Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Антось Фурс нарадзіўся 30 красавіка 1928 году ў мястэчку Янза Дзісенскага павету (сёньня Мёрскі раён Віцебскай вобласьці). Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Пад час нямецкай акупацыі наведваў беларускую школу ў сваёй роднай вёсцы. Пасьля адкрыцьця ў 1943 годзе Глыбоцкай прагімназіі ён працягваў навучаньне ў гэтай установе. Пасьля вайны паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную вучэльню, дзе разам з аднадумцамі стварыў ў пэднавучальні нелегальнае таварыства Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). У 1947 быў арышты органамі МГБ і засуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Вызвалены ў 1955 годзе. Пэўны час жыў на Радзіме, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 разам зь ёй жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пэнсію сям’я пераехала ізноў у Беларусь. Жыве ў Паставах.


Што для вас свабода?


Для мяне — гэта магчымасьць мець праўдзівыя сродкі інфармацыі, слухаць іх, аналізаваць.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Абыякавасьць многіх людзей да нашых нацыянальных каштоўнасьцяў.



Што для вас шчасьце?


Гэта здароўе і посьпехі ў жыцьці маіх дзяцей і ўнукаў і блізкіх мне людзей.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Зьнікненьня нашай мовы і нацыі.



Які талент вы хацелі б мець?


Хацець — гэта адно, але ж ён прыходзіць сам і ня часта.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Каталіцкімі сьвятарамі ўсходняга і заходняга абраду, якія з разуменьнем зьвярнуліся да нашай мовы, вядуць набажэнствы на ёй, чым

служаць і нашаму народу.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Люблю сялянскую працу, бо сам з роду земляробаў.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Немагчыма нічога зьмяніць, бо многае залежыць не ад нас.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Вярнуцца на Радзіму з Казахстану, дзе пражылі 24 гады.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Быць заўсёды сумленным чалавекам і патрыётам сваёй Радзімы.



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У дэмакратычнай і свабоднай.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У вольнай Беларусі.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У эпоху нашага сапраўднага адраджэньня.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Вярнуў бы нашы нацыянальныя сымбалі, абавязкова перавёў бы школы ўсіх узроўняў на беларускую мову, бо там інтэнсіўна куецца нацыянальная сьвядомасьць, а безь яе нічога немагчыма. А таксама перавёў бы на беларускую мову ўсе сродкі масавай інфармацыі і справаводзтва.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Паколькі мы — эўрапейцы, то мы павінны імкнуцца да сяброўства зь імі як палітычна, так і эканамічна.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Эканамічныя, гандлёвыя, суседзкія.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура — гэта страшна. А свая — яшчэ страшнейшая і яшчэ больш крыўдная.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Ня хутка і я, на жаль, гэтага не дачакаюся.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Ой ня хутка! Мелі мы, магчыма, адзіны шанец у сваёй гісторыі і не скарысталіся з гэтага, а цяпер цяжка будзе гэтага дачакацца. Але ж будзем мець надзею.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Зьнікнуць як нацыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG