Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна рассакрэчвае беларускія сьпісы рэпрэсаваных


Анатоль Лябедзька з рассакрэчаным сьпісам рэпрэсаваных

Анатоль Лябедзька з рассакрэчаным сьпісам рэпрэсаваных

Кіраўніцтва АГП атрымала ад Службы бясьпекі Ўкраіны сьпіс з 321 прозьвішча палітычна рэпрэсаваных беларусаў. Гэта дадзеныя з архіваў украінскіх спэцслужбаў.


Афіцыйны ліст падпісаны кіраўніком Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцінам Налівайчанкам. Да яго прыкладзены кампакт-дыск са сьпісам палітычна рэпрэсаваных. Дакумэнты перададзеныя праз амбасаду Ўкраіны ў Беларусі. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў:

"Нам удалося прабіць архівы спэцслужбаў. На жаль, пакуль не беларускіх, а ўкраінскіх. Але тычыцца гэта інфармацыя нашых суайчыньнікаў — беларусаў. Яны вельмі падрабязныя, нават пазначаны сваякі, крымінальны артыкул, паводле якога быў прыцягнуты да адказнасьці палітрэпрэсаваны. Мы гатовы спрыяць, каб знайсьці гэтых сваякоў і каб яны маглі ва Ўкраіне атрымаць больш падрабязныя дадзеныя".

Спадар Лябедзька адзначыў, што адказ прыйшоў не адразу.

"Я тлумачу гэта тым, што ўкраінскі бок напачатку чакаў, а гэта было агучана, што беларускія ўлады гэта выкарыстаюць, зробяць запыт, і яны хацелі перадаць найперш на дзяржаўным узроўні. Але беларускія ўлады адрэагавалі так, як яны маглі б адрэагаваць і на нашу паперу".

Старшыня камісіі АГП па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Уладзімер Раманоўскі адзначыў, што грамадзкія актывісты цягам некалькіх гадоў зьвярталіся ў беларускія спэцструктуры адносна інфармацыі аб рэпрэсаваных і атрымлівалі аднолькавыя адказы, што інфармацыі няма.

Уладзімер Раманоўскі
"Гэта была відавочная хлусьня", — сказаў У.Раманоўскі. Ён лічыць, што ўлады павінны рассакрэціць месцы расстрэлаў ахвяраў у Беларусі. Паводле спадара Раманоўскага, на постсавецкай прасторы Беларусь — адзіная краіна, якая ня мае ні дзяржаўнай, ні грамадзкай арганізацыі, якая займалася б пытаньнямі “мэмарыялу”. Ён мяркуе, што інфармацыя, атрыманая ад спэжцслужбаў Украіны, можа стаць падставай для правядзеньня "круглага стала" з удзелам прадстаўнікоў беларускіх архіваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG