Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б у нас была ядзерная зброя...” -- не было б прэзыдэнта Лукашэнкі


Крытыка Аляксандрам Лукашэнкам вываду з Беларусі ядзернай зброі ў 1990-ыя гады і ягоныя словы, што “калі б у нас была ядзерная зброя, з намі цяпер па-іншаму размаўлялі б”, дазваляе выказаць меркаваньне, што пры названых умовах Лукашэнка меў бы зусім іншы, не прэзыдэнцкі, статус.


Адразу скажу, што зьяўляюся перакананым прыхільнікам бязьядзернасьці Беларусі і неаднаразова пацьвярджаў гэта справай. У 1988 годзе мне давялося шмат пісаць супраць Віцебскай АЭС; у той час грамадзтва прадухіліла яе будаўніцтва. Летам 1990 года, ужо будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету, прапанаваў уключыць ў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце палажэньні аб бязьядзернасьці. Мы змагаліся за кожнае слова (толькі 26-27 ліпеня дэпутаты БНФ выступілі больш за сотні разоў), ня ўсе фармулёўкі ўдалося адстаяць, была зьмененая і фармулёўка пра безьядзернасьць, але некалькі маіх слоў у Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце засталіся.

Нагадаю, што менавіта БНФ першым заявіў пра неабходнасьць дамагацца безьядзернага статусу Беларусі. І, як іншыя дэпутаты БНФ, у 1992 годзе галасаваў у ВС за вывад ядзернай зброі.

Але Апазыцыя БНФ у ВС падкрэсьлівала, што атрыманьне без’ядзернага статусу – гэта не імгненная акцыя, а працэс, пры якім павінны быць улічаныя інтарэсы Беларусі. Менавіта гэта потым дало падставы некаторым абвінавачваць Пазьняка, што ён нібыта жадаў захаваць ядзерныя ракеты. Не жадаў захаваць. Жадаў вывесьці, але з максымальнымі выгадамі для краіны.

Увогуле, гісторыя Беларусі – гэта, шмат у чым, гісторыя краіны, якая апынулася на перакрыжаваньні геапалітычных інтарэсаў сваіх суседзяў і далёкіх ад яе дзяржаваў, і часьцей за ўсё беларусы мелі з гэтага не карысьць, а гора. У наш час гэтыя геапалітычныя спрэчкі атрымалі ядзерную афарбоўку.

Менавіта жаданьне бачыць ядзерную зброю пад адзіным кантролем Масквы (канкрэтна – Гарбачова) было прычынай, што і Буш, і

Менавіта жаданьне бачыць ядзерную зброю пад адзіным кантролем Масквы было прычынай таго, што лідэры Захаду выступалі супраць незалежнасьці былых савецкіх рэспублік
Мітэран, і іншыя тагачасныя лідэры Захаду выступалі катэгарычна супраць незалежнасьці былых савецкіх рэспублік (за выняткам балтыйскіх) – аж да моманту, пакуль гэтая незалежнасьць не зрабілася фактам. І менавіта наяўнасьць ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі была галоўнай прычынай увагі да Менску (у сваёй кнізе тагачасны міністар замежных спраў Пётра Краўчанка выразна апісвае, як адразу пасьля рашэньня аб вывадзе ядзернай зброі ў 1992 годзе цікавасьць Захаду да Беларусі істотна зьнізілася).

Зьвернем увагу і на такое супадзеньне: канчаткова ядзерная зброя была выведзеная менавіта ў тыя лістападаўскія дні 1996 году, калі прайшоў “рэфэрэндум”, а з Масквы прыляцела дэлегацыя ратаваць Лукашэнку ад імпічмэнту.

Беларусь узамен за вывад ядзернай зброі атрымала гарантыі сувэрэнітэту ад Вялікабрытаніі, ЗША і Расеі. Пазьней, забыўшыся (а мо і ня ведаючы) пра гэтыя гарантыі Пуцін прапануе Беларусі ўвайсьці ў склад РФ шасьцю губэрніямі.

Беларусь, безумоўна, мела поўнае права разьлічваць ня толькі на дэкляратыўныя гарантыі, але і на канкрэтную, матэрыяльную, фінансавую дапамогу ад Захаду – і тады, перакананы, гісторыя Беларусі была б іншай.

Дапамога багатых краінаў дзяржавам, якія знаходзяцца на пачатку аднаўленьня сваёй дзяржаўнасьці, альбо ў цяжкіх эканамічных умовах – звыклая справа.

Ня так даўно адна ізраільская журналістка напісала, што сумняваецца, ці будзе існаваць Беларусь як незалежная дзяржава, надта ўжо “не такі” беларускі народ. Падазраю, што калі б ЗША спынілі дапамогу Ізраілю (а штогод выдаткоўваецца некалькі мільярдаў даляраў – не крэдыту, а дапамогі), тэрмін існаваньня дзяржавы Ізраіль мог бы ісьці не на месяцы ці тыдні, а на дні і гадзіны. Мэтазгоднасьць дапамогі Ізраілю цяпер дэбатуецца ў амэрыканскім грамадзтве -- тым ня менш, Вашынгтон лічыць патрэбным дапамагаць – у тым ліку, у мэтах бясьпекі ў рэгіёне, ды і ў мэтах агульнай бясьпекі.

Пра дапамогу Беларусі з боку Захаду можна было б ня ўзгадваць, калі б у тыя ж самыя 1990-ыя гады гіганцкая дапамога, дзесяткі
Дапамога Беларусі была мізэрнай – ня толькі на фоне дапамогі Расеі, а і на фоне дапамогі краінам “трэцяга” сьвету.
мільярдаў даляраў, не выдаткоўвалася Расеі – менавіта ў мэтах бясьпекі, для падтрымкі Ельцына, каб утрымаць вялізную ядзерную краіну ад безуладзьдзя (цікава, што потым ніхто ня мог знайсьці сьледу некаторых мільярдных траншаў. Не мільённых – мільярдных!). Дапамога Беларусі была мізэрнай – ня толькі на фоне дапамогі Расеі, а і на фоне дапамогі краінам “трэцяга” сьвету.

Сёньня відавочна, што, якія б сілы зь Масквы ці зь Менску ў 1994 годзе не былі зацікаўленыя ў прасоўваньні Лукашэнкі ў прэзыдэнцкае крэсла – гэта было б немагчыма без незадаволенасьці насельніцтва цяжкім эканамічным і сацыяльным становішчам, якую выкарыстала каманда Лукашэнкі.

Калі б Беларусь у 1991-1993 гг. атрымала супастаўляльную яе патрэбам эканамічную дапамогу (калі хочаце – як плату за згоду вывесьці ядзерную зброю), эканамічная сытуацыя ў Беларусі была б значна лепшай.

Ну і, нарэшце, калі б Захад падтрымліваў бы дэмакратычныя працэсы ў Беларусі зусім ня так, як гэта рабіў ён на пачатку 1990-ых гадоў (фактычна, не рабіў. Актывісты БНФ і дэмакратычных партый адчувалі сымпатыю ад акрэдытаваных у Беларусі амбасадараў, заходнія ж “сталіцы” падтрымлівалі выключна Маскву) – магчымасьці ў нацыянальна-дэмакратычных сілаў былі б іншымі. Думаю, што ня надта адчуваў падтрымку і Шушукевіч, чыю адстаўку ў студзені 1994-га Захад успрыняў абсалютна індыфэрэнтна.

Мае разважаньні зусім не гіпатэтычныя. Першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц сышоў у адстаўку ў 1994 годзе, пасьля арганізаванага ім візыту ў Менск прэзыдэнта Клінтана, менавіта таму, што лічыў дапамогу вашынгтонскай адміністрацыі дэмакратычным працэсам у Беларусі зусім недастатковай.

Я не абсалютызую фактар зьнешняга ўплыву, ўрэшце кіраўніцтва выбіраецца народам – але ў той час якраз вонкавыя сілы маглі істотна
Вонкавыя сілы маглі істотна паўплываць на гэты выбар.
паўплываць на гэты выбар. Ва ўсялякім разе, Масква да прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ўмовы для такога ўплыву стварала мэтанакіравана і, як бачым, надзвычай вынікова.

Словам, пры іншых умовах Захад ніколі не дапусьціў бы прыходу ва ўладу цяперашняга кіраўніка Беларусі.

Так што не Аляксандру Лукашэнку наракаць на вывад ядзернай зброі.

Зрэшты, перакананы, з палітыкі мой колішні калега па парлямэнту не сышоў бы і, магчыма, сёньня б у навінах БТ прагучала караценькае, але, як заўсёды, вострае і эмацыйнае інтэрвію намесьніка старшыні аграрнай камісіі Сойму Беларусі Лукашэнкі А.Р. пра дрэннае забесьпячэньне некаторых фэрмэрскіх гаспадарак Шклоўшчыны сельгастэхнікай у адказны пэрыяд веснавой сяўбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG