Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Такая ў нас улада — ніякага сэрца ня мае для людзей…”


Жыхары Сапоцкіна пра неаб’яўленую жалобу
Ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах пасьля смаленскай катастрофы абвясьцілі жалобу. У Беларусі — не. Чаму? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў жыхарам мястэчка Сапоцкін, дзе пераважна жывуць каталікі.

Спадарыня: «Я ведаю толькі, што прадстаўнікі з Сапоцкіна езьдзілі ў Горадню на жалобныя мерапрыемствы. Усе ў нас сумуюць, бядуюць, абмяркоўваем гэтыя пытаньні, радасьці ніякай. А ад сябе нейкае зло: ну ўсё роўна тых людзей ужо не падымеш, маглі б тут іх усе памянуць, а ён, бачыш, не дазволіў жалобы».

Спадар: «Трэба было аб’яўляць жалобу, у нас жа столькі каталікоў жыве...»

Спадарыня: «Трэба было жалобу аб’явіць. У нас столькі палякаў, я таксама полька. Вось да мяне і зараз палякі прыехалі. У іх там жалоба аб’яўленая, а нам таксама балюча, бо мы палякі...»

Спадарыня: «Чаму не аб’явілі — ня ведаю. Але вось зрабіць гэта варта было, бо гэта нашыя суседзі і карані ў нас агульныя».

Ейная сяброўка: «Я таксама так лічу».

Хлопец: «А я, папраўдзе, думаў, што ў нас аб’яўлена жалоба, як ува ўсіх краінах».

Карэспандэнт: «Вы нават не маглі ўявіць, што такое магчыма?»

Хлопец: «Ня мог нават уявіць. Я сюды прыяжджаю адпачываць, у мяне шмат сяброў-палякаў, дый у Гродне шмат палякаў, да ўсяго, на вуліцах людзі толькі пра гэта гора і гавораць. Я бачу па польскім народзе, што ён вельмі смуткуе. І я таксама».

Спадарыня: «Так, Беларусь не аб’явіла жалобы, хаця палякаў у нас жыве болей, чым ва Ўкраіне, у Літве. Мы ўсё тут бачылі па тэлебачаньні, проста жах. Шкадуем усіх, хто загінуў, пакінуў свае сем’і. Як пачалі тут плакаць, то і дагэтуль плачам...»

Спадарыня: «Такая наша ўлада... Мы ж і мяжуем тут з Польшчай, і па ўсім сьвеце жалобу аб’явілі, нават Амэрыка... а яны тут нічога. Такая ў нас улада — ніякага сэрца ня мае для людзей. Я плакала два дні, я многіх ведала асабіста. Заўтра зьбіраемся ехаць у касьцёл на імшу...» (плача).

Спадар: «Ведаеце, я не палітык, каб адказваць на такія пытаньні».

Карэспандэнт: «А проста, як чалавек, вы спачуваеце?»

Спадар: «Ну, а для сябе — спачуваю...»
XS
SM
MD
LG