Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйцы “саскочылі” з будаўніцтва PlusCity-Менск


Гандлёвы мэгацэнтар PlusCity-Менск аўстрыйцы разам зь іншымі партнэрамі зьбіраліся пабудаваць на 220 тысячах квадратных мэтрах непадалёк ад сталічнай кальцавой на шашы, якая зьвязвае Бэрлін з Масквой. PlusCity-Менск меўся адчыніцца ў 2011 годзе.


Гандлёва-забаўляльныя цэнтры PlusCity шырока вядомыя як у Аўстрыі, так і па-за яе межамі. Яны складаюцца са шматлікіх буцікаў, якія прапануюць пакупнікам самыя разнастайныя рэчы — ад адзеньня й абутку да сотавых тэлефонаў і іншай электронікі. Акрамя таго, пад дахам PlusCity знаходзяцца шматлікія рэстараны і кавярні, дзіцячыя пляцоўкі, кіназаля і г.д.

У праекту было адразу некалькі інвэстараў. З аднаго боку, кіпрская кампанія Lake Invest і беларускі алігарх Юры Авяр’янаў; з другога, аўстрыйскага, — гандлёвы цэнтар Plus City і сетка прадуктовых крамаў Pfeiffer Grosshandel Traun.

Расчараваньні і разнастайныя затрымкі напаткалі аўстрыйцаў яшчэ на самым пачатку будаўніцтва — у 2008 г. Тым ня менш шэф PlusCity Эрнст Кірхмаер яшчэ год таму сьцьвярджаў у інтэрвію аўстрыйскаму выданьню «Oberösterreichische Nachrichten»: «Мы ня спынім нашу інвэстыцыйную праграму, нават нягледзячы на крызіс». Той факт, што Беларусь — палітычна спрэчны партнэр, праўдападобна, не палохаў аўстрыйцаў. «Наш бізнэс мае добрыя кантакты зь дзяржаўным кіраўніцтвам і мы вельмі хутка атрымліваем дазволы», — падкрэсьліваў аўстрыйскі прадпрымальнік.

Сёлета аўстрыйскія інвэстары прынялі рашэньне спыніць свой бізнэс у Беларусі, падае «Oberösterreichische Nachrichten».

«Сытуацыя была непрадказальная, — тлумачыць Кірхмаер. — Для нас была важная хуткасьць будаўніцтва».

Акрамя таго, аўстрыйцаў напалохалі ўмовы вывазу валюты з краіны. «Калі мы ня можам вывезьці грошы з краіны, інвэстыцыі ўжо ня маюць сэнсу для нас», — кажа Кірхмаер.

Як піша «Oberösterreichische Nachrichten», аўстрыйскія прадпрымальнікі, акрамя таго, лічаць, што ў гэтай усходняй краіне няма ніякіх эканамічных пэрспэктываў, а насельніцтва ня мае дастатковай пакупніцкай здольнасьці. Свавольства чыноўнікаў рабіла лёс праекту няпэўным.

Пасьля доўгіх перамоваў аўстрыйцам удалося на мінулым тыдні вярнуць свае ўкладаньні разам з працэнтамі і кампэнсацыяй.

Цяпер Кірхмаер засяродзіцца на будаўніцтве гандлёвага мэгацэнтру ў Заграбе, піша «Oberösterreichische Nachrichten».
XS
SM
MD
LG