Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сьлед на целе беларускай эканомікі


У вымушанай дывэрсыфікацыі зьнешніх стасункаў, да якой наўпрост спрычынілася пагаршэньне адносінаў з даўнім саюзьнікам — Расеяй, Беларусь усё пільней углядаецца ў амэрыканскі рынак. Нядаўні візыт у Менск на запрашэньне беларускага ўраду вялікай групы бізнэсоўцаў з ЗША быў пададзены як "інвэстыцыйны прарыў". Згодна з афіцыйнай статыстыкай, ЗША за апошнія гады сталі адным зь вядучых інвэстараў у Беларусь, займаючы трэцяе месца пасьля Расеі і Літвы па колькасьці прадпрыемстваў са 100-працэнтным замежным капіталам — цяпер гэтая лічба перавышае тры сотні і працягвае расьці. Ці можна насамрэч казаць пра новую старонку ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях?


Калі загаварыць пра амэрыканскую прысутнасьць на беларускім рынку, можна не сумнявацца, што дзевяць зь дзесяці апытаных у якасьці прыкладу назавуць "МакДональдс" ды "Кока-колу". І будуць недалёкія ад праўды: за сваю больш чым 10-гадовую прысутнасьць у Беларусі менавіта гэтыя суб'екты гаспадараньня найбольш інвэставалі ў мясцовую інфраструктуру ды атрымалі дывідэндаў.

Прыкладам, прадпрыемства "Кока-кола Бевериджиз Белоруссия" ад 1994 году на выпуску безалькагольных напояў зарабіла больш за 87 мільёнаў даляраў. Прадпрыемства месьціцца ў Калядзічах Менскага раёну і ў немалой ступені спрыяе бязьбеднаму існаваньню рэгіёна. Прыбытковая праца дае магчымасьць спонсарскай і дабрачыннай дзейнасьці: "Кока-кола" — фундатар шмат якіх сацыяльных праектаў і спартовых спаборніцтваў. Вось што паведамілі на прадпрыемстве:
Піць чалавеку хочацца заўжды, пры любых абставінах. Таму прадпрыемства працуе досыць эфэктыўна

"Як і любое буйное прадпрыемства, мы зьяўляемся адным зь бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Менскага раёну, у нас задзейнічана блізу 600 работнікаў. На шчасьце, "Кока-колу" практычна ніяк не зачапіў крызіс. Людзі заўжды спажывалі напоі, бо піць чалавеку хочацца заўжды, пры любых абставінах. Таму прадпрыемства працуе досыць эфэктыўна, каб змагацца зь нейкімі дробнымі штодзённымі праблемамі. У любым выпадку людзі будуць піць заўсёды, таму што гэта натуральная функцыя чалавека.... А напояў на сёньняшні дзень мы прадаём 15 відаў: зь іх тры віды пітной вады, таксама тры віды са смакамі пэрсіка, маліны і лімону, гарбату "Нэсьці", сокі і нэктары "Рыч" і "Добры", розныя гатункі "Кока-колы", "Фанты", "Спрайту", энэргетычны напой "Бёрн", напоі "Швэпс" і "Фруктайм".

Без перабольшаньня ўнікальны для ўсёй постсавецкай прасторы і статус сеткі рэстарацыяў "МакДональдс". Традыцыйна гэтыя пункты хуткага харчаваньня служаць месцам паломніцтва дзяцей і дарослых, і праз амаль 15 гадоў пасьля адкрыцьця першага ў Менску рэстарану ажыятаж вакол "МакДональдс" ня сьціх. Укладзеныя ў сярэдзіне 1990-х 14 мільёнаў даляраў інвэстыцый у беларускі fast-food акупіліся шматразова: паводле статыстыкі, ад 1996 году пяць рэстаранаў "МакДональдс" у Менску (уключна з тым, які апошнія пяць гадоў зачынены ў сувязі з будаўніцтвам корпусу БДУ ў раёне вакзалу) наведалі больш за 100 мільёнаў чалавек. Паводле гэтага паказьніка беларускія ўстановы ўваходзяць у лік самых наведвальных у сьвеце. З пацяпленьнем міждзяржаўных адносінаў экспэрты не выключаюць распаўсюду сеткі на абласныя цэнтры. Прынамсі, інвэстары ўжо выказвалі цікавасьць да Берасьця.

Паводле статыстыкі, у Беларусі зарэгістравана 365 прадпрыемстваў з удзелам амэрыканскага капіталу. Сярод самых значных праектаў — рэанімацыя Бабруйскага бровару, які быў на мяжы банкруцтва. Высілкамі фірмы "Detroit Belarus Brewing Company" ўзьведзены фактычна новы завод і створаная "Піваварная кампанія "Сябар", якую ў 2007-м набыў галяндзкі канцэрн "Heineken". Значныя амэрыканскія інвэстыцыі ўкладзеныя ў гомельскую кандытарскую фабрыку "Спартак", Магілёўскі мэталюргічны завод, лекавае СП "Белдэнтка", будаўнічае прадпрыемства "Арэса-Сэрвіс". У 2008 годзе амэрыканскі інвэстфонд "Horizon Capital" набыў 33% акцый Менскага транзытнага банку. На інвэстыцыйным будаўніцтве спэцыялізуецца беларуска-амэрыканскае СП "Аляксандраў-Пасаж".

А днямі агучаная інфармацыя, што аўтагігант "Форд" ня супраць яшчэ раз выпрабаваць лёс з вытворчасьцю ў Беларусі легкавых аўтамабіляў. 10 гадоў таму экспэрымэнт скончыўся нічым. Бізнэсовец Андрэй Клімаў, які ў свой час выношваў ідэю праектаваньня нацыянальнага аўтамабіля, лічыць, што такі ж лёс напаткае любога, хто захоча ўкладаць у аўтавытворчасьць:

Два самыя пройгрышныя ўкладаньні на сёньняшні дзень — гэта ўкладаньне ў нерухомасьць і ў вытворчасьць легкавых аўтамабіляў.
Андрэй Клімаў
"Тут падыход патрабуецца вельмі ўзважаны. Па-першае, вельмі няўдалы час, і, шчыра кажучы, я на іх месцы ўвогуле пачакаў бы зараз з такімі праектамі, адклаў бы іх на няпэўны тэрмін. Таму што зараз крызіс, значны спад аўтамабільнай вытворчасьці ва ўсім сьвеце. То бок гэта абсалютна нявыгаднае ўкладаньне. Я так скажу: два самыя пройгрышныя ўкладаньні на сёньняшні дзень — гэта ўкладаньне ў нерухомасьць і ў вытворчасьць легкавых аўтамабіляў. Гэта абсалютная прамашка. Зараз проста катастрафічны спад у аўтавытворчасьці. І пачынаць новую справу — надзвычай рызыкоўна".

Афіцыйны Менск спадзяецца, што нядаўні дэсант у Менск прадстаўнікоў вядомых кампаній пашырыць сьпіс пасьпяховых сумесных праектаў. Так, гарантыі найлепшых умоваў мэнэджэрам "Майкрасофт", "Ханівэл", "Ю-ЭС Інтэрнэшнл Трэйдынг", "Сыско Сыстэмз", "Дызэль Інтэрнэшнл Ю.С.Эй", "ЕРС-Інжынірынг" ды іншых даваў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Амэрыканскія госьці перад тэлекамэрамі прызналі, што дзелавы клімат у Беларусі апошнім часам палепшыўся. Аднак у кулюарах выказваюць засьцярогу, што іхныя правы фактычна ніяк не абароненыя, а прыватная ўласнасьць можа ў імгненьне вока пераўтварыцца ў калектыўную. Апроч таго, умовы для прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў практычна невыканальныя, а бюракратычныя перашкоды па-ранейшаму расьцягваюць працэс легалізацыі да бясконцасьці.

Прасьцей тым суб'ектам, якія зьбіраюцца засяродзіцца на праграмным забесьпячэньні. Як паказвае досьвед, у сумесных беларуска-амэрыканскіх прадпрыемствах як мінімум адзін з партнэраў нарадзіўся ці жыў у Беларусі, а пасьля зьехаў у ЗША. Бадай, самы яскравы прыклад — створаная ў ЗША беларускім эмігрантам Аркадзем Добкіным кампанія "EPAM Systems", якая ўвайшла ў эліту IT-бізнэсу. Летась фірма Добкіна зарэгістравалася ў Беларусі ў якасьці рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій.

Аднак гульцам меншага калібру ПВТ аказваецца не па зубах. Адміністрацыя ПВТ вызначыла плянку меркаваных прыбыткаў рэзыдэнтаў, якая нават з улікам абяцаных прэфэрэнцыяў шмат каму падаецца завышанай. Гаворыць праграміст сумеснай беларуска-амэрыканскай ІТ-кампаніі Іван Громаў:

"Асабліва зараз аб'ёмы выручкі, якія патрабуюцца, напрыклад, для нас здаліся нерэальнымі, і мы прыпынілі працэс легалізацыі статусу рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій. І ўвогуле трэба сказаць, што шмат якія маленькія кліенты паадвальваліся, бо паўстала праблема з затрымкамі плацяжоў".
Людзі сыходзяць на рынак працы, зьніжаюць плянку патрабаваньня па заробку, і гэта сьнежным комам уплывае на тых людзей, якія працуюць ужо даўно

Іншы прадстаўнік аналягічнай кампаніі, Андрэй Мерзьлякоў, кажа, што "размнажэньне" ў геамэтрычнай прагрэсіі, якое было да нядаўняга часу ў сфэры высокіх тэхналёгій, замарудзілася:

"Справа ў тым, што зараз на рынку працы дастаткова шмат спэцыялістаў ня самай лепшай якасьці. Таму гэта затармазіла дастаткова дзікі рост заробкаў. І такія вялікія кампаніі, як ЕРАМ, ІВА, І-Transition ды іншыя, намагаюцца пазбавіцца ад студэнтаў, ад іншага балясту, якія працуюць няпоўны працоўны дзень, у якіх якасьць аддачы адносна невысокая. Такім чынам, людзі сыходзяць на рынак працы, зьніжаюць плянку патрабаваньня па заробку, і гэта сьнежным комам уплывае на тых людзей, якія працуюць, у прынцыпе, ужо даўно".

Тым ня меней неўзабаве чакаецца прыход на беларускі рынак софтвэрнага гіганта — кампаніі "Microsoft". Адкрыцьцё офісу ў Менску плянуецца, паводле папярэдніх зьвестак, у траўні-чэрвені. Юрыдычная асоба — замежнае таварыства "Майкрасофт Софтвер Бел" — зарэгістраваная сёлета 2 лютага. Мяркуецца, што ў штаце кампаніі зьявіцца чалавек, адказны за барацьбу з кантрафактнай прадукцыяй, якая распаўсюджваецца на тэрыторыі краіны.

Бальшыня аналітыкаў сумняюцца, што зьнешняя актывізацыя кантактаў з ЗША прынясе хуткі эфэкт для Беларусі. Перадусім таму, што беларуская эканамічная мадэль непрадказальная і загадваць наперад у плянаваньні бізнэсу — справа надзвычай няўдзячная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG