Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў усім дзяржаўным мэдыям абмежаваць трансьляцыю забаўляльных праграмаў 18 красавіка ў зьвяку з пахаваньнем прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага. Да гэтага Беларусь заставалася адзінай краінай у рэгіёне, дзе жалоба па ахвярах авіякатастрофы не была абвешчаная на дзяржаўным узроўні.


Паводле Аляксандра Лукашэнкі, трансьляцыю забаўляльных праграмаў трэба абмежаваць ад 12-й да 18-й гадзіны 18 красавіка. Кіраўнік краіны прапанаваў таксама недзяржаўным мэдыям перагледзець сетку вяшчаньня ў гэты час. Ці азначае гэта, што ў Беларусі ўсё ж будзе аб’яўлены дзень жалобы?

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў:

Дзень жалобы аб’яўляецца некалькі інакш, як вы разумееце.
«Дзень жалобы аб’яўляецца некалькі інакш, як вы разумееце. У гэтым выпадку гэта тое даручэньне, якое накіравана найперш сродкам масавай інфармацыі».

Пакуль невядома, ці выйдзе ўказ прэзыдэнта пра абвяшчэньне дня жалобы і ці прыме Аляксандар Лукашэнка ўдзел у нейкіх жалобных мерапрыемствах, да прыкладу, у памінальным набажэнстве ў касьцёле:

«Дачакаемся таго рашэньня, якое прыме прэзыдэнт».

Намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Мартыненка паведаміў, што зьмены будуць унесены ў тэле і радыёпраграмы. 18 красавіка а 15:40 адбудзецца паказ фільму «Катынь» па Першым тэлеканале, а 23 красавіка гэты фільм яшчэ раз паўтораць. А ці будзе адмысловае афармленьне на тэлеканалах?

«Адмысловага афармленьня ня будзе. Магчыма, у нас будуць выпускі навінаў, зараз вырашаецца. Выйдзем з дадатковымі выпускамі навінаў, каб больш апэратыўна паказваць, што адбываецца ў Кракаве».

А ці будуць карэспандэнты БТ у гэты дзень у Польшчы?

«Паколькі там шмат віп-гасьцей, ускладненыя ўмовы акрэдытацыі. Паколькі мы ўдзельнікі эўрапейскага вяшчальнага саюзу, то мы дамовіліся — ўсё відэа будзем атрымліваць праз каналы ЕBU».

Камэнтуючы ўказаньне Аляксандра Лукашэнкі мэдыям, рэжысэр Уладзімер Колас сказаў, што да кіраўніцтва краіны, відаць, нарэшце дайшлі сыгналы большасьці беларускага грамадзтва дачынна трагедыі пад Смаленскам:

«А таксама дачынна паводзінаў беларускіх уладаў падчас гэтай жалобы нашых суседзяў і нашых польскіх братоў. Паколькі гэтыя ўлады
Паколькі гэтыя ўлады ўсё ж такі рэагуюць на стан электарату, то гэта рашэньне падаецца цалкам заканамерным.
ўсё ж такі рэагуюць на стан электарату, то гэта рашэньне падаецца цалкам заканамерным. Але тое, як яно было прынятае, і што яно было прынятае ў такім выглядзе, без аб’яўленьня жалобы, проста па загадзе ўстрымацца, а калі б не было загаду, можа, і танчылі б далей з зоркамі. Гэта таксама сьведчыць зноў жа пра маральны стан, калі не ўсяго грамадзтва, то пэўных складнікаў гэтага грамадзтва».

Афіцыйную дэлегацыю на пахаваньні прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага ўзначаліў старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Барыс Батура. Камэнтуючы гэтае рашэньне, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што гэта даволі нізкі ўзровень прадстаўніцтва беларускага боку:

«Гэта цалкам адпавядае агульнаму стаўленьню беларускіх уладаў да стасункаў з Польшчай, якое ў тым ліку было прадэманстравана неабвяшчэньнем нацыянальнай жалобы. З пункту гледжаньня агульнай палітыкі сёньняшніх беларускіх уладаў, гэта чаканае рашэньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG