Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хаця да дня галасаваньня на мясцовых выбарах у Беларусі застаецца яшчэ тыдзень, ужо зразумела – ацаніць, наколькі яны адпавядаюць міжнародным стандартам, ня будзе каму.

Экспэртаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якія лічацца найбольш дасьведчанымі ў гэтай справе, на выбары не запрасілі. Пра гэта афіцыйна паведаміла 15 красавіка старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК згадала пра традыцыю, згодна зь якой місію Бюро АБСЭ запрашаюць толькі на агульнанацыянальныя выбары: парлямэнцкія і прэзыдэнцкія. Разам з тым спадарыня Ярмошына прызнае: ад традыцыі можна было б і адыйсьці:

"Краіна мае права запрашаць і на мясцовыя выбары міжнародных назіральнікаў. Але гэта ўжо права той дзяржавы, якая праводзіць выбары.

Так склалася практыка ў нашай краіне, дый у суседзяў таксама, што мы запрашаем міжнародныя місіі толькі на агульнанацыянальныя выбары. Пры гэтым яны ў нас прысутнічаюць вельмі маштабна: па тысячы чалавек на апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах".

Юрыст, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч сам некалькі разоў працаваў у складзе міжнародных назіральных выбарчых місіяў. Ён зьдзіўлены тым, што Беларусь не запрашае экспэртаў БДІПЧ на рэгіянальныя выбары:

Уладзімер Лабковіч
"Выклікае толькі жаль, што беларускія ўлады не запрасілі на гэтыя выбары міжнародных назіральнікаў. Тым больш у сытуацыі, калі адбыліся зьмены выбарчага заканадаўства. А яно зьмянялася паводле патрабаваньня такіх інстытутаў, як БДІПЧ АБСЭ. І незапрашэньне яе экспэртаў на выбары я лічу памылкай. Улады фактычна прызнаюць — зьмены, якія адбыліся, не дасягаюць міжнародных стандартаў у галіне свабодных выбараў".

Лідзія Ярмошына сказала, што за працэсам галасаваньня змогуць сачыць супрацоўнікі дыпляматычных місіяў, акрэдытаваныя ў Беларусі. Яна назвала гэта жэстам добрай волі. І паведаміла, што назіраць за выбарамі пажадалі 50 дыпляматаў.

Уладзімер Лабковіч лічыць: замежныя дыпляматы ня змогуць паўнавартасна замяніць місію Бюро АБСЭ:

"Іх колькасьць, пры ўсёй павазе да прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў, невялікая. Яна ня дасьць магчымасьці супольна выпрацаваць пазыцыю міжнароднага грамадзтва да выбарчага працэсу ў Беларусі. І гэта не дае магчымасьці сказаць, што падчас выбараў адбываўся іх маніторынг — ад самага пачатку да падвядзеньня вынікаў галасаваньня. А мэтодыка БДІПЧ АБСЭ найперш прадугледжвае доўгатэрміновае назіраньне. Яна пачынаецца не пазьней як за 30 дзён да даты выбараў, а пажадана і значна раней. Такое назіраньне не стварае ў міжнароднай супольнасьці агульнай карціны пра тое, як адбываюцца выбары ў Беларусі".

Між тым, многія кандыдаты ў дэпутаты ў розных рэгіёнах сутыкнуліся з адной і той жа праблемай – улады даюць бязьлюдныя месцы для агітацыі. Напрыклад, у Мастоўскім раёне кандыдат у дэпутаты абласнога савету Зьміцер Кухлей адзначае:

Зьміцер Кухлей
“Яны вызначылі месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, пікетаў, але ўсе яны нялюдныя. Мы спрабавалі правесьці там пікеты, але людзі туды не ідуць, бо там яны наагул ніколі ня ходзяць”.

Высьвятляецца і тое, што ад выбарцаў утойваюць прыбыткі чыноўнікаў. Так, у Крычаве, Круглянах, Чэрыкаве і Шклове "раёнкі" атрымалі загад не друкаваць дэклярацыі праўладных кандыдатаў у дэпутаты

Крычаўскі вылучэнец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мікалай Гердзій зьвярнуўся са скаргай у раённую пракуратуру, каб тая прымусіла газэту “Крычаўскае жыцьцё” абнародаваць даходы ўсіх кандыдатаў:
Людзі ня ведаюць даходаў начальнікаў, а самі атрымліваюць капейкі ...

“Відаць, з падачы райвыканкаму, і гэта безумоўна, не надрукавалі гэтыя дадзеныя. А яны цікавыя. У мяне, дарэчы, і выбарцы пыталіся, а колькі атрымлівае той ці іншы кандыдат у дэпутаты. Людзі ня ведаюць даходаў начальнікаў, а самі атрымліваюць капейкі. Розьніца бывае ў дзясяткі разоў. Наагул інфармацыі пра даходы няма, яна схаваная. А так надрукуюць — і людзі будуць ведаць”.

І атрымліваецца так, што выбарчая кампанія па-сутнасьці завяршаецца, а па-сапраўднаму многія кандыдаты яшчэ і не агітавалі. А ўжо ва аўторак, 20 сакавіка, пачынаецца пяцідзённае датэрміновае галасаваньне.
XS
SM
MD
LG