Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаўрацыя Наваградзкага замка: толькі захаваньне


Наваградак замак

Наваградак замак

Рэстаўрацыю Наваградзкага замка плянуецца завяршыць праз 5 гадоў. Пра гэта паведаміў Ігар Чарняўскі, начальнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.

Паводле Ігара Чарняўскага, замак не плянуюць аднаўляць: мяркуецца толькі ўмацаваць пабудовы, якія захаваліся, і ўпарадкаваць прылеглыя тэрыторыі. Таксама плянуецца арганізаваць музэй у ніжнім ярусе адной зь вежаў замка. Гэты ярус будзе адмыслова вызвалены з-пад грунту, які назьбіраўся цягам стагодзьдзяў.

Рэстаўрацыя Наваградзкага замка запатрабуе шмат сродкаў. «На адну праектную дакумэнтацыю трэба да 100 мільёнаў рублёў, а пакуль на ўсе працы сабралі толькі 70 мільёнаў», — паведаміў Ігар Чарняўскі.
На адну праектную дакумэнтацыю трэба да 100 мільёнаў рублёў, а пакуль на ўсе працы сабралі толькі 70 мільёнаў.
Паводле супрацоўніка Міністэрства культуры, сюды ўваходзяць бюджэтныя грошы, ахвяраваньні прыватных і юрыдычных асобаў , а таксама сродкі ад продажу адмысловай лятарэі «Скарбніца».

Наваградзкі замак быў пабудаваны ў 14-16 стагоддзях і лічыўся адным з наймацнейшых на беларускіх землях. Тут праводзіліся соймы і важныя дзяржаўныя перамовы, засядаў Трыбунал (апэляцыйны суд) Вялікага Княства Літоўскага. Замак вытрымаў аблогу татарскага войска ў 1505 годзе. У сярэдзіне 17-га стагодзьдзя падчас вайны з Масковіяй замак і горад Наваградак захапілі атрады атамана Залатарэнкі. У 1706 годзе вежы Наваградзкага замка ўзарвалі швэды. У 1802 годзе, калі горад належаў Расейскай імпэрыі, гарадзенскі губэрнатар Бенігсен аддаў загад разабраць рэшткі замкавых вежаў на брук для гарадзкіх вуліц.

У 1930-х гадах мінулага стагодзьдзя польскія ўлады выдаткавалі грошы на першую рэстаўрацыю замка, падчас якой былі ўмацаваныя рэшткі вежаў. Працы па ўмацаваньні Замкавай гары праводзіліся таксама ў 2000 годзе. Ігар Чарняўскі зь Міністэрства культуры прызнаў гэтыя працы «незавершанымі і недастатковымі».
XS
SM
MD
LG