Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наталка Бабіна – пра містыку ў беларускай літаратуры


Наталка Бабіна
Наталка Бабіна

Экспэртка рубрыкі Наталка Бабіна лічыць, што калі б у беларускай літаратуры было на 2 адсоткі больш твораў містычных, загадкавых, захапляльных, то менавіта гэта гарантавала б нам яе захаваньне. Тым ня менш, хоць свайго Стывэна Кінга ўсё яшчэ беларуская проза ня мае, але свой рэйтынг яна склала не на пустым месцы.




1. Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях. Менск, «Мастацкая літаратура», 1990.

Ян Баршчэўскі паходзіў з-пад Полацку і пісаў па-польску і па-беларуску. Менавіта гэтая кніга была напісана ім па-польску. Аднак яе можна з поўным правам аднесьці да літаратуры беларускай — у той час, калі сама назва Беларусь знаходзілася пад забаронай, аўтар так таленавіта і шчымліва расказваў пра свае родныя мясьціны, што аповесьць гэтая заўсёды знойдзе водгук у сэрцы беларуса. І форма, абраная для гэтага, падаецца ідэальнай: фантастычныя аповеды рэальных людзей пра нерэальныя, але так рэальна апісаныя істоты і з’явы: шматдзетны чорт з глыбіняў возера, іскрынкі, што абяртаюцца дзецьмі, духі, што харчуюцца людской злосьцю, таямнічая жабер-трава — жывая паэзія народнага жыцьця.

2. Вацлаў Ластоўскі. Выбраныя творы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 1997.

Найперш хачу назваць аповесьць «Лябірынты» — фантастычную і містычную. Укладальнік кнігі Язэп Янушкевіч лічыць яе «бясспрэчнай вяршыняй творчасьці Ластоўскага-празаіка», якая «запраграмавала» «феномэн Уладзімера Караткевіча для беларускай літаратуры». Аповесьць варта прачытаць хаця б для таго, каб ацаніць, ці мае рацыю ўкладальнік.

3. Уладзімер Караткевіч. Дзікае паляваньне караля Стаха. Том 7. Збор твораў ў 8 тамах. Менск, «Мастацкая літаратура», 1990.

Так, Караткевіч для беларускай літаратуры — сапраўды, «наша ўсё», а «Дзікае паляваньне...» — усё ўсяго. Упэўнена, што яшчэ не адно пакаленьне беларусаў — і не толькі беларусаў — будуць, не адрываючыся, сачыць за прыгодамі герояў з Балотных Ялін, спасьцігаючы ня толькі таямніцы сюжэту, але і таямніцы беларускай душы і беларускай гісторыі. Цьмяныя цені коньнікаў будуць ляцець па дрыгве, будзе сьпяваць рог, грывы коней будуць веяць па ветры, будуць бегчы перад дзікім паляваньнем гепарды, спушчаныя са шворак, і, асьветлены месяцам, будзе скакаць туманны і вялізны кароль Стах...

4. Сяржук Сокалаў-Воюш. Крывавы памол. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2004.

Аўтар вызначае жанр свайго твору як трылер, і справіўся ён з напісаньнем трылера выдатна. Нечаканка на нечаканцы, сапраўды шмат крыві, зьмяшэньне часоў і моракаў — усё гэта прысутнічае ў кніжцы. Інтрыгуе чытача і адмысловая забарона перакладаць кнігу на расейскую мову на працягу першых 3 гадоў пасля выхаду па-беларуску...

5. Францішак Хлус, Марцін Юр. Здані і пачвары Беларусі. Беласток-Менск, 1995.

Гэтая кніга з’явілася ў выніку настойлівай патрэбы навукова клясыфікаваць шматлікіх пазарэальных істот, якія насяляюць нашы лясы і гарады. Аўтары (падазраю, неяк зьвязаныя зь літаратарамі Уладзіславам Ахроменкам і Максімам Клімковічам) падышлі да справы клясыфікацыі па-навуковаму грунтоўна: яны выдзяляюць у нашым бестыярыі могілкавых, водных і хатніх істот, гістарычных, тэхнатронных і літаратурных зданяў, ведзьмакоў, д’яблаў і помнікавых зданяў, а таксама істот-людажэраў. Што адметна, навуковай дасканаласьці суседзіць выдатны гумар і пазытыўны аўтарскі погляд. Так што, калі хочаце ня толькі абазнацца ў тым, хто такія Фосфарны Слуп, здань Міколкі-паравоза і чым адметная Русалка Камсамольскага возера, але і добра пасьмяецца — адшукайце гэтую кніжку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG