Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На чыгуначных вакзалах Эўропы – вялізныя чэргі


У сувязі з адменай тысяч авіярэйсаў у выніку вывяржэньня вулькана Эяф’ятлаёкудль у Ісьляндыі аэрапорты шмат якіх гарадоў Эўропы зачыненыя.

На гэты момант параліч авіяперавозак закрануў больш як 10 мільёнаў чалавек. Мяркуецца, што авіякампаніі страцяць каля мільярда даляраў.

Ірляндыя аднавіла палёты самалётаў, аднак закрыліся восем аэрапортаў у Нямеччыне, спыніў прыём самалётаў аэрапорт Прагі, парушаныя паветраныя стасункі з Венай.

Сёньня раніцай некаторыя экспэрты заявілі, што цяжкасьці з рэйсамі могуць працягвацца яшчэ два дні; гаворка ідзе пра скасаваньне заплянаваных рэйсаў. Пры гэтым зразумела, што тыя, хто ня здолее вылеціць у гэты ўік-энд, створаць вялізныя перагрузкі на авіярэйсах у наступныя дні.

У гарадох, паветраныя стасункі зь якімі скасаваныя, ля касаў чыгуначных і аўтобусных вакзалаў утварыліся вялізныя чэргі: людзі спрабуюць дабрацца да месцаў прызначэньня наземным ранспартам.

Тым часам, інфармагенцтвы паведамілі, што ў апошнія два дні актыўнасьць вулькана Эяф’ятлаёкудль падвысілася.

***

У апошні раз вулькан ў раёне перавал Фімвердюхаўлс, разьмешчаны за дзьвесьце кілямэтраў ад сталіцы Ісьляндыі Рэйк'явіка, вывяргаўся амаль 200 гадоў таму – у 1821 і 1823 гадах. Зноў сэйсьмічная актыўнасьць вулькану пачала праяўляцца пасьля Калядаў – і да сакавіка адбылося каля тысячы падземных штуршкоў сілай у 1-2 балы на глыбіні 7-10 кілямэтраў пад вульканам.

25 сакавіка адбыўся выбух пары ў кратэры вулькану, куды патрапіла вада расталага ледніка, пасьля чаго вывяржэньне перайшло ў больш стабільную фазу. 14 красавіка, пасьля паўторнага вывяржэньня вулькану, улады Ісьляндыі абвясьцілі надзвычайнае становішча, прыняўшы рашэньне аб эвакуацыі з зоны стыхійнага бедзтва больш як 800 мясцовых жыхароў.

Спачатку далёка ня ўсе пачулі засьцярогі ўладаў – ад моманту пачатку сэйсьмічнай актыўнасьці на ледніку турысты літаральна апанавалі яго навакольле, прабіраючыся да падножжа вулькану на верталётах, джыпах і нават на матацыклах. Аднак экскурсійную дзейнасьць прыйшлося неўзабаве згарнуць, паколькі распаленыя вульканічныя выкіды растапілі прыкладна траціну ледніка, які пакрывае кратэр, што прывяло да стварэньня магутных водных патокаў і паводак.

Пры вывяржэньні вулькану была выкінутая вялікая хмара попелу, якая пачала рухацца ў бок кантынэнтальнай Эўропы. Здароўю людзей часьцінкі вульканічнага пылу не пагражаюць, аднак выкіды попелу вельмі небясьпечныя для авіяляйнэраў – дробныя часьцінкі забіваюць турбіну рухавіка, што можа прывесьці да яго спыненьня. Праблемы можа выклікаць і асяданьне попелу на крылах самалётаў, а акрамя таго, вульканічныя хмары моцна ўскладняюць бачнасьць для пілётаў.
XS
SM
MD
LG