Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыкі лічаць, што ў Горадні павінна быць вуліца імя Аляксея Карпюка


Група гісторыкаў пісьмова зьвярнулася ў Гарадзенскі гарвыканкам з прапановай перайменаваць вуліцу Горкага ў вуліцу Аляксея Карпюка, а таксама ўсталяваць на доме, дзе жыў вядомы пісьменьнік, памятную шыльду ў яго гонар.

Пісьмовы зварот падпісалі гісторыкі Віталь Саяпін, Віталь Карнялюк, Алесь Госьцеў і Андрэй Вашкевіч.

Як распавёў нашаму радыё Андрэй Вашкевіч, Аляксей Карпюк — адзін з самых вядомых беларускіх пісьменьнікаў, якія жылі у Горадні, але памяць пра яго ніяк не ўшанаваная.

Ён жыў на вуліцы Горкага і сам лічыў, што ёй варта было б вярнуць гістарычную назву — Грандзіцкая.

Але зараз, са слоў гісторыка, вуліца Грандзіцкая ў горадзе ёсьць. Так назвалі адну з вуліц былой вёскі Грандзічы, якая зараз далучаная да гораду.

Што да памятнай шыльды на доме, у якім жыў Аляксей Карпюк, то, са слоў Андрэя Вашкевіча, улады яшчэ ў 1993 годзе набылі гранітную пліту, але так зь ёй нічога і не зрабілі.

Гісторык таксама зазначыў для нашага радыё, што ў выпадку, калі ўлада не адрэагуе на іх ініцыятыву, то яны пачнуць збор подпісаў сярод жыхароў Горадні за тое, каб ушанаваць памяць Аляксея Карпюка.

У Горадні значную частку свайго жыцьця пражыў і Васіль Быкаў, але дагэтуль няма ні вуліцы ягонага імя, ні памятнай шыльды на доме, у якім ён жыў.
XS
SM
MD
LG