Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Андрэй Ясінскі


Андрэй Ясінскі. Здымак Арцёма Канцавога.

Андрэй Ясінскі. Здымак Арцёма Канцавога.

Напэўна ж тыя, хто сабраўся ў Беларускай Майстроўні трыццаць гадоў таму, не ўсьведамлялі напоўніцу, што закладаюць такім чынам пачатак публічнага руху, які некалі прывядзе да зьдзяйсьненьня самых неверагодных іхных мараў. Адчувалі толькі, што патрапілі ў тую кропку, дзе дзеецца штосьці вялікае, можа быць, сама гісторыя. Нейкай задняй думкай яны, выгадаваныя на ідэёмах савецкай прапаганды, разумелі, што вольна ці міжвольна ідуць у змаганьне. Але “сама гісторыя” забараняла ім думаць пра гэта, упарта выводзячы іх на эвалюцыйны шлях масавых сьвятаў, сьпеваў і асьветы. З вышыні часу відаць, што тады, напачатку 1980-х гэты шлях быў адзіным магчымым і адзіным плённым.



Шчыра кажучы, калі я запрашаў далучыцца да нас Андрэя Ясінскага, ні пра якія сьвяты, сьпеўкі і асьвету нават ня думалася. Думалася, радыкальна і адначасова расплывіста, пра зьмену сыстэмы адназначна рэвалюцыйным шляхам. Да гэтага схілялі і ўзрост, і савецка-антысавецкая куламеса ў галаве, і абставіны, у якіх мы пазнаёміліся.

У ЗАМКУ НКВД


Гэта быў так званы Белполк на Грушаўскай вуліцы ў Менску. Колішняе месца дысьлякацыі карных падразьдзяленьняў НКВД.

Гэта былі “ўнутраныя войскі” і месьціліся яны ў велізарным сталінскім будынку-гаргары, які наскрозь быў працяты духам бесчалавечнасьці і мусіў выбіваць з галавы апошні намёк на каштоўнасьць чалавечага жыцьця. Адсюль у трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя грузавікі развозілі расстрэльныя ўзводы ў Курапаты, Лошыцу, парк Чалюскінцаў... Ня цяжка ўявіць, што і ў самім гэтым будынку дзейнічалі канвэеры катавальняў. А каб забойцы маглі спраўна расстрэльваць людзей, трэба было зьняць іх з папераджальніка чалавечнасьці. Гэта значыць, што і ўласнае жыцьцё пераставала для іх што-небудзь каштаваць.

Натуральна, трыццаць гадоў таму гэта ўсё не прадумвалася, бо не было ведаў. Але дзіўным чынам гэта ўсё неўсьвядомлена адчувалася. Будынак Белпалка заварожваў сваёй жахлівай веліччу. Атмасфэра ў ім была яшчэ тая.

САВЕТЧЫКІ-АНТЫСАВЕТЧЫКІ


Акно дывізійнай друкарні, дзе я тады служыў, выходзіла проста на Грушаўскую вуліцу. І калі ў лінатыпным пакоі не было афіцэраў, да гэтага вакна звонку прыходзілі Вінцук Вячорка і Сяржук Сокалаў. Мы падоўгу перамаўляліся, а па сутнасьці праводзілі рэдакцыйныя нарады часопіса “Люстра дзён”. Вячорка і Сокалаў прыносілі матэрыялы, а я іх зьбіраў і друкаваў наклад. Усяго такім чынам было выпушчана чатыры нумары. Наклад раздаваўся і рассылаўся тым, у кім мы або не сумняваліся або хацелі не сумнявацца. Гэта быў антысавецкі часопіс. Ні пра якія эвалюцыйныя шляхі гаворкі там не было.

Сыстэма магла зрабіць з нас або саветчыкаў, або антысаветчыкаў. Трэцяга яна не прадугледжвала.
Інакш кажучы, сама сыстэма магла зрабіць з нас або саветчыкаў, або антысаветчыкаў. Трэцяга яна не прадугледжвала.

Якім чынам мы ўсе, хто ў думках уяўляў свой шлях як паўстанцкі і рыхтаваўся да барацьбы з сыстэмай любымі сродкамі, апынуліся неўзабаве ў прыязным коле, што сьпявае калядкі й ладзіць Гуканьне Вясны, для мяне й цяпер загадка. Інакш як цудам я гэта патлумачыць не магу.

Ня дзіва, што мой салдацкі прыяцель Андрэй Ясінскі, які разам са мной прыйшоў у Майстроўню пасьля дэмабілізацыі зь Белпалка, так і не ўспрыняў майстроўскага эвалюцыйнага шляху. Ён пад фальклёрна-этнаграфічнай маскай увесь час бачыў групу рэвалюцыянэраў і з гэтага гледзішча ацэньваў іхную дзейнасьць. А Майстроўня тым часам усё ніяк не хацела ператварацца ў партыю ці партызанскі атрад. Што, на маю думку, было магчыма, але азначала б хуткі канец гэтага цуду, які проста ня меў бы ніякага працягу.

ПЕРАВАРОТ ПАВОДЛЕ ЛЕНІНА


Андрэй: “Хлопцы хацелі нешта зрабіць, нешта памяняць у сваёй дзяржаве. Я разумеў, што рабіць трэба па-іншаму, таму я назіраў за гэтым збоку і ўдзельнічаў настолькі, наколькі прыходзілася.

Я адзін з нашай групы ў інстытуце прачытаў амаль усяго Леніна. І, канечне, там зусім іншая была стратэгія і тактыка, калі хтосьці хацеў рабіць пераварот. Бо кастрычніцкая рэвалюцыя – гэта быў пераварот, які рабіў Ленін, і ён гэта зрабіў удала”.

Дубавец: Ужо тады, трыццаць гадоў таму, Андрэй Ясінскі аналізаваў майстроўскую сытуацыю з гледзішча задачаў і таго, ці слушна абіраецца тактыка. У якасьці ўзору бралася дзейнасьць Леніна. Тут трэба ізноў рабіць папраўку на час, калі зьмены ў грамадзтве ў маладых галовах маглі асацыявацца толькі з рэвалюцыяй.

Андрэй: “... Ленін зрабіў пераварот. А Майстроўня хацела перамен. Перамены і пераварот – яны чымсьці падобныя. Шляхі могуць быць розныя. Але ж ўся савецкая культура арыентавала нас на рэвалюцыйныя зьмены. Пра эвалюцыйныя зьмены ніхто ня думаў. Дый хто з маладых думае пра эвалюцыйныя зьмены? Гэта толькі тыя, хто пажыў”.

“НА СТАРАСЬЦІ ГАДОЎ”


Дубавец: Думка нібыта аксіяматычная. Але нават у майстроўскім асяродзьдзі мы знаходзім і адваротныя прыклады, калі погляды робяцца рэвалюцыйнымі з узростам, а не наадварот. Вось вам сёньняшняе прызнаньне Гэніка Лойкі.

Гэнік: “Але цяпер, што цікава, на старасьці гадоў я стаў максымалістам.
Гэнік Лойка. Здымак Арцёма Канцавога.
Юнацкім максымалістам. Для мяне цяпер важна чорнае і белае, вось так падзяліць сьвет -- і ўсё. Пры ўсім тым, што ён разнастайны і рознакаляровы, я на старасьці гадоў хачу бачыць сьвет чорна-белым. Калі ты гаворыш па-беларуску, ты беларус, не гаворыш – не называйся беларусам. Мне кажуць: а хто ж тады застанецца? Ну, сапраўды... І ўсё роўна! Вось у Вінцука Вячоркі ў партыі была такая ідэя. Ён кажа: мы як фен, распыляем дабро. А я кажу – не! Партыя павінна быць, як вастрыё стралы. Трыста спартанцаў -- і даволі будзе. Астатнія далучацца”.

Тое, што ў Майстроўні сыходзіліся людзі з процілеглымі поглядамі, ня будзе выклікаць зьдзіўленьня, калі глядзець на Майстроўню як на мадэль грамадзтва, дакладней, на мадэль нацыі, бо ўсіх аб’ядноўвала менавіта ідэя нацыі. Яны маглі быць і рэвалюцыянэрамі і эвалюцыяністамі, цьвёрдымі або мяккімі, рознага паходжаньня, розных чалавечых тыпаў і характараў. Але агульная ідэя выступала ў межах Майстроўні абсалютным прыярытэтам, як бывае ў часы нацыянальнага ўздыму або нацыянальнае жалобы. Міжчалавечыя непаразуменьні, падставы для якіх давалі і нашы характары, і агульная грамадзкая атмасфэра ўзаконенага крывадушша, калі і ўспыхвалі, дык тут жа й вырашаліся, бо галоўным было іншае.

Ідэальных людзей у Майстроўні не было. Гэта ідэя вяла нас за сабой і прымушала падцягвацца да сябе, адкідаючы ўсё лішняе ды надуманае.

Кажу пра нібыта абстрактныя рэчы, але яны выводзяць на зусім канкрэтную выснову. Майстроўня ўзьнікла ня дзякуючы найперш чалавечаму фактару, таму і зьнікнуць, дзякуючы толькі гэтаму фактару, не магла.

АНІКА-ВАЯКА


Але вось яшчэ дамайстроўскія часы, лета 1980 году, Менск, Белполк. Андрэй Ясінскі ў гутарцы з Тацянай Сапач згадвае наша зь ім знаёмства.

Андрэй: “Сяргей мяне зацягнуў. Мы зь ім разам служылі ва ўнутраных войсках у Менску. Ён служыў-рабіў у нашай палкавой друкарні. А я быў у “спэцназе”. Спортузвод. І тады ён у мяне браў інтэрвію. І надрукаваў інтэрвію са мной у нашай палкавой газэце. Гэта было ў 1980-м годзе. У той час нас выкарыстоўвалі для аховы стадыёну “Дынама” падчас алімпійскіх гульняў. Зразумела, што я як спартовец цікавіўся і спортам і, тым больш, Алімпіядай. І калі мы ехалі на ахову парадку на стадыён, па дарозе я хлопцам чытаў ці расказваў пра нашых спартоўцаў, якія выступаюць, хто як выступае і якія шанцы. І ён паслухаў і ўзяў у мяне інтэрвію. Маўляў, ёсьць такі чалавек, які інфармуе народ”.

Дубавец: У Майстроўні Андрэй сьпяваў і граў у спэктаклі “Цар Максімілян”. Яму, кандыдату ў майстры спорту па самба, дасталася роля Анікі-ваякі, аднаго з ключавых пэрсанажаў спэктаклю. Цяпер ён са сцэны мог параўноўваць майстроўскую тактыку з тым, што вычытваў у Маркса і Леніна.

Андрэй: “Я бачыў, што мяне выкарыстоўваюць, але мне гэта было цікава. Я па-філязофску назіраў троху збоку. Але сваю справу рабіў добра – і інтэрвію даваў, і Аніку граў.
Андрэй у ролі Анікі-ваякі. Прэм’ера спэктакля “Цар Максімілян” на філфаку БДУ. Менск, 1981 год.

Я чытаў Маркса і Леніна (бібліятэка была ў нас дома) і разумеў, што, па-першае, павінны быць матэрыяльныя абставіны – гэта паводле Маркса, а як рабіць – гэта ўжо паводле Леніна, трэба было ісьці ў падпольле. І канечне ніхто не гатовы быў туды ісьці.

“Цар Максімілян” на Заслаўскім замчышчы, 1982 год. Маналёг Анікі-ваякі.
Ну а што рабілі? Канечне, пачыналася ўсё з Ларысы Сімаковіч. Ларыса была і душой і сэрцам. Сьпевы – гэта самае існае, што было ў той час, і самае сапраўднае. Таму што ў музыцы ўвогуле ня схлусіш. А беларуская музыка яшчэ й з такім захопленым чалавекам, як Ларыса, яна кранала чалавечыя струны, не абавязкова беларускія ці небеларускія, чалавечыя. І выхоўвала. І дысцыпліна там была. Я не сьпявак, але тое, што магу, гэта з тых часоў.

ПРЫНЦЫП ДЗЮДО І БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ


Справа ў чым? Справа ў тым, што я па сваёй сутнасьці касмапаліт. Па сутнасьці фізычнай. У мяне адзін дзед з-пад Саратава, саратаўскі татарын. Другі дзед з Бранска. Адна бабка з Украіны, зь Віньніцкай вобласьці, а другая з Койданава, беларуска. Казаць, што Койданава добра, а Віньніца дрэнна, калі гэта ўсё я, ня мела сэнсу. Але ж Сяргей, калі зьвяртаўся да мяне, казаў, што я павінен размаўляць па-беларуску. А ў мяне па беларускай мове было чатыры. А чатыры было ў тых, хто не наглеў на ўроках, а проста сядзеў спакойна.

Я чалавек такі... Нездарма ж я займаўся самба. Самба вельмі блізка да дзюдо. А прынцып дзюдо, дарэчы, як і беларускага народу, заключаецца ў чым? Калі сьнег узімку вялікім цяжарам кладзецца на елачныя галіны, дык тыя галіны, якія моцныя, якія роўна стаяць, пад цяжарам гэтага сьнегу ўрэшце ломяцца, не вытрымліваюць. А слабейшыя галінкі, якім цяжка, яны не такія моцныя, яны гнуцца, сьнег зь іх спаўзае, яны выпраўляюцца, і зноў стаяць. Беларусь за гісторыю прасавалі ўздоўж і ўпоперак, і народ тут прывык цярпець.

Таму і я так ставіўся. Хочаце, каб размаўляў па-беларуску, калі ласка. Ну і навучыўся хутка, бо там было асяродзьдзе.
Майстроўцы ў актавай залі філфаку БДУ. Менск, 1981 год. Андрэй Ясінскі першы справа.

Зараз практыкі ў мяне няма, бо я размаўляю ўвесь час на рускай мове. Але ж у свой час нават вершыкі пісаў па-беларуску. Гэта ўжо пазьней было, не ў часы Майстроўні, а калі я ў БГАКЦ працаваў, у Беларускім гуманітарным адукацыйна-культурным цэнтры. Разам з Уладзімерам Коласам.

Як на заклік чуеш “ась”,
значыць, гэта наш Юрась. (Юрась Чудзін, здаецца, быў такі.)
Абмінае ён куты,
калі што, улататы.
Кіраўнічы чуеш голас,
зразумела, гэта Колас.

Калі я Алесі Сёмусе прачытаў гэты вершык, яна кажа: О! Дык ты яшчэ й вершы пішаш...

І мова вучылася значна лягчэй разам зь песьняй... Між іншым, мой бацька скончыў ін’яз і маці скончыла ін’яз, так што ў мяне лінгвістычныя задаткі былі.

“ЦАР МАКСІМІЛЯН”


Калі мы спрабавалі паставіць “Максіміляна” ў нас у Наргасе... Дарэчы, яго забаранілі з-за Сяргея Дубаўца, таму што мы разьвешвалі аб’явы, каб студэнты прыходзілі, і ён напісаў ў аб’яве такі верш:

Гэй, студэнт,
ці сьпіш ці п’ян,
прачынайся рэзка,
будзе “Цар Максімілян”,
жвавая бурлеска.

І калі я на першым паверсе ў галоўным корпусе павесіў гэты заклік, то празь дзень прыйшоў наш парткам і спытаўся: што ў нас студэнты толькі п’юць ды сьпяць? І калі яны пацікавіліся, што гэта за “Максімілян”, яго забаранілі.

Ён жа ўвасабляе ўладу. І сэнс у тым, што Максіміляна забіваюць, мяняюць уладу. Аніка-ваяка там кажа: скарбы твае крывавыя, незапрацаваныя! Дарэчы, я і забіваў цара паводле сюжэту. “Скарыся, цар, заб’ю!” Як ні круці, а гэта заклік да зьмены ўлады.

І зараз такі год перадвыбарны... Можа яно й супала – 30-я ўгодкі Майстроўні і выбары ў Беларусі, таму што ўжо “плод сасьпеў”. Самы час мяняць уладу. І таму аднавіць гэтую пастаноўку, дзе мяняецца ўлада, -- гэта патрабаваньне часу.

АНІКА ПАКІДАЕ МАЙСТРОЎНЮ


Я чаму й адышоў, таму што бачу, трошкі ня так робіцца гісторыя.

Андрэй Ясінскі, Вінцук Вячорка ў Заслаўскай бажніцы. 1982 год.
Калі парткам не дазволіў спэктакаль у наргасе, гэта быў 1982 год. І калі мяне зноў клікалі -- трэба там сыграць, туды зьезьдзіць, -- я адказваў: хлопцы, у мяне сэсія, мне трэба па вышэйшай матэматыцы здаваць іспыт. А Вінцук Вячорка тады казаў: мы дапаможам табе, вось Арына вучыцца на мэхмаце ва ўнівэрсытэце, паехалі. Я кажу: добра, паедзем, але ж вы дапаможаце. Ну і калі прыйшла сэсія, я прыходжу да Арыны й Вінцука дадому. Выходзяць. Я кажу: ну вось, я прыйшоў, трымайце слова. Мы ў Заслаўе зьезьдзілі, сыгралі там... Вочы ў іх былі разгубленыя. Мы з Арынай адышлі. Зразумела, ніякай дапамогі не было. Проста Арына сказала – так, у яго галава ёсьць. А мне трэба была не галава, трэба было дапамагчы як бы. І я зразумеў тады, што людзі больш бачаць сябе ў гэтым напрамку, а не напрамак у сабе. Сябе ў Майстроўні, а не Майстроўню ў сабе. Не Беларусь была асноўным, а самарэалізацыя. У асноўным я кажу пра Вінцука, пра Арыну не кажу, яна жанчына. Я паглядзеў, што ня той чалавек, ня тыя людзі...

Не расчараваньне, я проста бачыў, што матэрыяльных абставінаў няма, каб рабіць пераварот, калі яго рабіць. Калі рабіць, то прафэсійна, і трэба быць прафэсійным рэвалюцыянэрам, а я ня быў гатовы быць прафэсійным рэвалюцыянэрам. Я барэц, але ж не рэвалюцыянэр. Я больш эвалюцыяніст”.



Дубавец
: Абмеркаваньне паводзінаў Вінцука было ўлюбёнай тэмай майстроўскіх кулюараў, асабліва напачатку Майстроўні. І гэтая тэма не магла не праявіцца ў нашых перадачах праз трыццаць гадоў. Вінцук выклікаў поўны спэктар адносінаў – ад абсалютнага захапленьня да непрыняцьця й сыходу з Майстроўні. Ці магло быць інакш? І ці здарыўся б тады цуд нараджэньня публічнага беларускага руху? Гэтае пытаньне застанецца неадказаным, бо ўсё, што рабілася тады, ня мела й не магло мець альтэрнатывы для параўнаньня. Майстроўня была прэцэдэнтам.

З поўнай дакладнасьцю можна казаць толькі пра тое, што мы тады фармаваліся, што натуральна ў студэнцкім веку, і фармавалі самі сябе, што было ўнікальнай уласьцівасьцю Майстроўні.
Усім працэсам кіраваў Вінцук, а Вінцуком, як мне бачыцца сёньня, кіраваў цуд.
Этыка ў нашых размовах сапраўды матэрыялізавалася, і кожны ўчынак абмяркоўваўся, часта нават занадта прыдзірліва. Усім працэсам кіраваў Вінцук, а Вінцуком, як мне бачыцца сёньня, кіраваў цуд. Мы ўсе былі зачараваныя цудам, а падпарадкоўваліся канкрэтнаму чалавеку -- Вінцуку. Можа быць, асаблівасьці характару, жыцьцёвыя памкненьні, эмацыйнае поле Вінцука калі-нікалі пярэчылі волі цуду ці нават супраціўляліся ёй. Можа быць, тое, што ён рабіў, яму самому калі-нікалі здавалася неўласьцівым сабе. Але хваля ўздыму ад гэтага тварэньня гісторыі не зважала на ягоныя пярэчаньні. Яна падхоплівала яго і празь яго перадавалася ўсім астатнім.

На маю думку, аналізаваць учынкі Вінцука Вячоркі ў Беларускай Майстроўні як тады, так і сёньня, -- занятак бясплённы, таму што ў выпадку такога сумяшчэньня ніколі ня будзеш ведаць, што аналізуеш, ці паходку канкрэтнага чалавека, ці хаду гістарычнага працэсу.

ПАСЬЛЯ МАЙСТРОЎНІ


Пасьля Майстроўні Андрэй скончыў Наргас, стаў эканамістам і праз усё жыцьцё адчуваў нязручнасьці з-за свайго абвостранага пачуцьця справядлівасьці. Ён і ў Наргас пайшоў таму, што хацеў зразумець, чаму даброты ў грамадзтве разьмяркоўваюцца неадпаведна працы. Адказаў шукаў і ў Маркса і ў Леніна, а ўрэшце знайшоў у жыцьці. Сутнасьць чалавечая такая, і справа зусім ня ў тым, сацыялізм у нас ці капіталізм.

Між іншым, ці ня самая яркая пасада сярод шматлікіх заняткаў Андрэя – гэта праца галоўнага бухгалтара ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Дырэктар ліцэя Ўладзімер Колас згадвае пра Ясінскага ў сваёй кнізе "Лёс ліцэя":

Уладзімер Колас.
“Напачатку амаль усе арганізацыйныя абавязкі выконваў вэтэран майстроўскага руху Андрэй Ясінскі. Андрэй скончыў Наргас, прыйшоў да нас на пасаду бухгалтара і з энтузіязмам браўся за любую працу. Паколькі мы пачыналі з нуля, трэба было знайсьці й закупіць агромністую колькасьць самых разнастайных рэчаў. Памятаю, як аднойчы мы набылі сэйф. Злавілі “папутку” і давезьлі яго да вуліцы Караля, але чамусьці ня здолелі пад’ехаць да самага будынку. Сэйф быў цяжкі, нас – двое, і, нягледзячы на тое, што абодва далёка ня зломкі, падняць яго, а тым больш несьці, мы ня здолелі. Было ўжо позна й цёмна, і шукаць дапамогі не было дзе. Тады на нейкай будоўлі паблізу мы знайшлі некалькі дошак і бярвёнаў, пагрузілі на іх сэйф і потым доўга пад месячным сьвятлом цягнулі яго да будынку, выкарыстоўваючы тэхніку будаўнікоў эгіпэцкіх пірамідаў”.

Андрэй: “Кім толькі я ні працаваў. І дырэктарам малога прадпрыемства, і галоўным бухгалтарам БГАКЦ, і інжынэрам, і прадпрымальнікам. Словам, працоўнай кніжкі не хапіла, ужо скончылася.

Не, не лятун. Справа ў тым, што пошук справядлівасьці – гэта рыса характару такая. Я прымаю, што я такі, і каб далей можна было жыць, згібаюся пад гэтым цяжарам і мяняю працу.

Ёсьць дзеці. Ёсьць ад першага шлюбу сын. Андрэй таксама. Я выхоўваў яго паўтары гады. Ён па крыві ня мой сын, але я яго выхоўваў. Ён вучыцца на эканаміста, вышэйшую адукацыю атрымлівае. Дарэчы, яго маці прапрапрадзед быў кіраўніком Слуцкага паўстаньня. Я і прозьвішча ўзяў ад жонкі. Я зараз Ясінскі Андрэй. Быў Крывашэін калісьці ў Майстроўні, а ўжо больш за 25 гадоў я Ясінскі.

Сын Андрэй служыў у нашай дывізіі тут пад Менскам, на 9-м кілямэтры. І ён такі хлопец, які ставіцца да ўлады, як патрыёт. Як у Штатах вісіць сьцяг і партрэт прэзідэнта, дык у яго ў пакоі вісіць партрэт Лукашэнкі. Я паважаю ягоны выбар. Ён так ставіцца да дзяржавы. Справа ня ў тым, што гэта Лукашэнка. Але ён зараз увасабляе нашу дзяржаву. Як сымбаль.

А дачка ў мяне Наста, яна пераняла ад бацькі байцоўскі характар.

У Майстроўні самае сьветлае, што было – гэта тыя выступы. І “Максімілян”, як частка. Канечне, гэта Ларыса Сімаковіч, гэта сьпевы, гэта сонечнае сьвятло, тое, што было. Гэта людзі, якія шчыра ставіліся да таго, што рабілі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG