Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сідарэнка: “Пракурор выключыў з абвінавачаньня толькі драбязу”



20 гадоў пазбаўленьня волі для Мікалая Аўтуховіча, па 11 гадоў для Ўладзімера Асіпенкі і Аляксандра Ларына і 3 гады для Міхаіла Казлова папрасіў пракурор Эльдар Сафараў, які падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачаньне ў справе аб падпалах і падрыхтоўцы тэракту. Чым была адметная прамова пракурора?

Пракурор Эльдар Сафараў выступіў ляканічна і зразумела, але як да юрыста да яго могуць узьнікнуць прэтэнзіі, мяркуе адвакат Тамара Сідарэнка.

Выхопліваліся патрэбныя паказаньні ў Ларына і давалася ім патрэбная сьледзтву адзнака.
«З пункту гледжаньня закону прамова была вельмі несалідная. Выхопліваліся патрэбныя паказаньні ў Ларына і давалася ім патрэбная сьледзтву адзнака».

Абвінаваўца збольшага пацьвердзіў усе ранейшыя абвінавачаньні Аўтуховічу, Асіпенку, Ларыну і Казлову. Істотным выключэньнем ёсьць толькі тое, што Эльдар Сафараў прасіў суд апраўдаць Уладзімера Асіпенку па эпізодзе аб удзеле ў арганізацыі падпалаў у Ваўкавыску. Затое Асіпенку цалкам інкрымінаваны эпізод аб падрыхтоўцы тэракту. Што да Мікалая Аўтуховіча, з абвінавачаньня на ягоны адрас выключана драбяза, кажа адвакат Тамара Сідарэнка.

«Фактычна нічога, драбяза. Выключыць эпізод ад пераносе зброі, гэта наконт абрэзу, бо ня ведаў. Паменшыць дзейнасьць у падрыхтоўцы тэракту да 17 кастрычніка, паколькі больш ня браў удзел, кіраўніцтва злачыннай групай да гэтага дня пакінуць... Вось такія, дробныя выключэньні».

З абвінавачаньня Аляксандра Ларына пракурор таксама адмовіўся толькі ад некаторых нязначных момантаў, аднак пры гэтым прасіў суд улічыць, што Ларын актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам і даў прызнавальныя паказаньні.

Вось як прамову пракурора пракамэнтаваў адзін з кіраўнікоў руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык:

«Пракурор цалкам праігнараваў усё, што адбывалася падчас адкрытага судовага працэсу, застаўся на пазыцыях сьледзтва, па-сутнасьці ні ад чаго не адмовіўся. Рэчавыя доказы на працэсе „паплылі“, а ў пракурора яны засталіся рэчавымі доказамі. Тое, што пракурор папрасіў для Мікалая Аўтуховіча 20 гадоў, сьведчыць пра тое, што ў Беларусі застаюцца вельмі вялікія праблемы з правам. Вышынскі мог бы ганарыцца гэтай прамовай у Вярхоўным судзе Беларусі».

Працэс працягнецца ў суботу, 17 красавіка. Выступяць адвакаты абвінавачаных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG