Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У галоўным касьцёле Чэхіі маліліся за палякаў



У найбуйнейшым касьцёле Чэхіі – храме сьвятога Віта сёньня прайшла жалобная імша па польскіх ахвярах авіякатастрофы пад Смаленскам. Яе адслужыў новы праскі арцыбіскуп Дамінік Дука. Прысутнічалі прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс, чэскі прэм'ер Ян Фішэр, польскі пасол у Празе Ян Паства, сотні вернікаў. Багаслужбу ў наўпроставым эфіры перадавала Чэскае тэлебачаньне.

Перад пачаткам богаслужбы ў катэдры прачыталі імёны ўсіх загінулых. Ля алтара, вакол партрэту польскай прэзыдэнцкай пары гарэла мноства сьвечак, прастор быў аздоблены польскімі і чэскімі сьцягамі. Багаслужба адбывалася па-чэску, польску і часткова па-ангельску. Арцыбіскуп Дука ў сваёй казані адзначыў, што катастрофу можна разглядаць як падставу задумацца, дараваць, супрацоўнічаць. « Не папракаю Бога, што здарылася гэта няшчасьце, але пытаю сам сябе, што гэта азначае, Божа, што ты хацеў сказаць?», - пытаўся Дука. Паводле праскага арцыбіскупа, трэба памятаць расейскую Катынь, польскі Асьвенцым і іншыя балючыя раны на эўрапейская зямлі. « Не працягнуць цяпер руку да прымірэньня і супрацоўніцтва азначала б паставіць сьмерць Леха Качыньскага на ўзровень бессэнсоўнай выпадковасьці», заключыў арцыбіскуп.

Праз зьбег акалічнасьцяў, няшчасьце пад Смаленскам стала ў мінулую суботу якраз у часе ўрачыстай цырымоніі інтранізацыі арцыбсікупа Дамініка Дукі ў тым жа касьцёле. Прэзыдэнт Клаўс тады ў часе свайго выступу паведаміў навіну прысутным. Праская дыяцэзія плянуе памінаць ахвяраў трагедыі і ў наступныя выходныя дні. У суботу і нядзелю апоўдні будуць гучаць касцельныя званы.
XS
SM
MD
LG