцкая пара будзе пахаваная ў замку Вавэль.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG