Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПраМоўленае» – паэтычныя элегіі стратаў беларускай культуры


Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

14 красавіка ў кнігарні «Ў» адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Харэўскага «ПраМоўленае».


Кампанію мастацтвазнаўцу Харэўскаму ў гэтай імпрэзе склалі пісьменьнік, мастак і выдавец Адам Глобус, мастак і рок-паэт Міхал Анемпадыстаў, мысьляр-культуроляг Валянцін Акудовіч і шмат хто яшчэ з шараговага люду.

Імпрэза пачалася тым, што спадар Харэўскі растлумачыў адкуль назва кнігі «ПраМоўленае». Гэта тэксты, якія былі напісаныя ў
1992-2000 гадох, і фактычна гэта рукапісныя тэксты. Г.зн. тэксты даінтэрнэтнай актыўнай эпохі. Былі яны напісаныя для радыёэтэраў, студэнцкіх аўдыторый і сустрэч з чытачамі. Так што ўсе яны, фактычна, прамоўленыя. Прадмову да кнігі напісаў Адам Глобус. У сваім выступе ён сказаў, што разам з аўтарам меў шчасьце сканчваць менскую мастацкую вучэльню. А выпускнікі гэтай вучэльні – гэта людзі, якія ўмеюць ставіцца з павагай да таго, што зроблена рукамі іншых людзей. Тое, што зроблена майстрамі, да якіх сябе разам са спадаром Харэўскім залічае.

Наступны выступоўца Міхал Анемпадыстаў, які афармляў кнігу "ПраМоўленае", таксама выпускнік гэтай самай вучэльні, але ён адзначыў, што аўтар кнігі Сяргей Харэўскі, – чалавек энцыкляпэдычных ведаў, якіх у Беларусі цяпер ужо вельмі мала, і таму ўсе ягоны тэксты, у тым ліку і гэтае кнігі, глыбока інтэлектуальныя тэксты. І вельмі хацеў бы быць ня толькі чытачом ягоных кнігаў, але яшчэ і студэнтам у ЭГУ, дзе спадар Харэўскі выкладае. Такое згаданьне ў сваім выступе прамовіў і вядомы філёзаф Вялянцін Акудовіч. Ён зазначыў, што ў гэтай кнізе – Сяргей Харэўскі тонкі эсэіст, які напісаў фактычна паэтычныя элегіі стратаў беларускай культуры. Гэта глыбока інтэлектуальныя элегіі ў адэкватных мастацкіх вобразах. Выдаўцом кнігі мусіў быў быць Зьміцер Колас, аднак ён сказаў жартуючы, што гэта шкодная кніжка, і яна была здадзеная ў друк на паліграфкамбінат, але там яе ня выдалі. У выніку кніга выйшла ў Вільні ў ЭГУ.

Сустрэча скончылася прысудам, што гэтая кніга – фактычна помнік ілюзіям адраджэнцкай моладзі 80-90-х гадоў. І сам аўтар згодны з гэтым. Зрэшты, ён ужо ў абладзе думак пра новую кнігу: "Зараз я завяршаю свой праект "10 твораў ХХ стагодзьдзя". Каб паставіць кропку, бо не люблю незавершаных праектаў. Палова кнігі фактычна ўжо была надрукавана напрыканцы 90-х у "Нашай Ніве". Я спадзяюся, што прыкладна ў лістападзе яна будзе таксама здадзена ў друк. А для сваёй малой дачкі Евы я ўжо пішу наступную кнігу "Ня ўсе пачвары жывуць у Афрыцы". Такім чынам, гэта будуць такія забаўныя апавядашкі пра розных жывёлаў, сярод якіх мы жывем, але не заўважаем”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG