Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртаў БДІПЧ на беларускіх выбарах ня будзе


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Экспэрты Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ ня будуць назіраць за мясцовымі выбарамі ў Беларусі. Пра гэта сёньня паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна згадала пра традыцыю, згодна зь якой місію Бюро запрашаюць толькі на агульнанацыянальныя выбары: парлямэнцкія і прэзыдэнцкія.


Спадарыня Ярмошына прызнае, што традыцыю можна было б і зьмяніць:

«Краіна мае права запрашаць і на мясцовыя выбары міжнародных назіральнікаў. Але гэта ўжо права той дзяржавы, якая праводзіць выбары.

Так склалася практыка ў нашай краіне, дый у суседзяў таксама, што мы запрашаем міжнародныя місіі толькі на агульнанацыянальныя выбары. Пры гэтым яны ў нас прысутнічаюць вельмі маштабна: па тысячы чалавек на апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах».

Юрыст, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч сам некалькі разоў працаваў у складзе міжнародных назіральных выбарчых місіяў. Ён зьдзіўлены тым, што Беларусь не запрашае экспэртаў БДІПЧ на рэгіянальныя выбары:

Улады фактычна прызнаюць — зьмены, якія адбыліся, не дасягаюць міжнародных стандартаў у галіне свабодных выбараў.
«Выклікае толькі жаль, што беларускія ўлады не запрасілі на гэтыя выбары міжнародных назіральнікаў. Тым больш у сытуацыі, калі адбыліся зьмены выбарчага заканадаўства. А яно зьмянялася паводле патрабаваньня такіх інстытутаў, як БДІПЧ АБСЭ. І незапрашэньне яе экспэртаў на выбары я лічу памылкай. Улады фактычна прызнаюць — зьмены, якія адбыліся, не дасягаюць міжнародных стандартаў у галіне свабодных выбараў».

Лідзія Ярмошына сказала, што за працэсам галасаваньня змогуць сачыць супрацоўнікі дыпляматычных місіяў, акрэдытаваныя ў Беларусі:

«Гэта — жэст добрай волі. Міністэрства замежных спраў распаўсюджвае адпаведную ноту сярод амабасадаў. І яна зьяўляецца запрашэньнем для назіраньня для тых дыпляматаў, якія стала пражываюць у Беларусі і жадаюць назіраць за выбарамі».

З просьбай акрэдытавацца на мясцовыя выбары ў ЦВК зьвярнуліся 50 дыпляматаў з 24 краінаў. Найбольш ахвотных — з ЗША (5 чалавек), са Швэцыі і Літвы (па 4).

Уладзімер Лабковіч лічыць, што замежныя дыпляматы ня змогуць паўнавартасна замяніць місію Бюро АБСЭ:

«Іх колькасьць, пры ўсёй павазе да прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў, невялікая. Яна ня дасьць магчымасьці супольна выпрацаваць пазыцыю міжнароднага грамадзтва да выбарчага працэсу ў Беларусі. І гэта не дае магчымасьці сказаць, што падчас выбараў адбываўся іх маніторынг — ад самага пачатку да падвядзеньня вынікаў галасаваньня. А мэтодыка БДІПЧ АБСЭ найперш прадугледжвае доўгатэрміновае назіраньне. Яна пачынаецца не пазьней як за 30 дзён да даты выбараў, а пажадана і значна раней. Такое назіраньне не стварае ў міжнароднай супольнасьці агульнай карціны пра тое, як адбываюцца выбары ў Беларусі».

Аляксандар Лукашэнка ўчора заявіў, што «апазыцыя адмаўляецца ад удзелу ў выбарах, паколькі прадбачыць поўную паразу». Гэтае выказваньне кіраўніка дзяржавы я папрасіў пракамэнтаваць для «Свабоды» Лідзію Ярмошыну:

«Кіраўнік дзяржавы мае права рабіць палітычныя заявы наконт выбарчых працэсаў, якія цяпер адбываюцца. У адрозьненьне ад старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая ўсё ж павінна рабіць юрыдычныя заключэньні».
XS
SM
MD
LG