Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовы ўрад Кіргізстану абяцае правесьці расьледаваньне кровапраліцьця


Празь дзень, пасьля таго, як адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану Курбанбэк Бакіеў пакінуў краіну, часовы ўрад паабяцаў правесьці незалежнае расьследаваньне страляніны 7 красавіка, у выніку чаго загінула болей за 80 чалавек.


Пры пасярэдніцтве АБСЭ, Расеі і ЗША Бакіеў пакінуў Кіргізстан. 15 красавіка на невялікім вайсковым самалёце Бакіеў вылецеў з Джалал-Абаду ў Казахстан. Сёньня кіраўнік выканаўчага камітэту часовага ўраду Эдыль Байсалаў на прэс-канфэрэнцыі ў Бішкеку заявіў, што раніцай кіраўніца часовага кабінэту Роза Атунбаева атрымала ад прадстаўнікоў АБСЭ канвэрт, у якім было прашэньне аб адстаўцы Курманбека Бакіева.

Зараз часовы ўрад настойвае на тым, каб Курманбек Бакіеў калі не дапамог, то, прынамсі, не перашкаджаў арышту сваіх сваякоў. Ужо вядома, што затрыманы былы міністар абароны Бактыбек Калыеў. Ён быў арыштаваны ў аэрапорце Джалал-Абаду, калі праводзіў былога прэзыдэнта ў Казахстан. Таксама выдадзены загад на арышт брата Курманбека Бакіева Жаныша, які быў кіраўніком прэзыдэнцкай аховы.

Як заявіла кіраўніца часовага ўраду краіны Роза Атунбаева, былы прэзыдэнт Кіргізстану Бакіеў павінен паўстаць перад кіргізскім або міжнародным судом.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў выказаў надзею на тое, што ў Кіргізстане ўдалося пазьбегнуць "нэгатыўнага сцэнару" разьвіцьця падзеяў дзякуючы ад'езду з краіны адхіленага прэзыдэнта Бакіева. Па словах расейскага прэзыдэнта, ён спадзяецца, што новае кіраўніцтва Кіргізстану здолее ўнікнуць памылак, дапушчаных уладай пры Бакіеву, у прыватнасьці, пазьбегчы карупцыі і кланавасьці.

Што ж тычыцца далейшых дзеяньняў новых уладаў Кіргізстану, то, як заявіў сёньня кіраўнік выканаўчага камітэту часовага ўраду Эдыль Байсалаў, галоўнае пытаньне парадку дня – легітымізацыя ўлады часовага ўраду. Ужо абвешчана аб тым, што будзе сабраная канстытуцыйная нарада. Гатовы і праект канстытуцыі, дзе сказана, што Кіргізстан будзе парлямэнцкай рэспублікай. Праект будзе вынесены на ўсеагульнае абмеркаваньне, і палітычныя партыі, што перамогуць на датэрміновых выбарах у парлямэнт, будуць фармаваць урад. Канстытуцыя будзе прынятая на рэфэрэндуме не раней чым праз тры месяцы, а праз паўгоду будуць абвешчаныя датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG