Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны кліматоляг: "Прадукты вывяржэньня вельмі шкодныя"


Госьць “Начной Свабоды” – галоўны кліматоляг Беларусі Павел Каўрыга. Юрась Бушлякоў распытаў госьця пра акалічнасьці, зьвязаныя з вывяржэньнем вулькану Эяф’ятлаёкудль у Ісьляндыі.






СЛУХАЦЬ:


Каўрыга
: Вульканы пастаянна дзейнічаюць то ў адным, то ў другім месцы. У сувязі з тым, што ўнутры Зямлі назапашваецца энэргія, яна рэалізуецца ў выглядзе землятрусу. Калі гэтай энэргіі вельмі шмат, то яна выкідаецца на паверхню ў выглядзе вывяржэньня вульканаў.

Бушлякоў: Раней таксама былі вывяржэньні ў Ісьляндыі. Чаму цяпер такі эфэкт, у прыватнасьці, на авіяцыйныя зносіны?

Каўрыга: Цяпер гэта праявілася ў спалучэньні з мэтэаралягічна-пагоднымі ўмовамі. Усталяваўся ўстойлівы заходні перанос паветраных масаў. І якраз такое спалучэньне прывяло да таго, што шлейф вульканагенных выкідаў (газы, пыл) прыняў устойлівы напрамак на ўсход. Ён можа разьвеяцца і зьнікнуць недзе ў Арктыцы, калі ня будзе папаўняцца новымі матэрыяламі з гэтага вулькану.

Бушлякоў: Якім можа быць узьдзеяньне вульканічнага попелу на здароўе людзей? Ці можа ён быць рэальна небясьпечны?

Каўрыга: Сапраўды, гэта вельмі небясьпечна. Гэтыя прадукты вывяржэньня распаўсюджваюцца ў паветры і вельмі шкодныя, бо вульканагенныя. Акрамя таго, газы, якія выкідваюцца на такім атамарна-малекулярным узроўні, пераважна сярністыя (дыяксыд серы, серавадарод, серавуглярод). І яны ў атмасфэры ўступаюць у рэакцыю з кропелькамі вады і ператвараюцца ў серную кіслату. І гэтыя, утвораныя ўжо ў атмасфэры новыя хімічныя спалучэньні, вельмі шкодныя. Кіслотныя дажджы таксама зьвязаныя з гэтымі выкідамі. Асабліва небясьпечна знаходзіцца на адкрытай мясцовасьці на дварэ, у населеным пункце ў часе выпадзеньня ападкаў. Таму што ападкі прамываюць атмасфэру, захопліваюць кропелькі вады і трапляюць на цела чалавека. Калі яны будуць удыхацца, гэта яшчэ дадатковая шкода. Несумненна, што гэта небясьпечная зьява для людзей.

Бушлякоў: Зьявілася інфармацыя, што на тэрыторыі шэрагу краін, у тым ліку Беларусі, могуць прайсьці кіслотныя дажджы. Ці так гэта?

Каўрыга: Так, сапраўды так.

Бушлякоў: Што рабіць у гэтай сытуацыі?

Каўрыга: Асабліва варта прыняць ахоўныя меры пры магчымым выпадзеньні ападкаў. Трэба, каб у такіх месцах дзяржаўныя службы давалі інфармацыю людзям пра небясьпечную канцэнтрацыю, што перасягае крытычныя памеры, калі чалавек можа адчуваць сябе вельмі дрэнна. Асабліва мэтэазалежныя людзі. Павінна паступаць рэгулярная інфармацыя. Тады любы чалавек будзе разумець, што ў часе выпадзеньня ападкаў увогуле нельга знаходзіцца на адкрытай мясцовасьці пры павышаных долях канцэнтрацыі вульканагенных газаў. Але пакуль што такой навукова абгрунтаванай інфармацыі мы ня бачым. Інфармацыя пакуль што чыста журналісцкая.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG