Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бакіеў не перасякаў мяжы Беларусі


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Сёньня раніцай зьявілася інфармацыя аб тым, што зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў накіраваўся ў Менск. Раней Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Бакіеву, якому пагражае крымінальны перасьлед на радзіме, палітычны прытулак. Аднак Бакіева ў Беларусі пакуль не пабачылі.

Інфармацыя агенцтва "Інтэрфакс-Казахстан" са спасылкай на інфармаваную крыніцу аб тым, што Бакіеў нібыта выляцеў у Менск, зьявілася а восьмай гадзіне раніцы.

Адразу здымачныя групы тэлеканалаў ОНТ, РТР, Першага расейскага, фотакарэспандэнты АФП, “Ройтэрз” і карэспандэнт “Свабоды” паехалі ў Нацыянальны аэрапорт “Менск”, спадзеючыся сустрэць зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева.

Аднак прыкметаў таго, што Бакіеў прыбыў у аэрапорт, заўважыць не ўдалося, ніякіх спэцыяльных захадаў бясьпекі ў аэрапорце таксама не было відаць. Дзяжурныя службы аэрапорту зьняпраўдзілі інфармацыю, што нібыта чакаецца самалёт з былым прэзыдэнтам Кіргізстану.

Пазьней прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка склікаў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, на якой заявіў, што Бакіеў не прылятаў у Беларусь і не перасякаў яе мяжы нейкім іншым чынам.

Тым ня меней на інфармацыю пра адлёт Бакіева ў Менск адрэагавалі ў Бішкеку.

Віцэ-прэм'ер часовага ўраду Кіргізстану Азымбек Бекназараў заявіў, што калі Бакіеў зьявіцца і атрымае прытулак у Беларусі, то гэта можа пашкодзіць адносіны паміж краінамі. Ён таксама заявіў, што "ў двухбаковых адносінах паміж дзяржавамі будуць існаваць сур'ёзныя пытаньні", калі якая-небудзь з краін СНД дасьць прытулак Бакіеву, у дачыненьні да якога ў Кіргізстане заведзена крымінальная справа па факце масавага расстрэлу людзей і ўзурпацыі ўлады.

У мінулы чацьвер Бакіеў прыбыў у казахстанскі горад Тараз, дзе абвясьціў аб складаньні зь сябе паўнамоцтваў прэзыдэнта Кіргізстану.
XS
SM
MD
LG